3 траўня 2024, Пятніца, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладая мама з Менска абвандравала паўсвету з аднагадовым малым

75

Ксенія і Марк разам наведалі больш за дваццаць краін, здзейснілі больш за сорак пераездаў і пералётаў.

Чым звычайна займаюцца мамы ў дэкрэце? Дзіцем, домам, сядзяць у інтэрнэце... Ксенія Вяцкая - падарожнічае. Стаўшы мамай, дзяўчына наважыла адкрыць свет зноўку, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Калі сыну было паўгода, я знайшла свае дзіцячыя геаграфічныя кнігі, стос атласаў і апавяданні, напісаныя гадоў у сем... Сядзела сярод гэтага набытку з дзяцінства і зразумела, што напраўду хачу падарожнічаць! - успамінае Ксенія. - Сёння Марку крыху больш за два гады. Ён зімаваў у Барсэлоне, еў у смак веснавую руколу ў Крыме, спатыкаўся аб пражскі брук, блукаў па блышыных рынках Брусэля і Бона, снедаў у Бялградзе, Чарнагорыі... За год малы і мама наведалі 21 краіну, здзейснілі 36 пераездаў на цягніках і дзевяць пералётаў.

- Няўжо нескладана, ён жа яшчэ малеча?

- Не буду казаць, што заўсёды лёгка... Складана. Асабліва доўгія пераезды. Кожнае дзіця ў стрэсавай сітуацыі пачынае нервавацца. І плакаць. Навакольных, гэта, вядома раздражняе. Ды мне і самой, калі шчыра, таксама не зусім камфортна, калі побач дзеці разрываюцца. Мне пашанцавала ў гэтым плане, я дастаткова доўга карміла грудзьмі, таму супакоіць Марка было чым.

- А як навакольныя да гэтага ставіліся? Іх не шакавала мама з аголенымі грудзьмі ў самалёце?

- Я наогул думаю, што саромецца гэтага не варта. Хоць парачку незадаволеных каментароў па гэтай падставе чуць усё ж даводзілася. Звычайна такім людзям я задаю сустрэчнае пытанне: «А вам не сорамна есці перада мной снікерс?». На гэтым усё сканчалася. А наогул у Еўропе ад выгляду мамы, якая корміць грудзьмі, людзі захапляюцца. Бо там такога дэкрэтнага адпачынку, як у нас, няма. На працу выходзяць ужо праз паўгода. Таму і грудзьмі ніхто не корміць.

Цяпер Марк ужо не груднячок, таму ў дарозе даводзіцца знаходзіць іншыя забаўкі. У нас заўсёды з сабой запас вады, яблыкаў-печыва, зручны абутак, гігіенічная памада. Заўсёды ў заплечніку ўлюбеная кніжка. Ну, калі ўжо зусім справы дрэнь, дастаю мабільны тэлефон. Марку ў ім падабаюцца некаторыя дадаткі. Але гэта ўжо найгоршы выпадак. Іншым мамам магу параіць не адзяваць дзяцей у паездках, як капусту. Калі заплакаў - распраніцеся, дайце папіць, памяняйце памперс...

- Падарожнічаць з малым занадта дорага?

- Пакуль Марку не споўнілася два гады, было прасцей: у самалётах білет каштаваў 20 - 30 еўра або нават танней. У гатэлях у аднапакаёвы нумар можна папрасіць ложачак бясплатна, а ў самых «цывільных» нас сялілі ў нумары лепшыя за замоўленыя. У хостэлах агульныя пакоі не для нас, але калі ёсць толькі жаночыя - бярэм іх. Стаўленне заўсёды добрае, малога і накормяць, і пагуляюцца. На доўгую паездку, прыкладна на месяц, звычайна сыходзіць прыкладна 1000 - 1300 еўра. На тыднёвую - блізу 500.

- А з лекарамі перад паездкамі кансультуецеся?

