3 траўня 2024, Пятніца, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нунцый Гуджэроці: Не бойся, беларускі народ!

50

Моцную пропаведзь прачытаў у Будславе пасланнік Ватыкана.

Святкаванне 400-годдзя прысутнасці цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

У рамках урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, якія ў гэтым годзе праходзяць 4-5 ліпеня, ноччу адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Імшы папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай з удзелам амаль 3000 паломнікаў.

Тэкст выступу нунцыя прыводзіць Catholic.by.

«Эксцэленцыя, гэта ваша святыня, ваш народ, вы заручаны з гэтым народам, і радуйцеся гэтаму святу! Дарагія святары, калі гэтыя людзі сёння тут, - гэта значыць, што нехта паклапаціўся пра іх. Кансэкраваныя асобы, вы - душа гэтага народа, якая моліцца, і яна перадалася народу ў малітве. І вы, дарагія браты і сёстры, якія напоўнілі сёння гэтую плошчу больш густа, чым зоркі на небе, - глядзіце на свет вашых свечак, бо за кожнай з іх ёсць чыёсьці сэрца», - звярнуўся Апостальскі нунцый да прысутных біскупаў, святароў, манахаў і ўсіх вернікаў.

«Марыя, наша Маці, мы збіраемся вакол Цябе, каб у Цябе прасіць дапамогі і Табе аддаць хвалу», - звярнуўся арцыбіскуп да Маці Божай. Успамінаючы словы першага з літургічных чытанняў, іерарх звярнуў увагу, што ў іх Бог суцяшае Марыю: «Радуйся, дачка Сіёна, весяліся і радуйся ад усяго сэрца». «Чаму ёсць патрэба суцяшаць Марыю? Бо Яна бачыць чалавечыя сэрцы і зло, якое ёсць у іх, і, як для кожнай маці, гэта для Яе вельмі балюча, - растлумачыў прадстаўнік Папы, дадаўшы, што вышэйшы знак гэтага цярпення - укрыжаваны Сын Божы».

«Сёння мы паўтараем: радуйся, Марыя. Радуйся, нават калі вакол слёзы, калі працягваюцца вайны, калі забіваюць людзей. Радуйся, Марыя, бо мы збіраемся тут не для таго, каб разглядаць нашы грахі, а для таго каб узірацца ў нашу будучыню, падораную нам смерцю Сына Твайго, - дадаў арцыбіскуп, - дарагія браты і сёстры, давайце сёння забудзем пра нашы грахі. Вядома, яны ёсць, але калі б Бог не стварыў нам сапраўды вялікія справы, нас бы сёння тут не было».

Са слоў іерарха, «кожнаму з нас Бог кажа: «Радуйся, трыумфуй, бо Я з вамі». «Гэта сапраўдны цуд - тое, што Бог сабраў вас тут», - падкрэсліў Апостальскі нунцый. Таксама арцыбіскуп запэўніў вернікаў: «Папа хацеў бы быць з вамі і папа ёсць з вамі: ён з вамі, калі вы плачаце і калі ўсміхаецеся».

Іерарх звярнуў увагу на прадстаўлены ў літургічным чытанні вобраз Бога, які суцяшае Марыю. «Бог суцяшае вас, беларускі народ, - адзначыў прадстаўнік Святога Айца. - Вы - народ, які, як Марыя, бачыў смерць Яе Сына».

Згадваючы аб будслаўскім касцёле, арцыбіскуп сказаў: «Гэты касцёл застаўся, і ў ім застаўся вобраз, з якога Маці Божая дабраслаўляе свой народ. Гэты вобраз напісаны ў сэрцы кожнага з вас, і ніхто не зможа сцерці яго з вашых сэрцаў».

«Таксама і вы стаялі пад крыжам закатаванага Хрыста. Таксама і вы былі целам Хрыста ўкрыжаванага. Як на рукі Марыі было пакладзена мёртвае цела Ісуса - так Яго закатаванае цела лягло і на рукі беларускага народа. Колькі разоў у вашай гісторыі на вашы рукі хацелі пакласці мёртвае цела Хрыста, але пасля трох дзён вы стаялі перад Хрыстом уваскрослым», - адзначыў арцыбіскуп.

Са слоў Апостальскага нунцыя, «Другое запрашэнне, накіраванае Богам да Марыі, а таксама да беларускага народу - «не бойся, хай не слабнуць рукі твае». Не бойся, беларускі народ, нават калі цяжка, нават калі трэба плакаць - не бойся»- заклікаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што «страх - тое, што забівае нас: ці не канкрэтная рэчаіснасць, а страх будучыні», «страх перашкаджае нашым стасункам, перашкаджае нам сустракаць адзін аднаго на вуліцах і дома», «страх часта загадвае нам не казаць тое, што мы думаем, не паказваць тое, што адчуваем», «страх кажа: заставайся на сваім месцы, там, дзе ты цяпер».

Згадваючы, што беларускі народ называюць найбольш цярплівым у свеце, іерарх адзначыў: «Цярпенне - вялікая цнота, пры ўмове, што яна не ператвараецца ў недахоп павагі да сябе. Сёння на вас глядзіць Маці Божая і кажа: хай не слабнуць вашы рукі.

І ў цябе ёсць будучыня, беларускі народ, і перад табой ёсць дарога, нават калі ты яе не бачыш, - Бог падрыхтаваў гэтую дарогу для цябе, - звярнуўся Апостальскі нунцый да вернікаў. - Твой Бог сярод цябе цяпер у гэтай Эўхарыстыі, і заступніцтва Яго Маці таксама з табой».

«Не бойся - гэта словы, скіраваныя да кожнага з вас, і іх крычаў Ян Павел II падчас свайго пантыфікату, - дадаў арцыбіскуп. - Беларускі народ, не дазволь самому сабе пагасіць у табе жыццё, не стань сваім уласным катам». Іерарх падкрэсліў, што «ўвесь свет, гледзячы ў вочы гэтага народа, які будзе адчуваць сябе каханым Богам, адчуе, што Бог жыве».

4 ліпеня, у першы дзень урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася Імша для пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных дыяцэзій Беларусі. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Урачыстым уручэннем індульгенцыі 5 ліпеня 2014 года ў Нацыянальным санктуарыі завяршылася святкаванне Юбілейнага года 400-годдзя прысутнасці цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе. Таксама яна была прысвечана ўдзячнасці Богу за кананізацыю Яна Паўла II. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках