Някляеў кліча беларусаў на акцыю ў гадавіну «рэферэндуму» 1996
2- 24.11.2015, 10:57
- 12,456
Палітык і паэт Уладзімір Някляеў заклікае беларусаў прыйсці ўвечары 24 лістапада на плошчу і запаліць свечкі з нагоды 19-й гадавіны другога «рэферэндуму».
Пра гэта палітык напісаў у сваім блогу на «Беларускім партызане».
«19 гадоў таму, 24 лістапада 1996 года, быў праведзены другі лукашэнкаўскі «рэферэндум».
Сваім першым «рэферэндумам» у 1995 годзе Лукашэнка скасаваў беларускую мову, пазбавіў беларусаў спрадвечных нацыянальных сімвалаў.
Праз другі «рэферэндум» ён замацаваў сваё права на пажыццёвую ўладу, усталяваў у Беларусі дыктатуру.
У абодвух выпадках ён учыніў гвалт над Канстытуцыяй, учыніў дзяржаўнае злачынства, за што падпадае суду і пакаранню», - нагадвае Някляеў.
Каб нагадаць пра гэта, ён заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян прыйсці на акцыю з нагоды 19-й гадавіны 2-га «рэферэндуму». З сабой браць свечкі, лампадкі, партрэты зніклых палітыкаў, беларускія нацыянальныя сімвалы.
Збор - у аўторак, 24 лістапада, а 18.00 на праспекце Незалежнасці, 21 (каля ГУМа).
Раней экс-палітвязень Мікалай Статкевіч таксама заклікаў беларусаў прыйсці на акцыю.