Жыхар Бабруйска праверыў дзеянне газавага балончыка на міначцы
15- 17.02.2015, 16:17
- 12,772
У Бабруйску затрыманы 19-гадовы мясцовы жыхар, які распыліў газавы балончык у твар пенсіянеркі, якая праходзіла міма.
Пра гэта паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца УСК Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.
З яе слоў, 15 лютага 19-гадовы навучэнец вечаровай школы, праходзячы па вуліцы Батава, пырснуў змесцівам газавага балончыка ў твар 77-гадовай мясцовай жыхаркі, якая ішла яму насустрач. "Жанчына стала клікаць на дапамогу, збегліся людзі, і хтосьці запомніў гэтага маладзёна. Да канца дня ён быў затрыманы супрацоўнікамі дэпартамента аховы і крымінальнага вышуку", - сказала Саленюк.
"На першым допыце ён стаў тлумачыць следчаму, што набыў балончык для адпужвання сабак і наважыў выпрабаваць яго на кім-небудзь з мінакоў", - паведаміла прадстаўніца УСК.
У дачыненні да хлопца распачатая крымінальная справа за злоснае хуліганства.