На памежным пераходзе ў Бераставіцы пабудуюць яшчэ адзін мост
3- 11.07.2014, 9:21
- 6,169
Мост на памежным пераходзе ў Бераставіцы прапануюць пабудаваць за міжнародныя сродкі.
Пра гэта стала вядома падчас прэс-канферэнцыі старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова ў Слоніме, піша мясцовае выданне «Вечерний Гродно».
Мост паміж дзвюма межамі, польскай і беларускай, на памежным пераходзе «Бераставіца - Баброўнікі» - не толькі вузкі масток для падарожных, але і прадмет даўняй спрэчкі. Шмат гадоў вызначаюць, хто павінен фінансаваць яго пашырэнне або будаўніцтва новага.
Гарадзенскі аблвыканкам прапануе рэалізаваць у рамках праграм транспамежнага супрацоўніцтва будаўніцтва другога моста на гэтым памежным пераходзе. Прапановы ўжо паступілі ў Беларуска-Польскую міжурадавую камісію ў пытаннях транспамежнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, пасяджэнне падкамісіі прайшло ў мінулую сераду ў Беластоку.
Абмяркоўвалі таксама і пашырэнне аўтамабільнай дарогі на памежным пераходзе «Брузгі - Кузніца».