7 траўня 2024, aўторак, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Француз-экстрэмал катаецца на роліках з хуткасцю 100 км/г (Відэа)

16

Пакаранне за перавышэнне хуткасці магло б пагражаць яшчэ аднаму французу, але паліцыя пакуль не можа вызначыцца, да якой катэгорыі транспартных сродкаў яго залічыць.

Знакаміты на ўсю краіну экстрэмал перасоўваецца на 32 колах і носіцца на хуткасці 100 км/г. Ні стырна, ні тармазоў, і пры гэтым – ніводнай аварыі, паведамляе «Першы канал».

Не робат, і не прышэлец. Пры сустрэчы з ім патрэбны час, каб справіцца са здзіўленнем і злічыць колькасць колаў на ягоным целе. Яны паўсюль. На нагах, руках, грудзях, жываце, спіне і ледзь ніжэй.

На сваіх 32 Жан Іў Бландо развівае нечалавечую хуткасць. Асабісты рэкорд - 116 кіламетраў у гадзіну. Такі ўдзельнік руху не прадугледжаны ніякімі правіламі. Але для француза - экстрэмала што не забаронена, тое дазволена. Пакуль - ніводнай аварыі. Свой першы ролікавы касцюм ён вынайшаў 18 гадоў таму. Гэта была ягоная дыпломная работа ў Вышэйшай нацыянальнай школе мастацтваў Францыі.

«Я спачатку вывучыў механіку рухаў, пагутарыў з акрабатамі і гімнастамі на тэму балансавання, а потым метадам спроб і памылак прымацоўваў да розных частак цела розных памераў колы, пакуль не вывеў ідэальную формулу», - распавядае Жан Іў Бландо.

Касцюмы Бландо майструе ў гаражы свайго дома. Выкарыстоўваюцца падручныя сродкі, напрыклад, колы ад ролікаў і скэйтбордаў ён прымацоўвае да карбонавага корпуса з дапамогай мацаванняў ад вазкоў з супермаркетаў. Ніводная кампанія дагэтуль не пагадзілася на масавую вытворчасць яго вынаходкі. Затое незвычайную ідэю ацанілі ў Галівудзе. На паліцах асабістага міні-музея - ролікі знакамітасцяў, якія каталіся ў яго касцюмах.

Джым Кэры і Зоўі Дэшанель здымаліся ў касцюмах, якія Бландо спецыяльна стварыў для фільма «Заўсёды кажы так», а Джэкі Чана - у фільме «Даспехі бога: Місія Задыяк».

«У яго не было дастаткова часу на трэніроўкі, і пасля кожнай сцэны ён казаў: «О, гэта вельмі складана, о, як я стаміўся!» Але, нягледзячы на гэта, пасля здымак ён заўсёды катаўся дзеля задавальнення, праўда, за ім чалавек пяць бегалі і крычалі: не так хутка, не так далёка, гэта небяспечна!» - распавядае Жан Іў Бландо.

Такі касцюм важыць 13 кілаграмаў. Цяжкавата, шчыра кажучы, складана проста рухацца, не тое што каціцца. Сваё вынаходніцтва Жан Іў Бландо назваў багі ролінг. З ангельскай гэта можна перакласці як жук, які коціцца. Сапраўды, у такім становішчы адкрываецца від на свет вачыма кузуркі, толькі вялікага і вельмі хуткага і якому вельмі страшна.

Экстрым без тармазоў. Спыніцца, павярнуць або адрэгуляваць хуткасць можна толькі з дапамогай пэўных рухаў уласнага цела - ні паваротніка, ні тармазоў не прадугледжана. У такім касцюме Жан Іў Бландо ездзіць і на працу, і ў краму.

У такіх ролікавых даспехах чалавек можа катацца практычна ва ўсіх магчымых пазіцыях: на карачках, у паставе жабы, на спіне, жываце. Фактычна, як ні павернешся - усё роўна паедзеш.

«Калі я стамляюся ад хуткай язды, прымаю пазіцыю «канапа» і адпачываю! А потым зноў у шлях, зноў развіваю хуткасць!» - распавядае Жан Іў Бландо.

Паскоранымі тэмпамі Бландо рыхтуе сані летам. Да зімовага сезону ён дапрацоўвае новы экстрэмальны праект. Чалавек-ролік у снежні ператворыцца ў чалавека-лыжы.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках