4 траўня 2024, Субота, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як зарабляе грошы Дзіма Лукашэнка?

49
Як зарабляе грошы Дзіма Лукашэнка?

Элітная катэджная забудова, гандлёвы цэнтр, паліграфія - гэта не поўны пералік напрамкаў, якія сканцэнтраваныя пад эгідай прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Прэзідэнцкі спартыўны клуб, які з першага дня стварэння ў ліпені 2005 года ўзначальвае Зміцер Лукашэнка - сярэдні сын беларускага кіраўніка, называе сябе «некамерцыйнай арганізацыяй». У клуб аб'ядналіся «беларускія спартсмены, ветэраны спорту, трэнеры, кіраўнікі і выкладчыкі спартыўных школ, каб падтрымаць фізкультурна-аздараўленчы рух у краіне, стварыць неабходныя ўмовы для заняткаў спортам і фізічнай культурай, арганізацыі актыўнага адпачынку», паведамляецца на афіцыйным сайце ПСК.

Пад эгідай ПСК прайшло мноства спартыўных мерапрыемстваў, прычым упор робіцца на дзіцячы спорт. Клуб распрацаваў спецыяльную праграму, у рамках якой выплочвае стыпендыі перспектыўным спартсменам і трэнерам. За пяць гадоў стыпендыятамі сталі сотні чалавек. Акрамя таго, ПСК з'яўляецца арганізатарам буйных дабрачынных акцый, піша «Завтра твоей страны».

Каб забяспечыць свае праекты грашовымі рэсурсамі, ПСК з 2008 года пачаў займацца бізнесам. З тых часоў лік камерцыйных праектаў і сфер, у якіх прысутнічаюць інтарэсы клуба, вырас у некалькі разоў.

Ігральны вопыт

Першы камерцыйны праект, сузаснавальнікам якога ў 2008 годзе стаў ПСК, - латарэйны аператар ЗАТ «Спорт-пары». ПСК атрымаў ва ўласнасць дзве трэці статутнага фонду «Спорт-пары», а астатнюю падзялілі дзве структуры бізнесмена Уладзіміра Пефціева - «Сэн-Ко» і «Дзелавая сетка». На працягу 2008-2011 гадоў «Спорт-пары» атрымаў ліцэнзіі на ўкараненне электронных інтэрактыўных гульняў і інвеставаў у стварэнне адпаведнай інфраструктуры. Але ў 2011 годзе ў кампаніі ўзніклі праблемы з еўрапейскімі ўладамі, якія ўвялі санкцыі супраць Уладзіміра Пефціева і трох яго кампаній, сярод якіх апынуўся і «Спорт-пары».

Пефціеў у 2012 годзе прадаў долі ва ўсіх сваіх прадпрыемствах, у тым ліку «Спорт-пары», расейскаму бізнесмену Дзмітрыю Гурыновічу. У тым жа годзе гэтак жа паступіў і ПСК. Пакупніком долі клуба стала кампанія «Мірны спорт», заснаваная вядомым беларускім тэнісістам Максімам Мірным.

У траўні 2013 года Рада Еўразвяза адмяніла санкцыі ў дачыненні да двух былых кампаній, звязаных з Пефціевым - «Спорт-пары» і «Аквадзіў». Сёння ўладальнікамі латарэйнага аператара з'яўляюцца «БТ Тэлекамунікацыі» і «Мірны спорт».

Грузавая сучаснасць і будучыня

Да часу, калі «Спорт-пары» апынуўся ўцягнуты ў міжнародны скандал, звязаны з увядзеннем санкцый, ПСК і БелАЗ сталі сузаснавальнікамі ЗАТ Гандлёвага дома БелАЗ, якому былі перададзеныя эксклюзіўныя правы на продаж жодзінскай тэхнікі на расейскім рынку. Гандлёвы дом таксама мае долі ў некалькіх буйных дылерскіх кампаніях, якія забяспечваюць збыт і сэрвіс тэхнікі ў расейскіх рэгіёнах.

У свой час па такой схеме манапалізацыі збыту найбольш ліквіднай беларускай прадукцыі працавала Упраўленне справамі Лукашэнкі . У лік «манапольных пазіцый» уваходзілі менскія трактары, мікашэвіцкі граніт. Але самазвалы «БелАЗа» - гэта адна з самых прывабных пазіцый для вядзення бізнесу ў Расеі, паколькі жодзінскае прадпрыемства кантралюе больш паловы расейскага рынка.

ПСК стаў і сузаснавальнікам сумеснай зборачнай вытворчасці ў Кемераўскай вобласці - «КузбасБелАўта». У канцы жніўня 2013 года на вытворчасці ў Пракоп’еўску пабывала ўрадавая дэлегацыя на чале з віцэ-прэм'ерам Анатолем Калініным.

Акрамя ПСК, у лік акцыянераў «КузбасБелАўта» ўваходзяць старшыня савета дырэктараў Гандлёвага дома «БелАЗ» Віктар Кулуеў, расейскі холдынг «СДС-Вугаль», вядомы беларускі бізнесмен Юрый Чыж і чацвёра расейскіх грамадзян. Уладальнікамі групы «СДС» з'яўляюцца два расейскіх мільярдэра Уладзімір Грыдзін і Міхаіл Фядзяеў.

Грошы - у метры

У апошнія гады ПСК дастаткова актыўны на рынку сталічнай нерухомасці. Ён з’яўляецца ўдзельнікам некалькіх знакавых праектаў, якія сёння рэалізуюцца ў Менску і яго ваколіцах.

Адзін з іх - узвядзенне элітнага катэджнага пасёлка «Грынвіч» з прылеглым да яго гольф-полем. Заказчыкам праекта з'яўляецца СТАА «Гольф-клуб», за якім, па наяўных звестках, стаіць украінскі фінансіст Мікалай Лагун. У Беларусі ўкраінцу таксама належаць «Дэльта-банк», страхавыя кампаніі «Дэльта-страхаванне», «Пенсійныя гарантыі» і БНСПФ, доля ў сетцы крам «Родная сторона» .

У самім Менску ПСК мае дачыненне да гандлёвага цэнтру Green City у раёне мікрараёна Каменная Горка. Аб'ём інвестыцый у праект можа скласці 110 млн. даляраў. Забудоўшчыкам аб'екта з'яўляецца СТАА «ЕўраСтэпГруп», за якім стаяць расейская кампанія ЕўраТрэйд, Гандлёвы дом РБ, Еўрастэп, якія займаюцца дыстрыбуцыяй беларускіх малочных прадуктаў у Расеі і грузаперавозкамі. Іх уласнікам называецца Мікалай Іваноўскі.

Паліграфічная цікавасць

Нарэшце, у 2013 годзе ПСК выкупіў долю свайго партнёра, рэкламнага агенцтва «Рэмарк», у паліграфічным бізнесе - «Першай ўзорнай друкарні». Да гэтага, з 2010 года партнёры валодалі друкарняй на парытэтных пачатках.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках