5 траўня 2024, Нядзеля, 1:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Подпісы за бел-чырвона-белы сцяг перадаюць у Мінкульт

16
Подпісы за бел-чырвона-белы сцяг перадаюць у Мінкульт

Тысячу подпісаў за ўключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў сёння перададуць у Міністэрства культуры.

Збор подпісаў пад зваротам працягваўся з 5 чэрвеня па ініцыятыве «БМАgroup», «Арт Сядзібы» і «Рок-салідарнасці», перадае «Радыё Свабода».

Як адзначыў адзін з ініцыятараў кампаніі, дырэктар «Арт Сядзібы» Павел Белавус, лісты з подпісамі даслала каля 60 чалавек з усіх абласцей Беларусі. Большасць подпісаў сабраная ў Менску, адгукнуліся таксама жыхары Дзятлава, Чэрвеня, Маладзечна, Вілейкі, Клецка, Гродна, Магілёва, Віцебска, Гомеля і іншых гарадоў.

«Рок-салідарнасць» у межах кампаніі выдала дыск «сімвалы веры і свабоды».

Пад зваротам было пастаўлена каля 1000 подпісаў. У прыёмную Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь перададуць іх арыгіналы, а копіі - у Дэпартамент архіваў і справаводства Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і ў адміністрацыю прэзідэнта.

У звароце змяшчаецца просьба «паўторна разгледзець пытанне ўключэння бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь або надання іншага статусу гэтай нацыянальнай святыні, статус якой зараз ніяк не пазначаны».

Ініцыятары кампаніі нагадваюць уладам, што бел-чырвона-белы сцяг мае даўнюю гісторыю, быў дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 гады.

«Уключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь альбо наданне іншага статусу будзе спрыяць прымірэнню, паразуменню і міру на беларускай зямлі», - перакананыя аўтары звароту.

У 2010 годзе Міністэрства культуры ўжо давала адказ на аналагічны зварот. Тады яно не палічыла неабходным уносіць бел-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, спаслаўшыся на тое, што сцяг стаў сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі па прапанове дзяржаўнага сакратара БНР Клаўдыя Дуж-Душэўскага толькі ў пачатку 1919 года.

Зараз арганізатары кампаніі вырашылі нагадаць уладам, што менавіта пад гэтым сцягам даваў прысягу першы прэзідэнт Беларусі.

«Калі яго не прызнаюць гістарычнай і культурнай каштоўнасцю, то тады, атрымліваецца, можна выкрасліць першыя гады незалежнасці Беларусі, калі сцяг быў дзяржаўным», - мяркуе Павел Белавус.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках