Парашэнка возьме ўдзел у саміце NATO
2- 4.09.2014, 10:44
- 5,868
Прэзідэнт Украіны ў Ньюпорце возьме ўдзел у саміце, на якім NATO карэнным чынам перагледзіць свае стасункі з Расеяй.
4-5 верасня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка наведае з рабочым візітам Вялікабрытанію, дзе ў Паўднёвым Уэльсе ў горадзе Ньюпорт возьме ўдзел у саміце NATO.
Плануецца, што прэзідэнт выступіць на пасяджэнні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Альянсу, возьме ўдзел у пасяджэнні Камісіі Украіна-NATO, а таксама правядзе шэраг сустрэч, піша liga.net.
Парашэнка пачне свой удзел у саміце з сумеснай сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам, прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам, канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэм'ер-міністрам Італіі Матэо Рэнцо і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.
Таксама прадугледжваюцца двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтамі Францыі Франсуа Аландам, Польшчы Браніславам Камароўскім, Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам, Канады Стывенам Харпэрам, дзяржаўным сакратаром ЗША Джонам Кэры, а таксама з генеральным сакратаром NATO Андэрсам Фог Расмусэнам.
На саміце NATO будзе абмяркоўвацца новая стратэгічная сітуацыя, якая склалася на еўразійскай прасторы пасля анэксіі Крыма Расеяй і эскалацыі вайсковых дзеянняў у Данбасе.
Падчас саміту таксама будзе абмяркоўвацца пытанне аб стварэнні сілаў хуткага рэагавання NATO, а таксама вайскова-тэхнічная і гуманітарная дапамога, якую можа даць Украіне NATO ў цэлым і асобныя сябры гэтай арганізацыі.
На саміце NATO карэнным чынам перагледзіць свае стасункі з Расеяй праз яе дзеянні да Украіны. У прыватнасці, гаворыцца, што рада Расея-NATO будзе захаваная, аднак аб партнёрстве перамовы ўжо ісці не будуць.