«Ваўкоў» Пуціна ў Беларусі сустракалі на ўзроўні адміністрацыі Лукашэнкі
59- 27.04.2015, 8:57
- 29,140
Скандальны мотапрабег «Начных ваўкоў» у Беларусі сустракалі на самым высокім узроўні.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным прыезду расейскіх байкераў, бралі ўдзел чыноўнікі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, улады Менскай вобласці, БРСМ. «Начныя ваўкі» перасеклі тэрыторыю нашай краіны 26 красавіка, пабываўшы ў Хатыні і на Кургане Славы. Сёння яны паспрабуюць трапіць у Еўрапейскі Звяз праз беларуска-польскую мяжу, піша БелаПАН.
У рэпартажы тэлеканала АНТ у праграме "Контуры" з наведвання расейскімі байкерамі Кургана Славы ў Смалявіцкім раёне быў паказаны намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Бузоўскі.
«Паняцце міру, паняцце дабра, паняцце будавання - я спадзяюся, што менавіта з гэтымі думкамі хлопцы праязджаюць не толькі па Рэспубліцы Беларусь, але і па іншых краінах. І іх праца, я называю гэта працай, гэтая акцыя - вельмі цяжкая праца, праца ў выхаванні маладога пакалення, ў выхаванню людзей, якія дзесьці, можа быць, пачалі і забываць, што такое Вялікая Перамога, яна будзе неабходная, яна будзе патрэбная, запатрабаваная цягам доўгіх і доўгіх гадоў», - сказаў чыноўнік журналістам.
На Кургане Славы «Начных ваўкоў» сустракаў не толькі Бузоўскі, але і прадстаўнікі ўладаў Менскай вобласці і сябры БРСМ.
За пераходам байкерамі беларуска-польскай мяжы ў Берасці будзе назіраць прадстаўнік расейскай амбасады, паведаміў журналістам кіраўнік групы ўдзельнікаў мотапрабегу «Дарогі Перамогі. Масква - Берлін» Андрэй Баброўскі. З ягоных слоў, дыпламат будзе фіксаваць усе парушэнні, калі такія будуць пры перасячэнні мяжы.
Баброўскі адзначыў, што ніякіх перашкодаў з боку беларускіх уладаў пры пераездзе з Масквы да Кургана Славы не ўзнікла. Удзельнікі групы ехалі з хуткасцю 110-120 км у гадзіну ў суправаджэнні ДАІ.
Нагадаем, у сярэдзіне красавіка сябры расейскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», з якім сябруе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвясцілі аб правядзенні з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабег у гонар 70-годдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Берлін праз Менск, Берасце, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады. Лідар клуба Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ.
Планы расейскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны маюць намер наведаць у рамках акцыі.
24 красавіка МЗС Польшчы перадаў у амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіў групе расейскіх матацыклістаў ва ўездзе на польскую тэрыторыю, паведамляе інтэрнэт-выданне.