- Лекары не ведаюць дзіця лепш, за маці. У трывожных сітуацыях можна здаць кроў, паглядзець колькасць лейкацытаў - і нешта вызначыць. А мой досвед паказвае, што смаркачы не прычыняюцца да смяротнага зыходу. Каб падстрахавацца ў плане здароўя, перад падарожжам лепш аформіць страхоўку. А наогул трэба разумець, што хварэюць усе дзеці. Таму пад рукой заўсёды трэба мець лекі першай неабходнасці. У мяне, напрыклад, з сабой заўсёды ёсць гомеапатычны супрацьзапаленчы сродак.

- На твой погляд, стаўленне да дзяцей за мяжой і ў Беларусі адрозніваецца?

- Магу распавесці вельмі паказальную гісторыю ў гэтым плане. Яна адбылася ў Бялградзе. Там да дзяцей ставяцца як да золата. А дэмаграфічную праблему развязваюць вельмі якаснай дзіцячай інфраструктурай і клопатам аб мамах. Мне вельмі падабалася там адная кавярня. Усе крэслы і столікі там спецыяльна павернутыя да дзіцячых пляцовак, якія там знаходзяцца даслоўна на кожным кроку - сучасныя, яркія, цікавыя, бяспечныя. Дык вось, пакуль малыя гуляюць, мамы могуць адпачыць, выпіць найсмачнейшае кавы і пры гэтым сачыць за дзіцем. Пры гэтым яны не турбуюцца, што хтосьці іх выганіць, або падумае, што яе дзіця занадта шумнае. Але самае цікавае ў тым, што ўсе цацкі там агульныя. Машынкі і лялькі мамы адтуль не забіраюць. Проста акуратна складаюць, а назаўтра прыходзяць і зноў гуляюць.

- Ксюша, дай параду мамам, якія збіраюцца ў падарожжа з дзіцем ўпершыню.

- Як па мне, так спрабаваць падарожнічаць трэба як мага раней. Ідэальна, калі падчас першай паездкі дзіця знаходзіцца на грудным кармленні. Тады праблем з ім наогул не будзе. Пры гэтым калі падарожнічаць вы сабраліся летам, выбірайце краіну з больш прахалодным кліматам. І наадварот. Узімку лепш ехаць у больш цёплыя краіны.

Тады вашае дзіця будзе адчуваць сябе лепш і імавернасць таго, што яно захварэе, будзе меншая. І яшчэ! Я б раіла ехаць у падарожжа без сябровак. У адваротным выпадку вам увесь час давядзецца адна да аднае падладжвацца. Каб не стаяць доўгія чэргі ў аэрапорце, выбірайце для падарожжа тыя авіялініі, якія для мам з малымі прапануюць прыярытэтныя пасадкі.

Парады ад Ксенія для мам, якія падарожнічаюць з дзецьмі

1. Пад рукой заўсёды павінны быць вада, улюбёная перакуска дзіцяці, кніга з малюнкамі, вільготныя сурвэткі і зменнае адзенне. У большасці аэрапортаў мамам з дзецьмі дазваляюць праносіць сваю ваду, а не купляць дарагую ў крамах аэрапорта.

2. Перад пералётам азнаёмцеся з палітыкай авіякампаніі ў дачыненні да маленькіх дзяцей, даведайцеся, якія ў вас ёсць бонусы.

3. Экскурсіі і прагулкі па горадзе плануйце з улiкам рэжыму малечы: музеі да дзённага сну, пасля - дзіцячыя пляцоўкі і прагулкі на прыродзе. Найлепш чаргаваць мерапрыемствы цікавыя для мамы з мерапрыемствамі, займальнымі для малога.

4.Каб у дзіцяці пры ўзлёце і пасадцы не закладвала вушы, корміце яго грудзьмі, паіце, забаўляеце.

5.Уважліва выбірайце ежу для дзіцяці за мяжой: будзьце асцярожныя са спецыямі, сырамі і грыбамі.

6.Бярыце з сабой вазок, ён спатрэбіцца для спакойных шпацыраў. Для свабоды перамяшчэнняў - слінг або эргазаплечнік.

7. ТОП-5 месцаў у Еўропе, якія можна наведаць з малым: Стакгольм, Бялград, Барсэлона, Прага, Юрмала.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках