Марголін: Шанцы атрымаць крэдыт ад Расеі істотна зменшыліся
7- 28.01.2015, 11:55
- 14,599
"Смеццевы" рэйтынг Расеі ўдарыць па Беларусі.
Міжнароднае агенцтва (S&P) панізіла суверэнны крэдытны рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з інвестыцыйнага "ВВВ-" да спекулятыўнага ("смеццевага") узроўню "ВВ+". Эканаміст Леў Марголін мяркуе, што гэтая пастанова ўдарыць і па Беларусі.
Эканаміст Леў Марголін мяркуе, Беларусь у вялікай ступені залежыць ад рэйтынгу РФ, паколькі разлічвае на расейскі крэдыт, без якога будзе вельмі складана абысціся.
"Пазычыць грошы на Захадзе для афіцыйнага Менска не па кішэні. А Маскве цяпер гэта абыдзецца яшчэ даражэй, чым нам. Такім чынам, нашы шанцы атрымаць крэдыт ад Расеі зменшыліся", - распавёў ён у інтэрв'ю сайту "Заўтра тваёй краіны".
З ягоных слоў, эканамічныя ўлады Беларусі сур'ёзна ставяцца да такіх рэйтынгаў.
"Для Беларусі, якая 20 гадоў жыве ў крэдыт, міжнародны рэйтынг вельмі важны, бо ад яго залежыць, наколькі танна можна пазычаць грошы на Захадзе. Але рэйтынг нашай краіны невысокі", - нагадвае эканаміст.
Каб падняць рэйтынг, кажа экспэрт, неабходна, перш за ўсё, спыніць умяшальніцтва ў фінансавую сферу, павялічыць золатавалютныя рэзервы.
"Усе рэйтынгавыя агенцтвы ацэньваюць рызыкі інвестараў, крэдытораў. Калі грошы просіць пазычыць краіна, у якой практычна не засталося валютных рэзерваў, крэдытор разумее, што яны прызначаюцца для выратавання эканомікі. Адпаведна, узрастаюць патрабаванні крэдытора", - падкрэслівае аналітык.
Для краіны з высокім рэйтынгам, са слоў экспэрта, атрымаць крэдыт цалкам рэальна.
"Заходнія банкі цяпер плацяць вельмі нізкія адсоткі. Таму кожны, у каго ёсць вольныя грошы, хоча іх укласці, каб яны прыносілі прыбытак. Але такі інвестар ўсё роўна выбірае краіну з высокім рэйтынгам, каб захаваць свае ўкладанні", - адзначае Леў Марголін.