7 траўня 2024, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азаранка выбілася ў фінал US Open

58
Азаранка выбілася ў фінал US Open

Другая ракетка планеты другі раз запар выйшла ў фінал адкрытага чэмпіянату ЗША ў тэнісе.

Як і год таму яе спаборніцай будзе лідарка сусветнага рэйтынгу амерыканка Серэна Уільямс, паведамляе БелТА.

У паўфінальным двубоі лепшая беларуская тэнісістка перамагла італійку Флавіюю Пенету, якая займае 83-е месца ў рэйтынгу СТА, у двух сэтах - 6:4, 6:2. Сустрэча, якая доўжылася крыху больш за паўтары гадзіны, была для Вікторыі няпростай, асабліва яе пачатак. У першай партыі абедзве спаборніцы часцяком бралі падачу адна адной, а свае ніяк не маглі узяць. Пераломны момант сэта, ды і, мабыць, усяго матчу наступіў пры ліку 5:4 на карысць беларускі, калі яе спаборніца здолела адыграць некалькі сэт-поінтаў. У гэты напружаны момант нервы ў Вікі выявіліся мацнейшымі, а ў другім сэце давесці матч да перамогі было прасцей: італійка не вытрымала націску Азаранкі, якая злавіла сваю гульню, і саступіла ёй дарогу да фіналу. На сёлетнім US Open перад перамогай у паўфінале Вікторыя Азаранка па чарзе падолела немку Дзіну Пфіцэнмайер (99) - 6:0, 6:0, прадстаўніцу Канады Аляксандру Вазняк (323) - 6:3, 6:1, францужанку Алізі Карнэ (28) - 6:7 (2:7), 6:3, 6:2, сербку Ану Іванавіч (15) - 4:6, 6:3, 6:4 і славацкую тэнісістку Даніэле Хантухавай (48- ы нумар сусветнага рэйтынгу) у двух сэтах - 6:2, 6:3.

Цяпер Вікторыю Азаранка ў вызначальным двубоі, які адбудзецца 8 верасня, чакае чарговае спатканне з Серэнай Уільямс. Напярэдадні ноччу самая нязручная апанентка беларускі ў СТА-туры даволі лёгка перамагла ў паўфінале шостую ракетку свету кітайскую тэнісістку На Лі - 6:0, 6:3.

Фінал на кортах «Флашынг Медоўз» стане для абедзвюх удзельніц другім запар: год таму ў драматычным трохсэтавым двубоі поспеху дабілася 31-гадовая амерыканка - 6:2, 2:6, 7:5. Агульны лік сустрэч 12/3 на карысць Серэны, але псіхалагічная перавага на баку 24-гадовай Вікторыі: надоечы, у фінальным матчы на турніры ў Цынцынаці, яна здолела вырваць перамогу ў Уільямс - 2:6, 6:2, 7:6 (8:6), а напачатку гэтага сезона была мацнейшай і ў вызначальным двубоі ў Досе - 7:6 (8:6), 2:6, 6:3. Адзіную перамогу над беларускай у гэтым сезоне амерыканка атрымала на грунтавым турніры ў Рыме - 6:1, 6:3.

У гэтым сезоне Вікторыя Азаранка, акрамя перамог у Досе і Цынцынаці, была лепшай на першым з чатырох турніраў «Вялікага шалома» - адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў Мельбурне (другі год запар). Усяго за сваю прафесійную кар'еру, распачатую ў 2003 годзе, Вікторыя 17 разоў перамагала на турнірах СТА. У фіналах «Вялікага шалома» яна згуляе ў чацвёрты раз.

Што да Серэны Уільямс, то яна пачала выступаць на турнірах пад эгідай СТА ў 1995 годзе і перамагла ў 54 спаборніцтвах, у тым ліку ў 16 з серыі «Вялікага шалома», сярод якіх 4 разы на адкрытым чэмпіянаце ЗША.

Фота: AP

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках