Дзмітрый Тымчук: У Данбасе - 3 тысячы расейскіх вайскоўцаў
5- 6.10.2014, 9:12
- 8,683
За мінулы дзень баевікі і расейскія войскі ўчынілі больш за 50 нападаў на сілы антытэрарыстычнай аперацыі.
Двойчы тэрарысты спрабавалі ўзяць штурмам аэрапорт «Данецк», штурмавыя дзеянні і баявыя сутыкненні былі зафіксаваныя ў раёне Нікішына і Папаснай. Усе атакі тэрарыстаў былі паспяхова адбітыя. Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» кіраўнік украінскага Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.
«Прадаўжаецца ратацыя расейскіх войскаў на Данбасе, - паведамляе ён. - Паводле нашых ацэнак, на сёння на тэрыторыі Данбаса знаходзіцца блізу 3 тысяч расейскіх вайскоўцаў.
У раён аэрапорта ў Данецку прыбыла чарговая партыя расейскай бронетэхнікі (да 10 адзінак), перададзеная вайскоўцамі РФ мясцовым баявікам з указаннем «берагчы тэхніку». Таксама да 10 адзінак расейскай бронетэхнікі перакінута ў раён Аўдзееўкі.
Назіраецца канцэнтрацыя падраздзяленняў рэгулярнага войска РФ у раёне Дакучаеўск-Наватроіцк-Альгінка і Новаазоўск-Камінтэрнава. Перакінутыя сюды раней падраздзяленні ўзмацняюцца бронетэхнікай і артылерыяй, ідзе схаванае засяроджванне рэзерваў на гэтых кірунках».
Зафіксавана прыбыццё ў раён Дакучаеўска канвою забеспячэння - да 30 грузавых аўтамабіляў. Атрады мясцовых тэрарыстаў, якія дзейнічаюць у раёне Данецка, патрабуюць ад кіраўніцтва «ДНР» і расейскага камандавання забеспячэння «зімовай формай», пагражаючы прыступіць да «канфіскацыі» цёплага адзення ў мясцовага насельніцтва.
У станіцы Луганскай назіраюцца сутычкі паміж асобнымі групоўкамі тэрарыстаў з ужываннем як лёгкай стралковай зброі (ЛСЗ), так і цяжкага ўзбраення. У перастрэлках удзельнічаюць атрады «ЛНР», расейскія казакі і непадкантрольныя кіраўніцтву «ЛНР» групы мясцовых тэрарыстаў. Таксама ў горадзе прысутнічаюць падраздзяленні «чачэнцаў», якія не ўдзельнічаюць у супрацьстаянні.
У раёне Свярдлоўска назіраюцца перастрэлкі паміж групамі мясцовых баевікоў і казакамі, якія прыбылі з Антрацыта.
У раёне Паўлапаль-Гнутава-Ключавое-Гранітнае цягам апошніга дня адзначалася актывізацыя дыверсійна-разведвальных груп супраціўнікаў. Асаблівая актыўнасць ДРГ супраціўніка адзначана ў раёне трасы Н20 Марыупаль-Данецк.