21 траўня 2024, aўторак, 11:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакупкі за наяўныя грошы абыдуцца даражэй?

10
Пакупкі за наяўныя грошы абыдуцца даражэй?

Банкам параілі павялічыць кошт інкасацыі папяровых грошай

Сэнс рэкамендацыі Нацбанка просты: зрабіць так, каб крамам было больш выгадна прымаць у пакупнікоў аплату карткай, а не наяўнымі. Крама ў кожным выпадку плаціць банкам. Купіў пакупнік хлеб і малако за гатоўку - крама вінная банку за перавозку і захоўванне выручкі (у касе яе захоўваць нельга). Хочаце заплаціць за прадукты карткай - крама вінная банку за ўстаноўку тэрмінала і яго абслугоўванне. Дарэчы, адна такая разумная машына каштуе каля 5 - 10 млн рублёў, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Раней за разлік па картцы банк браў з крамы ад 0,3 да 3%, а за інкасацыю - у сярэднім 0,25% ад агульнага памеру выручкі. Але ў канцы верасня Нацбанк выпусціў пастанову, у якой парэкамендаваў банкам павялічыць для крамаў тарыфы на інкасацыю і знізіць на эквайрынг (так называецца абслугоўванне пластыкавых картак). Прасцей кажучы, цяпер плацяжы гатоўкай будуць абыходзіцца крамам значна даражэй. За інкасацыю, а таксама здачу грошай у касу банкам раяць браць не менш за 1% ад агульнай сумы, а за абслугоўванне безнаяўных разлікаў - не менш за 0,8%.

У Нацбанку такую пастанову тлумачаць проста: да канца наступнага года палова ўсіх плацяжоў у краіне павінна быць безнаяўнаю, а цяпер іх доля складае ўсяго 19,9%. Аднак, паводле папярэдніх падлікаў спецыялістаў з Мінгандлю, у наступным годзе крамам і грамхарчу праз гэта давядзецца заплаціць банкам на 2 трыльёны рублёў больш (187 мільёнаў даляраў па цяперашнім курсе).

- Гэта абсалютна непад'ёмная лічба, яна складае больш за палову наяўнай рэнтабельнасці, якая ў нашых крам і так ніжэй за плінтус. Гэта афіцыйна стратная праца, якая доўга працягвацца не зможа: крамам прыйдзецца альбо закрывацца, альбо падымаць кошты, - абураецца Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. - Каб кампенсаваць гэтыя выдаткі, буйным крамам прыйдзецца павялічыць кошты прыблізна на 5%, а дробным - да 10%. І калі буйныя сеткі яшчэ змогуць пратрымацца, то маленькія крамы могуць пачаць масава зачыняцца. А гэта можа прывесці да манапалізацыі гандлю.

Нагадаем, паводле падлікаў чыноўнікаў, у наступным годзе інфляцыя не павінна скласці больш за 12%. Але калі крамам праз тарыфы прыйдзецца падняць кошты на 5 - 10%, у гэты прагноз мы ніяк не ўкладземся. На мінулым тыдні гэтую праблему абмяркоўвалі і ў Мінгандлі, і ва ўрадзе, але ніякіх зменаў у пастанову так і не ўнеслі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках