Лябедзьку прысудзілі да 15 дзён арышту
14- 17.03.2014, 19:00
- 15,018
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька асуджаны да 15 дзён арышту.
Пра гэта паведамляе ПЦ "Вясна".
Яго абвінавацілі паводле 2 артыкулаў: 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Паводле першага артыкула - 5 сдзён, паводле другога - 10 дзён арышту. Усяго - 15 дзён. Суддзя - Марына Фёдарава.
Таксама стала вядома, што ўдзельнік перадвыбарчага пікету Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Аляксандр Арастовіч асуджаны на 10 дзён арышту паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Такую пастанову прыняла суддзя суда Савецкага раёна Менска Марына Фёдарава.
Арастовіч разам з васьмю іншымі ўдзельнікамі пікету быў затрыманы 16 сакавіка на пляцоўцы ля Камароўскага рынку сталіцы. Яны трымалі партрэты дзесяці палітвязняў, піша БелаПАН.
Уладзіміра Раманоўскага прысудзілі да 10 дзён арышту. Суддзя - Кірыл Палулех. Актывістку Ганну Канапацкую прысудзілі да штрафу сумай 30 базавых адзінак.
Сёння ў гэтым жа судзе будуць разгледжаныя адміністрацыйныя справы Яўгена Храпава, Міхаіла Бабіло і Ганны Маёравай.