Парашэнка: Пагроза з усходу застаецца галоўным выклікам бяспецы Украіны
2- 20.12.2014, 18:51
- 7,323
Пётр Парашэнка лічыць пагрозу поўнамаштабнага ўварвання ворага галоўным выклікам бяспецы Украіны.
Пра гэта ён сказаў, адкрываючы пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, паведамляюць ««Украинские новости».
«Пагроза з усходу застаецца галоўным выклікам нашай бяспецы», - сказаў Пётр Парашэнка.
Паводле ягоных слоў, неабходна ўлічваць гэты фактар і быць гатовымі да магчымага наступу. Парашэнка ўпэўнены, што мірны план урэгулявання сітуацыі на ўсходзе, зафіксаваны ў менскім мемарандуме, павінны зарабіць.
Прэзідэнт Украіны ацэньвае штодзённыя выдаткі на правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны ў 100 млн грыўняў.
Пётр Парашэнка паведаміў, у наступным годзе будзе праведзеная новая частковая мабілізацыя. «Узнікае неабходнасць правядзення ў 2015 годзе цыклу частковых мабілізацый», - сказаў прэзідэнт Украіны, кажучы пра сітуацыю ў зоне АТА. Паводле ягоных слоў, мабілізацыю варта правесці паэтапна, у пэўныя тэрміны і з улікам усіх памылак, якія былі дапушчаныя падчас папярэдніх мабілізацый, паведамляе «Интерфакс».
Узровень фінансавання сферы абароны і бяспекі ў дзяржбюджэце на 2015 год будзе блізкі да 5% ад ВУП. Паказчык ваенных выдаткаў стане рэкордным для Еўропы, піша LB.ua. «Ёсць адзін артыкул выдаткаў, на якім мы эканоміць не маем права... Гэта тычыцца выдаткаў на абарону, - сказаў Парашэнка. - У праекце пастановы, які мы падрыхтавалі сумесна - толькі што скончыліся кансультацыі пры ўдзеле прэм'ер-міністра, вядучых сілавых міністраў, генеральнага пракурора, міністра фінансаў - мы вельмі наблізіліся, я так магу сказаць, да ўзроўню выдаткаў на бяспеку і абарону да ўзроўню 5% ад ВУП і выканалі тую задачу, якую паставілі тыя дэпутаты, якія ўвайшлі ў кааліцыю». Паводле ягоных слоў, сродкі будуць выдаткаваныя не толькі на бягучыя задачы, але і на стварэнне баяздольнага і эфектыўнага войска.