13 лiпеня 2020, панядзелак, 18:36
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафесара Гарадзенскага медуніверсітэта звольнілі за крытыку ўладаў

11
Прафесара Гарадзенскага медуніверсітэта звольнілі за крытыку ўладаў

Прафесара Алеся Астроўскага яшчэ ў мінулым годзе прымушалі напісаць заяву на звальненне за інтэрв'ю незалежнаму сайту.

Доктар медыцынскіх навук, прафесар Гарадзенскага медуніверсітэта Алесь Астроўскі пасля 34 гадоў працы быў звольнены, нягледзячы на тое, што да пенсіі яму застаецца два з паловай гады. Згодна з афіцыйным тлумачэннем, ён не прайшоў конкурс на замяшчэнне пасады прафесара. Астроўскі быў адзіным выкладчыкам у Гарадзенскім медуніверсітэце, які дагэтуль чытаў лекцыі па-беларуску, паведамляе «Радыё Свабода».

- 34 гады працы ва ўніверсітэце, 20 з іх - на пасадзе прафесара, і раптам «не прайшоў конкурс на замяшчэнне пасады прафесара». Гэта такі цяжкі конкурс ці існуюць нейкія іншыя прычыны?

- Конкурс на маю пасаду - прафесар медыцынскай біялогіі і генетыкі - абвяшчаецца адзін раз на 5 гадоў. Звычайна гэта фармальная працэдура, калі да чалавека няма прэтэнзій. А да мяне ў працы не было ніякіх прэтэнзій. Акрамя таго, перад пасяджэннем вучонай рады ўніверсітэта адбылося галасаванне на кафедры - усе за мяне прагаласавалі. Да ўсяго, ніхто іншы, акрамя мяне, на гэтую пасаду не прэтэндаваў. І таму я падазраю, што прычына крыецца ў маёй грамадскай дзейнасці.

- Што вы маеце на ўвазе?

- У кастрычніку мінулага года я даў інтэрв'ю «Беларускаму партызану», у якім у пэўнай ступені пакрытыкаваў улады. Пасля гэтага інтэрв'ю мяне выклікаў рэктар, спадар Сняжыцкі, і запатрабаваў напісаць заяву аб звальненні з уласнага жадання. Я адмовіўся і пакінуў ягоны кабінет.

- А цяпер, звальняючы - усё ж такі 34 гады аддадзена ўніверсітэту, - хтосьці хоць падзякаваў за працу, паціснулі руку?

- Мяне таксама гэта ўсё здзівіла, бо ўсё ж 34 гады я выкладаў ва ўніверсітэце, а да гэтага яшчэ 6 гадоў тут адвучыўся. Ну і што? Тэлефануе мне сакратарка з аддзела кадраў, прычым нейкая новая, і праз тэлефон кажа некалькі фраз: вы не прайшлі конкурс і звольненыя, прыйдзіце і забярыце працоўную кніжку. На гэтым усё. Як кажуць, гэта стыль нашага кіраўніцтва, і ён сведчыць і пра агульны ўзровень культуры, і пра сітуацыю, у якой мы ўсе знаходзімся з такім кіраўніцтвам.

- А як да гэтага паставіліся вашыя калегі?

- Былі спробы маіх калегаў збіраць подпісы пад зваротам, але я параіў ім гэтага не рабіць, каб не падстаўляцца.

- Як ужо падлічылі журналісты, вы восьмы выкладчык ВНУ, якога звальняюць у Гародні. Гэта нейкая тэндэнцыя або нешта іншае?

- Мала таго, звольненых выкладчыкаў я ведаю як самых прыстойных, годных, як самых цікавых і глыбокіх, як самых сумленных і шчырых. І тое, што зрабілі і са мной, - гэта часткай якой-небудзь сістэмы, нейкага спісу выключэння выкладчыкаў патрыятычна настроеных, якія не адпавядаюць інтарэсам гэтай сістэмы, у якой зусім іншыя задачы. Цікава, ці не робяць гэта спецслужбы Расейскай імперыі, каб падрыхтаваць глебу для будучай анэксіі? Бо гэта цалкам нагадвае тэхналогію падрыхтоўкі краіны да будучай анэксіі.

- Сістэма не шкадуе не толькі тых, хто хоча гаварыць і рабіць так, як думае. Ад гэтага пакутуюць і малыя дзеткі - у вас іх трое...

- Малодшы пойдзе толькі ў першы клас - Васілёк. Ну, не думаюць яны пра гэта, але я нават і не хачу ўжо ўспамінаюць, не чалавечая гэта сістэма, што зробіш. Усе гэтыя размовы, што за 3 гады да пенсіі не звальняюць... Мяне звольнілі за два з паловай гады. Што выкладчыкі, якія адпрацавалі 30 гадоў, маюць права пайсці на датэрміновую пенсію - чуткі. Дапамога сацыяльная на біржы працы складае 300 тысяч рублёў. Паводле сённяшняга курсу гэта менш даляра ў дзень на маю сям'ю, я яе, мабыць, браць не буду. А ў мяне сям'я шматдзетная, і ўсе трое дзетак малыя.

- Алесь, вы адзіны выкладчык у медуніверсітэце, які чытаў лекцыі па-беларуску. Як думаеце - гэта пакінула нейкі след у душах вашых студэнтаў?

- Акрамя лекцый, у мяне і семінары на беларускай мове праводзіліся, метадычкі, дысертацыю я абараніў па-беларуску. Мова ніколі не перашкаджала. Калі я пачынаў чытаць лекцыі, то тлумачыў, якая мова павінна быць на беларускай зямлі, тлумачыў, што гэта не бытавая праблема, а праблема лёсу народа. І студэнты гэта ўсё разумеюць, ні разу не было ніякіх праблем. Акрамя таго, да нас у групу прасіліся займацца студэнты з арабскіх краін, азіяцкіх. Яны стараліся з усіх сіл, і з іх боку не было ніякіх прэтэнзій, бо яны ведалі, што так і павінна быць.

- Пра што б мы ні казалі, але 34 гады жыцця выкладчыка раптам перапыненыя, трэба жыць чымсьці іншым. А як?

- Я калі паступаў на працу ў медыцынскі ўніверсітэт, найвялікшай каштоўнасцю для мяне была магчымасць займацца навукай. Навука - гэта мая любоў і мая мара і надалей. А з гадамі, калі назапасіўся досвед, то сваю працу я пачаў успрымаць як місію. Праўда, у мяне заўсёды былі і мары, і, магчыма, цяпер для іх адкрыўся шанец. І я спрабую падтрымліваць у сабе гэты агеньчык, што раптам гэта мой шанец на новае жыццё.

- Я бачу, вы забралі з універсітэта нейкіх рыбак - гэта проста вашае хобі ці ўсё ж любоў, якую вы называеце навукай?

- Ну вось тое, што я атрымаў на кафедры шмат рыбак, - гэта адзін з праектаў распрацоўкі мадэлі, якая б дазваляла ацэньваць аб'ектыўную якасць вады. Якасць вады - гэта вялікая праблема ў наш час. А я, да прыкладу, правёўшы даследаванні, буду ведаць, з якога крана лепш браць ваду або з якой крыніцы. Ну, гэта толькі адзін з праектаў...

- І ўсё ж, чым збіраецеся заняцца ўжо бліжэйшым часам?

- Натуральна, шукаць працу, бо першае пытанне - патрэбныя грошы, каб жыць. А калі з'явяцца нейкія варыянты прапаноў, то пачну выбіраць.