11 снежня 2018, aўторак, 10:19
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Будучыня транспарту - за роварамі і электрамабілямі

15

Будучыня транспарту ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, - за экалагічна чыстымі сродкамі перамяшчэння, у прыватнасці роварамі і электрамабілямі.

Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 15 ліпеня ў Менску выказаў старшыня ўправы беларускай групы кампаній А-100 Аляксандр Цэнцер, піша БелаПАН.

Нагадаем, 11 ліпеня ў сталіцы зрабілі пункты бясплатнага пракату ровараў, арганізаваныя ў рамках летняй акцыі «Ровар за падзяку!» Групай кампаній А-100 супольна з Менскім веласіпедным грамадствам і філіялам «Бусел» ЗАТ «Мотавела Інтэр». Так, у парку Перамогі усталяваны стацыянарны пункт пракату ровараў. Мабільны пункт пракату цяпер знаходзіцца ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. За лета ён пабывае каля Палаца спорту, у парку Чалюскінцаў і на Кастрычніцкай плошчы. Узяць ровар напракат можна з 10.00 да 22.00 пры паказе пашпарта.

Са словах Цэнцера, ровар з'яўляецца «самым дэмакратычным відам транспарту», які «ўраўноўвае ўсіх». Ён нагадаў, што група кампаній А-100 запусціла праграму платнага пракату ровараў на сваіх заправачных станцыях у 2009 годзе. «Дагэтуль мы не чулі, каб хтосьці ў нас сур'ёзна падтрымліваў такі від паслуг», - адзначыў ён.

«Мы сур'ёзна верым у тое, што свет яшчэ пры нашым з вамі жыцці ператворыцца ў свет электрычнасці, свет без забруджванняў, - заявіў Цэнцер. - Так, гэта кажу я, прадстаўнік сеткі заправачных станцый. Мы сур'ёзна разлічваем на тое, што праз нейкі час мы застанемся без працы, але дагэтуль мы знойдзем чым займацца. А пакуль кампанія такім вось чынам ідзе шляхам пошуку чыстай, зялёнай будучыні».

Ён таксама паведаміў, што ў хуткім часе менчукі даведаюцца аб планах кампаніі, звязаных з эксплуатацыяй электрамабіляў у сталіцы.

У рамках летняй акцыі «Ровар за падзяку!» яе арганізатары правядуць «Шчаслівыя веласуботы», калі менчукі змогуць ўзяць удзел у семінарах бяспекі руху і навучыцца рамантаваць свой велатранспарт.

Акрамя таго, аўтары акцыі на некалькі дзён перасадзяць на ровары дзесяцёх вядомых менчукоў, правядуць конкурс «Дзелавы ровар» на самую велапрыязную арганізацыю, абследуюць веласіпедную інфраструктуру сталіцы, запусцяць сацыяльную рэкламу для прапаганды веласіпеднага ладу жыцця.

Фота: БелТА