2 траўня 2024, Чацвер, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дагулялася наша міліцыя да беларускай Врадзіеўкі»

25

Бунт жыхароў украінскага пасёлка стаў адным з прадвеснікаў Майдана. Ці ўлічаць гэты ўрок беларускія ўлады?

Калі ў СМІ з'явілася гісторыя пра тое, як галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай футбола на ўваходзе на стадыён абшукаў АМАП, адзін з калегаў-журналістаў змясціў яе ў «Фэйсбуку», суправадзіўшы заўвагай: «Гэта ўсё, што вам трэба ведаць пра беларускі футбол». У каментарах было трапна заўважана: «Гэта не пра футбол, а пра ўсё», піша «Салiдарнасць».

З гэтай заўвагай складана не пагадзіцца. Калі да сістэматычнага прэсінгу актывістаў апазіцыі і футбольных фанатаў з боку сілавікоў усе ўжо практычна прывыклі, то брутальнае затрыманне бяздомнага і інваліда ў менскай падземцы выходзіць за гэтыя звыклыя рамкі.

Наўрад ці можна з поўнай упэўненасцю ўважаць такія інцыдэнты адзінкавымі. На карысць гэтага кажа наступны факт: у сярэдзіне кастрычніка ў прэсу патрапіла чарговая гісторыя: мянчук распавёў журналістам, што быў збіты супрацоўнікамі міліцыі на станцыі метро «Плошча Леніна» ў пачатку жніўня. Раней ён перанёс аперацыю праз анкалагічнае захворванне.

Яшчэ адна гісторыя здарылася ў сакавіку 2010-га. Тут, як і ў апошніх выпадках, таксама фігуруе інвалід і метро. Малады мужчына на станцыі «Кастрычніцкая» атрымаў траўму ў сутычцы з хуліганамі. Выклікаў міліцыю. І не вярнуўся дадому. Яго знайшлі з раздробленым чэрапам у адным з дамоў на вуліцы Гараўца. Перад гэтым усю ноч ён правёў у Ленінскім РУУС. Праз некалькі дзён ён памёр. Бацькі вінавацяць у яго смерці міліцыянтаў.

Дазволю сабе выказаць здагадку, што ў нашы дні гісторыі, падобныя тым, што адбыліся ў метро ў верасні, стала больш складана хаваць. Праз тое, што практычна ў кожнага мінака ёсць камера ў мабільным тэлефоне.

Пытанне аб бяскарнай жорсткасці праваахоўнікаў некалькі гадоў таму падымаў журналіст Зміцер Растаеў.

У тым, што разам з актывістамі апазіцыі ад міліцыі ўсё часцей дастаецца і шараговым абывацелям, няма нічога дзіўнага. У сітуацыі ўсёдазволенасці гэта выглядае цалкам лагічна: калі можна біць у падваротні ўмоўнага «Лябедзьку», то чаму нельга выкінуць з інваліднай каляскі бяздомнага, «псуюць» статыстыку ў раёне?

Хто давядзе першым да Майдана?

У затрыманых у Барысаве футбольных фанатаў міліцыянты спыталі: «Вы хочаце, каб было, як у Луганску, дзе бандэраўцы дзяцей ядуць?»

Гэта не адзіны выпадак, калі сілавікі вінавацяць затрыманых актывістаў у жаданні «разваліць краіну, як ва Украіне». Часцей за ўсё, на сведчанне апазіцыянераў, такія абвінавачванні гучаць з боку спецназаўцаў, што традыцыйна разганяюць акцыі пратэсту.

Гэта добрая ілюстрацыя да пытання аб тым, хто на самай справе можа справакаваць беларускі Майдан. Успомніце, якой была рэакцыя дзесяткаў мінакоў на жорсткае затрыманне Дзмітрыя Арцёмава ў метро. Самы свежы прыклад - вёска Страдзеч Берасцейскага раёна, дзе мясцовыя жыхары зладзілі стыхійны мітынг і заблакавалі аўто ДАІ.

У абодвух выпадках абурэнне людзей выклікалі дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Справа Крашковай і Макар

Пасля гісторыі са сляпым ў метро давялося пачуць фразу: «дагуляюцца нашы «мянты» да беларускай Врадзіеўкі». Для тых, хто прызабыў або не ў курсе, нагадаю, пра якую Врадзіеўку ідзе гаворка.

