3 траўня 2024, Пятніца, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння цыгарэты яшчэ больш небяспечныя, чым 60 гадоў таму

23
Сёння цыгарэты яшчэ больш небяспечныя, чым 60 гадоў таму

Тытунь забівае кожнага другога спажыўца.

60 гадоў таму быў абнародаваны даклад Surgeon General, у якім упершыню апісваўся згубны ўплыў тытуню на здароўе. З тых часоў тытунёвая прамысловасць змяніла публічную пазіцыю, аднак зусім не зрабіла цыгарэты менш небяспечнымі, піша французскае выданне «Atlantico» (пераклад - Inosmi.ru).

Выданне падае інтэрв'ю з Жэрарам Дубуа - чальцом французскай Нацыянальнай акадэміі медыцыны.

- Брытанская антытытунёвая асацыяцыя параўнала справаздачу Surgeon General 1964 года пра шкоду тытуню з дакумэнтамі, якія былі апублікаваныя тытунёвай прамысловасцю. Выснова напрошваецца сам сабой: калі верыць паперам, сёння цыгарэты нашмат больш небяспечныя, чым былі 60 гадоў таму назад. Але ці напраўду цыгарэты сталі больш небяспечныя? Што змянілася ў іх складзе?

- Калі прааналізаваць вынікі розных эпідэміялагічных даследаванняў, паказчыкі смяротнасці ў сувязі з курэннем не мяняюцца ў залежнасці ад самой цыгарэты. Змяніўся, мабыць, акурат існы ў нас панятак цыгарэты.

Тытунёвая прамысловасць хацела прымусіць людзей паверыць у тое, што яе цыгарэты не так небяспечныя. Адсюль і ўзнік панятак «лёгкіх» цыгарэт і цыгарэт з фільтрам. Напраўду ж было высветлена, што лёгкія і звычайныя цыгарэты, з фільтрам і без, з’яўляюцца адной і той жа пагрозай. Па-сапраўднаму змяніліся толькі ўсяго некалькі тыпаў цыгарэт. Так, у 1950-1960-х гадах існавалі сапраўды вельмі «цяжкія» цыгарэты, паліць якія было яшчэ больш небяспечна для здароўя, чымся звычайныя.

Пасля з'яўлення вынікаў першых даследаванняў, якія пацвердзілі небяспеку тытуню, вытворцы пачалі вырабляць цыгарэты з фільтрам. Аднак гэта спарадзіла праблему: сапраўдны фільтр не мог задаволіць курцоў - яны ўдыхалі, але праз яго нічога не праходзіла. Таму ў прамысловасці прыдумалі падробныя фільтры, якія не стрымлівалі шкодныя рэчывы, а толькі зніжалі іх канцэнтрацыю. У іх існуюць нябачныя воку адтуліны, якія ўпускаюць цыгарэтны дым і распаўсюджваюць яго па фільтры. Курцы могуць асабіста пераканацца ў тым, што асяродак фільтра набывае карычневае адценне, а на ўскрайках ён становіцца ўсё бялейшы. А гэта толькі даводзіць, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе не пра фільтрацыю шкодных рэчываў, а толькі пра рассейванне дыму. Як бы там ні было, з'яўленне фільтра спрыяла сцвярджэнню веры ў тое, што цыгарэты сталі не такімі небяспечнымі.

Яшчэ адным распаўсюджаным метадам стала дадаванне ў склад новых рэчываў (у прыватнасці цукру і левулінавага квасу) для памяншэння горычы і змякчэння дыму: тым самым вытворцы імкнуліся прывабіць да свайго тавару жанчын і моладзь. Тытунёвая прамысловасць ніяк не магла пакінуць без увагі неахопленую палову чалавецтва. Акрамя таго, з пэўнага моманту ў цыгарэты сталі дадаваць аміяк, каб паскорыць траплянне нікаціну ў мозг.

- Чаму вытворцы тытуню пачалі дадаваць такія рэчывы ў цыгарэты?

- Галоўным чынам, каб змякчыць іх смак і/або прынадзіць больш людзей. Так, напрыклад, калі ўзяць цыгарэты з мэнтолам, вытворцы выявілі, што афраамэрыканскаму насельніцтву вельмі падабаецца смак мэнтола. Таму яны знарок стварылі гэты прадукт, які арыентаваны на пэўны пласт насельніцтва. Пры гэтым прычыны такой прыхільнасці чарнаскурага насельніцтва да мэнтола так і засталіся нявысветленымі. Галоўным быў сам факт.

Акрамя таго, трэба разумець, што першы досвед курэння зазвычай выходзіў вельмі непрыемны. Пасля людзі палілі далей толькі дзеля нікаціну. Дадаванне мэнтола, цукраў і левулінавага квасу спрыяла змякчэнню першых зацяжак і ўключэнню новых пластоў насельніцтва, такіх як жанчыны і моладзь.

