15 траўня 2024, Серада, 22:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кім Чэн Ын павіншаваў карэйцаў з пакараннем смерцю дзядзькі

29
Кім Чэн Ын павіншаваў карэйцаў з пакараннем смерцю дзядзькі

Паўночнакарэйскі дыктатар у навагоднім тэлезвароце да народа ўпершыню пракаментаваў пакаранне свайго дзядзькі Чан Сон Тхэка.

Ён назваў яго «ачышчэннем партыі ад бруду», перадае BBC.

Па словах кіраўніка КНДР, гэты крок «у сто разоў» умацаваў адзінства краіны ў цэлым, і Працоўнай партыі Карэі ў прыватнасці. «Своечасовае і дакладнае рашэнне нашай партыі аб ліквідацыі антыпартыйных, антырэвалюцыйных элементаў дапамагло нам сцэментаваць салідарнасць унутры партыі», - сказаў Кім Чэн Ын.

Паўночнакарэйскі лідар таксама заклікаў паляпшаць адносіны з Паўднёвай Карэяй, паколькі новая вайна на Карэйскім паўвостраве прывядзе да маштабнага выкарыстання зброі масавага паражэння і ядзернай катастрофы, якая закране і ЗША.

Пры гэтым літаральна ў снежні Пхеньян, наадварот, рабіў ваяўнічыя заявы, паведамляючы пра гатоўнасць нанесці ўдар па Сеулу без папярэджання.

Паўночная і Паўднёвая Карэя знаходзяцца ў стане вайны ўжо больш за 50 гадоў. Карэйская вайна 1950-1953 гадоў так і не прывяла да заключэння міру, а на тэрыторыі Паўднёвай Карэі дыслакаваныя 28,5 тысяч вайскоўцаў ЗША, якія закліканыя супрацьстаяць пагрозе з Поўначы.

У аўторак паўночнакарэйская прэса таксама паведаміла, што Кім Чэн Ын пракаціўся на пад'ёмніку гарналыжнага курорта Масік, размешчанага ў 180 кіламетрах на ўсход ад Пхеньяна. Чакаецца, што пасля адкрыцця ў 2014 годзе там будуць штодня катацца да 5 тысяч лыжнікаў, перадае Reuters.

Кім Чэн Ын інвестуе грошы ва ўзвядзенне буйных аб'ектаў забаўляльнага прызначэння. Гаворка ідзе не толькі пра будаўніцтва курортаў, але і паркаў. Вялікую фінансавую дапамогу ў гэтым аказвае Кітай, які з'яўляецца галоўным саюзнікам Паўночнай Карэі. Акрамя таго, у КНДР шмат увагі надаюць будаўніцтву шматкватэрных дамоў.

«У гэтым годзе мы павінны адкрыць новую эру росквіту ў будаўніцтве, якое з'яўляецца адным з перадавых рубяжоў у справе стварэння магутнай дзяржавы і здабыцця народнага шчасця», - сказаў Кім Чэн Ын у сераду.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках