Дэпутаты Еўрапарламента ўзялі шэфства над беларускімі палітвязнямі
1- 13.05.2015, 8:55
- 20,571
Дэпутаты Еўрапейскага парламента новага склікання зноў наважылі ўзяць апякунства над беларускімі палітвязнямі.
Пра гэта тэлеканалу «Белсат» распавяла жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Апякунства еўрапейскіх парламентарыяў над палітычнымі вязнямі павінна паказаць беларускім уладам, што каштоўнасці дэмакратыі застаюцца адзінымі нават на фоне вялікіх геапалітычных зрухаў, адзначыла Адамовіч.
Гэтая ініцыятыва еўрапейскіх дэпутатаў азначае, што ў кожнага з беларускіх палітычных зняволеных з'явіўся прадстаўнік у дэмакратычных інстытутах еўрапейскіх краін.
«Гэта чалавек, які, як мы (родныя палітвязні) спадзяемся, будзе сачыць за падзеямі вакол нашых блізкіх і будзе нагадваць еўрапейскім палітыкам аб тым, што ў Беларусі, на жаль, дэмакратычных змен не адбываецца, будзе дамагацца, каб з нашай дапамогай нашы родныя былі на волі і Беларусь зноў вярнулася ў шэраг дэмакратычных краін», - заўважыла Марына Адамовіч.
12 траўня ў Брусэлі адбылася сустрэча сваякоў беларускіх палітвязняў з прадстаўнікамі Еўрапейскага парламента. Адным з пасланняў афіцыйнаму Менску стала стварэнне ў Еўрапарламенце спецыяльнай групы, якая будзе сачыць за лёсам палітвязняў у Беларусі.