Што да дадавання аміяку, нікацін зазвычай сустракаецца ў дзвюх формах: у вольнай форме і ў сувязі з іншымі рэчывамі. У другім выпадку гаворка ідзе пра вялікія малекулы, якім складаней прайсці праз альвеолы і трапіць у кроў. У вольнай форме малекула наадварот вельмі малая, што палягчае траплянне ў кроў і мозг. Пры кожным удыху аміяк спрыяе ўтварэнню вольнага нікаціну і тым самым фармуе больш моцны нікацінавы пік, які, да таго ж, паступае ў мозг хутчэй.

Ля вытокаў гэтага дадатку стаяць Philipp Morris з Marlboro. Спачатку цыгарэты Marlboro сталі сапраўдным крахам у камэрцыйным плане, аднак дадаванне ў склад аміяку прынесла велізарны поспех. Прысутнасць аміяку было выяўленая менавіта пры даследаванні складу Marlboro. Астатнія вытворцы нават не паспрабавалі хоць неяк асудзіць такую развязку, а пачалі рабіць тое ж самае. Больш за тое, яны нават сталі вырошчваць генетычна мадыфікаваныя гатункі тытуню, каб кантраляваць утрыманне нікаціну, падтрымліваць яго на зададзеным узроўні на працягу ўсяго вытворчага працэсу і яшчэ больш узмацніць прывязванне спажыўцоў. Таму ў знакамітай піпцы Жазэ Бавэ напраўду ГМА-тытунь!

- Паводле звестак асацыяцыі, сёння мы выкурваем менш цыгарэт, чым паўстагоддзя таму, аднак іх шкода для здароўя стала ў разы большая. Як менавіта павялічылася небяспека ў параўнанні з 1964 годам?

- Калі паглядзець на вынікі першых і апошніх эпідэміялагічных даследаванняў, становіцца ясна, што тытунь забівае кожнага другога спажыўца. Гэты лік так і застаўся нязменны. Вытворцы тытуню ў сваю чаргу ўсяляк падказваюць (але ніколі не кажуць шчыра), што іх новыя тавары не так шкодныя для здароўя. Тым самым яны павялічылі колькасць спажыўцоў. Але дапраўды небяспека засталася ранейшай! Адзінае адрозненне ў тым, што лёгкія цыгарэты з фільтрам або без даюць больш мяккі і менш канцэнтраваны дым. У выніку курэц робіць больш глыбокі ўдых, і рак пускае карані глыбей у лёгкіх і бронхах.

Нам стала пра гэта вядома толькі таму, што ў 1998 годзе ў ЗША прайшоў судовы працэс супраць некаторых тытунёвых кампаній, якім давялося апублікаваць шэраг афіцыйных дакумэнтаў. Я сам азнаёміўся з гэтымі паперамі і казаў пра іх у кнізе «Дымавая заслона» (Le rideau de fumée). Самі звесткі і выкарыстаныя ў дакумэнтах паняткі проста ў галаве не ўкладваюцца!

- Мэта дадавання вытворцамі гэтых рэчываў, пэўна, у тым, каб прывабіць як мага больш людзей, найперш некурцоў і моладзь. Хіба гэта не добрая прычына, каб зрабіць захады не супраць спажыўцоў, а супраць самой тытунёвай прамысловасці? Якія крокі можна і трэба зрабіць ураду супраць гэтай галіны?

- Існуе пяць мэтадаў, што давялі сваю дзейснасць, якія можна выкарыстоўваць паралельна адзін з адным. Менавіта так лепш за ўсё пайсці ў наступ на лідэраў тытунёвай прамысловасці:

- трэба выдаліць усю рэкламу;

- трэба па-сапраўднаму павялічыць кошт тытуню з дапамогай стрымальнае сістэмы падаткаабкладання;

- трэба забараніць курэнне ў грамадскіх месцах;

- трэба весці асветніцкую работу;

- трэба сфармаваць цэнтры дапамогі ў вызваленні ад тытунёвай залежнасці.

Такія захады ўжо былі зробленыя ў Францыі, і гэта дзейнічае! Было адзначана, што 10% павелічэнне кошту тытуню зніжае яго спажыванне ў сярэднім на 4% і на 8% сярод моладзі і малазабяспечаных пластоў насельніцтва.

- Якія складнікі вытворцы тытуню могуць паспрабаваць дадаць у будучыні? Якімі наступствамі для здароўя гэта можа быць небяспечна?

- Адказаць на гэтае пытанне наўрад выпадзе: тытунёвая прамысловасць гатовая на ўсё, нягледзячы на ўстаноўлены за ёй пільны кантроль. Існуе спіс дазволеных для выкарыстання ў якасці дадатку рэчываў, але нам невядома, ці пільнуюцца яго вытворцы. Акрамя таго, сёння з'явілася новая еўрапейская дырэктыва, якая створыць перашкоды для некаторых галін тытунёвай прамысловасці. Пакуль яна яшчэ не ўвайшла ў дзеянне, але мы ўжо цяпер можам канстатаваць уважлівы нагляд за ўсімі дадаткамі. На розныя дадаткі цяпер прыпадае 15% масы цыгарэты. Вытворцы яшчэ далёка не пераможаныя, але мы рухаемся наперад у гэтым кірунку.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках