20 лiпеня 2024, Субота, 15:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Узровень патрабаванняў ЕЗ да Беларусі не павінен зніжацца

1
Алесь Бяляцкі: Узровень патрабаванняў ЕЗ да Беларусі не павінен зніжацца
Алесь Бяляцкі

Пагаршэнне варункаў утрымання палітвязняў шчыльна звязана з перадвыбарнай сітуацыяй у краіне.

Так пракаментаваў учарашнюю пастанову суда аб справе экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", былы палітвязень Алесь Бяляцкі, піша сайт ПЦ "Вясна".

"Рэч у тым, што Працэсуальна-выканаўчы кодэкс і правілы ўнутранага распарадку ў беларускіх калоніях вельмі шырока трактуюць абавязкі зняволеных і даюць магчымасць адміністрацыям калоній караць тых зняволеных, каго яны мяркуюць патрэбна караць. Прычым такія прыёмы, як вынясенне спагнанняў за нязначныя парушэнні, вельмі часта выкарыстоўваюцца суб'ектыўна, без якіх-небудзь зразумелых і аб'ектыўных крытэраў", - адзначыў Бяляцкі.

"Вельмі часта, каб прынізіць годнасць і гонар зняволеных, для такіх пакаранняў выкарыстоўваюцца дробныя прычыны, якія і парушэннямі назваць вельмі цяжка. У выпадку з Мікалаем Статкевічам, я проста перакананы, былі выкарыстаныя акурат вось такія фармальныя парушэнні, прычым усё было зроблена ў вельмі кароткі тэрмін, мэтанакіравана, у выніку чаго яму быў заменены рэжым утрымання на больш цяжкі", - адзначае праваабаронца.

Ён звярнуў увагу на тое, што, выступаючы ў судзе з апошнім словам, Статкевіч заявіў: ён ні пры якіх умовах не будзе пісаць прашэнне аб памілаванні, чаго ад яго так доўга чакаюць улады. Як мяркуе Бяляцкі, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай ціску на Статкевіча. "Улады знаходзяць такія незаконныя сродкі ціску, каб прымусіць яго напісаць прашэнне аб памілаванні. Для чаго гэта робіцца? Магчыма, для таго, каб знішчыць ягоны пэўны аўтарытэт, знішчыць ягоную прынцыповую пазіцыю", - мяркуе праваабаронца. Такія метады, нагадаў ён, актыўна практыкаваліся супраць савецкіх дысідэнтаў у 1970-1980-я гады, "калі з іх таксама выбівалі практычна такія ж прашэнні аб памілаванні".

На думку Бяляцкага, "ціск, які робіцца сёння на палітвязняў, гэта зразумелы і несхаваны сігнал, які разлічаны ў першую чаргу на беларускае грамадства, актывістаў, тых людзей, якія, магчыма, думаюць удзельнічаць у будучай выбарчай кампаніі".

Пагаршэнне варункаў утрымання палітвязняў, мяркуе праваабаронца, "вельмі шчыльна звязана з перадвыбарнай сітуацыяй у краіне - гэта робіцца для таго, каб трымаць высокі ўзровень страху ў грамадстве і псіхалагічна ціснуць на іншых грамадскіх і палітычных актывістаў". "Такія адназначна рэпрэсіўныя метады падкрэсліваюць, што правы чалавека ў Беларусі груба парушаюцца, і такая сітуацыя вельмі ненармальная", - заяўляе Бяляцкі.

Ён заклікаў беларускае грамадства "да кансалідацыі і больш актыўных дзеянняў у абароне правоў чалавека ў Беларусі". "Грамадзянскай супольнасці трэба актыўна і рашуча рэагаваць на такія выпадкі, дамагацца, каб той узровень патрабаванняў да захавання правоў чалавека, які выстаўляўся да Беларусі з боку ЕЗ, не зніжаўся. Каб мы не апынуліся ў такой сітуацыі, калі ў нас сядзяць і будуць сядзець новыя палітвязні, а паралельна з гэтым эканамічныя стасункі і палітычныя кантакты Захаду з Беларуссю паляпшаюцца", - падкрэсліў Бяляцкі.

"Адна з асноўных задач беларускіх праваабаронцаў - казаць пра гэта на ўсіх узроўнях, дамагаючыся зніжэння ўзроўню парушэнняў правоў чалавека, які на сёння ў Беларусі дастаткова высокі", - заявіў былы палітвязень.

Нагадаем, 4 траўня на закрытым пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17 была прынятая пастанова аб узмацненні жорсткасці ўмоў утрымання апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча і пераводзе яго на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). Статкевіч прызнаны вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаванні патрабаванням кіраўніцтва калоніі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках