Парашэнка: Працэс, які пачаўся ў Менску, не павінен выклікаць ілюзій
4- 14.03.2015, 19:55
- 11,908
Няма ніякіх ілюзій, што пагроза з Расеі адышла або зменшылася.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас нарады з губернатарамі абласцей аб забеспячэнні мабілізацыі, дэмабілізацыі вайскоўцаў і збудаванні фартыфікацыйных збудаванняў уздоўж лініі абароны, паведамляе "Украінская праўда".
"Працэс, які пачаўся роўна месяц таму ў Менску, ні ў якім разе не павінен ні ў каго стварыць ніякіх ілюзій, што пагроза адышла або зменшылася. Сітуацыя патрабуе дакладных і скаардынаваных дзеянняў, якія значна павялічаць абараназдольнасць Узброеных Сіл, магчымасці абароны дзяржавы", - адзначыў Парашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў важнасць збудавання эфектыўнай лініі абароны.
"З улікам нашага досведу, найлепшых узораў праектаў фартыфікацыйных збудаванняў, бліндажоў, размяшчэнне апорных пунктаў, у самыя кароткія тэрміны павінны пабудаваць высокаэфектыўную, глыбокаэшаланаваную абарону", - заявіў Парашэнка.
Паводле ягоных слоў, кожны рэгіён павінен далучыцца да будаўніцтва ўмацаванняў.
"Кожная вобласць павінна зрабіць свой пасільны ўклад у фартыфікацыйныя работы, калі мы не хочам сустракаць ворага на мяжы ў сваім горадзе", - падкрэсліў прэзідэнт. Таксама ён падкрэсліў, што за кожнай вобласцю будзе замацаваная частка работ, за тэрміны выканання і якасць якіх яна будзе адказваць.
Пры гэтым Парашэнка адзначыў высокі ўзровень выканання мабiлiзацыйных заданняў у Вінніцкай, Хмяльніцкай, Чаркаскай, Кіеўскай, Ровенскай абласцях. Не менш важным для ўмацавання абарончых магчымасцяў ёсць і працэс дэмабілізацыі, падкрэсліў Парашэнка. "Павінны забяспечыць эфектыўны адвод часткі падраздзяленняў, дэмабілізацыі", - дадаў прэзідэнт і адзначыў патрэбу забеспячэння эфектыўнай рэабілітацыі тых, хто вяртаецца з зоны баявых дзеянняў.