Гэта сяло ў Мікалаеўскай вобласці Украіны стала імем намінальным, сімвалам міліцэйскага бязмежжа, якое ўзарвала цярпенне простых украінцаў.

У ноч з 26 на 27 чэрвеня 2013 года трое мужчын жорстка збілі і згвалцілі мясцовую жыхарку 29-гадовую Ірыну Крашкову. Пасля гэтага жанчыну паспрабавалі забіць. Але яна выжыла і змагла выбрацца з лесу да пасёлка.

Врадзіеўка - пасёлак невялікі. Пацярпелая пазнала сваіх катаў, паказаўшы на двух афіцэраў міліцыі - капітана Яўгена Дрыжака і старэйшага лейтэнанта Дзмітрыя Палішчука, а таксама на мясцовага егера Сяргея Рабіненку.

Першымі затрымалі Палішчука і Рабіненку. Адмова пракуратуры затрымаць Дрыжаку выклікала масавыя пратэсты мясцовых жыхароў. Алею ў агонь падліла вестка пра тое, што абодва міліцыянты мелі сваяцкія сувязі ў вярхах.

Каля тысячы жыхароў Врадзіеўкі ачапілі аддзяленне міліцыі і паспрабавалі ўзяць яго штурмам. Па ўсёй Украіне пракаціліся акцыі пратэсту. Дрыжак быў арыштаваны. Але і пасля гэтага яго землякі не супакоіліся і арганізавалі пешы марш у Кіеў, прайшоўшы больш за 400 км, ладзячы ў спадарожных гарадах мітынгі. Падчас расследавання стала вядома пра іншыя згвалтаванні і забойствы ў Врадзіеўцы, якія мелі падабенства са справай Крашковай.

У выніку міліцыянты былі асуджаныя на 15 гадоў калоніі кожны, таксіст атрымаў 11 гадоў, многія міліцэйскія і пракурорскія чыны пазбавіліся пасад.

Трагедыі ў Врадзіеўцы папярэднічала не менш рэзанансная справа Аксаны Макар, згвалтаванай і знявечанай да паўсмерці 9 сакавіка 2012 года ў Нікалаеве. Праз 20 дзён яна памерла, паспеўшы назваць імёны трох сваіх катаў. Двое з іх неўзабаве былі выпушчаныя пад распіску аб нявыездзе. У прэсе з'явіліся паведамленне, што гэта былі дзеці мясцовых чыноўнікаў.

Такая пастанова праваахоўнікаў выклікала пратэсты па ўсёй краіне. Пра справу Макар пісалі сусветныя СМІ. Суд скончыўся для аднаго з падсудных пажыццёвым тэрмінам, сыны чыноўнікаў атрымалі па 14 і 15 гадоў.

Адной з галоўных асаблівасцяў справы Макар было тое, што масавыя пратэсты першапачаткова былі стыхійнымі, яны зыходзілі ад простых грамадзян, абураных беспакаранасцю дзяцей чыноўнікаў і спробамі замяць справу з боку ўладаў.

Украінскі ўрок

Аб Врадзіеўцы чарговым разам успомнілі ў першыя дні Еўрамайдана, калі журналісты і экспэрты рабілі першыя спробы асэнсаваць прычыны яго ўзнікнення.

Як адну з прычын падзей у Кіеве гэтую трагедыю ўспаміналі і пазней. Вось прыклады загалоўкаў: «Еўрамайдан як працяг Врадзіеўкі», «Врадзіеўка, як іскра, што запаліла Майдан!».

У артыкуле «Хронікі Майдана. Як развівалася і да чаго прывяла другая ўкраінская рэвалюцыя» ёсць адзін характэрны момант, да болю нагадвае рэаліі нашай краіны: «Было б наіўна меркаваць, што Еўрамайдан стаў толькі адказам на пастанову Кабміна адмовіцца ад еўраінтэграцыі. Майдан - гэта агульны паказчык стану грамадства ў канкрэтна ўзятай краіне. Ва Украіне ён быў выкліканы татальнай карупцыяй, сацыяльнай няроўнасцю, самаўпраўнасцю праваахоўных органаў, ціскам на бізнс, агульнай палітыкай улады па «закручванню гаек».

Першыя ластаўкі гэтых праяў ужо мелі месца на тэрыторыі Украіны. Але выкліканыя яны былі праявай агульных праблем на прыватных выпадках. У 2013 украінскія ўлады тых першых ластавак не заўважылі.

Ці пойдзе на карысць украінскі ўрок беларускім уладам?

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках