23 траўня 2024, Чацвер, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязню Аліневічу не перадаюць лісты і газеты

4
Палітвязню Аліневічу не перадаюць лісты і газеты

Валянціна Аліневіч сустрэлася з сынам у калоніі.

Пра гэта маці палітвязня Ігара Аліневіча распавяла charter97.org.

«У суботу адбылося кароткатэрміновае спатканне, - паведаміла яна. - Усё, як звычайна. Выехалі з Менска ўранку, не ведаючы, дадуць нам з мужам убачыць яго ці не. На гэты раз спатканне адбылося, але права на перадачу, якая пакладзеная адзін раз у чатыры месяцы, ён пазбаўлены. Наяўнасць шкла і размова праз тэлефонную трубку не спрыялі даверлівасці гутаркі. Але бачыць і чуць блізкага чалавека, нават не маючы магчымасці абняць яго - гэта заўсёды вялікая радасць. Шмат пытанняў аб тым, што дзеецца ў свеце. Ва ўсім адчуваецца самы сапраўдны інфармацыйны голад. Газеты «Новы Час» і «Свабодныя Навіны» яму не аддаюць, хоць рэдакцыя пастаянна высылала і высылае яму кожны нумар. Большая частка лістоў з невядомых прычын таксама не даходзіць да Ігара. Асабліва гэта тычыцца ягоных расейскіх сяброў. Тыя лісты, у якіх я пішу аб расейскіх і ўкраінскіх падзеях, таксама не даходзяць. І што ўжо зусім незразумела для мяне, не прапусцілі каментары да Крымінальнага Кодэксу. Хоць у Наваполацкай калоніі ўсю законатворчую літаратуру прапускалі бесперашкодна».

Са слоў маці палітвязня, цяпер Ігара Аліневіча перавялі ў новы, 7 атрад.

«Часу пасля працы застаецца вельмі мала, але імкнецца пабольш чытаць, вывучаць эканоміку, - кажа яна, - вялікае ўражанне на яго зрабіў лёс рускага эканаміста Мікалая Кандрацьева, стваральніка тэорыі «доўгіх хваляў» і загінулага ў 1937 годзе. Спрабуе экстрапаляваць гэтую тэорыю на нашу рэчаіснасць. Кажа, што па ягоных разліках мы толькі ў пачатку эканамічнага крызісу, а не на ягоным дне. На жаль, падручнік па эканоміцы, які быў на ангельскай мове, яму таксама не аддалі. На мае пытанні пра здароўе, адказаў, што ўсё ў парадку, хоць чорныя кругі пад вачыма сведчаць пра іншае. Турбуецца пра іншых палітычных і проста зняволеных. Знервавала вестка пра тое, што Мікалаю Дзядку прызначаны суд. Не падзяляе катэгарычна пункт гледжання «Платформы» аб тым, што ў турэмнай сістэме Беларусі намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі. Не бачыць ніякіх падставаў для такіх сцвярджэнняў. У гэтых варунках цалкам падзяляе пункт гледжання Алеся Бяляцкага.

Калі мы прыехалі, на горцы, насупраць калоніі, стаяла чыясьці мама, якая з самай раніцы чакала свайго сына. Яго павінны былі выпусціць на волю ў гэты дзень. Я спадзяюся, што яны нарэшце сустрэліся».

Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зняволення, нібыта, «за хуліганскія дзеянні што да афіцыйных будынкаў». Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Раней ён адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку, якая ўважалася за самую дрэнную з экалогіі. У пачатку года было пастаноўлена аб яе расфармаванні. У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што Ігар Аліневіч этапаваны ў калонію «Віцьба». А ўжо праз невялікі час на палітвязня пачаўся моцны ціск і ён правёў цэлы месяц у ШІЗА.

Ігар Аліневіч прызнаны палітвязням міжнароднай і беларускай праваабарончай супольнасцю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках