23 снежня 2024, панядзелак, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот-2015 - працяг Плошчы-2010

93
Байкот-2015 - працяг Плошчы-2010
Андрей Санников

Пісьменная абарона дапаможа знясіліць апанента і перайсці ў наступ.

Калісьці ў Беларусі былі выбары: і парламенцкія, і прэзідэнцкія. Калісьці Беларусь была нават парламенцкай рэспублікай. Аднак партыйная наменклатура захацела большага і памяняла Канстытуцыю, прызначыўшы для Беларусі прэзідэнцкую ўладу. Да гэтай ўлады прыйшоў Лукашэнка, які адразу пачаў знішчаць сам інстытут выбараў.

Для гэтага ён стварыў спецыяльную каманду. І выбараў у Беларусі не стала.

Галоўная мэта «прэзідэнцкіх выбараў» - дамагчыся легітымнасці на Захадзе. Расейскіх грошай даўно ўжо не стае, каб трымацца на плаве. Пляваць Лукашэнка хацеў на гэты Захад, але там грошы, там інвестыцыі, без якіх рэжым можа і абрынуцца. Вось дзеля гэтых грошай і патрэбная легітымнасць, і даводзіцца праводзіць «выбары».

У 2010 годзе дыктатар думаў, што ў яго ўсё атрымалася: апазіцыя забітая і задушаная, а Захад ужо гатовы фінансаваць «дажынкі». Але грамадзяне Беларусі пастанавілі інакш. Людзі падтрымалі альтэрнатыву дыктатарскаму рэжыму і выйшлі на Плошчу, каб сказаць сваё «не» злачыннай уладзе. Перапалоханы Лукашэнка збег у бункер і адтуль кіраваў разгонам мірнай дэманстрацыі. Развязаўшы супраць народа нябачаныя ў сучаснай Беларусі рэпрэсіі, ён утрымаў уладу, але той страх будзе з ім да канца ягонага кіравання. Мужнасць людзей, якія выйшлі ў моцныя маразы на акцыю пратэсту, салідарнасць грамадзян краіны і нашае відавочнае імкненне памяняць сваё жыццё, пазбавіцца ад дыктатуры, не пакінулі сумненняў, што будучыня Беларусі ніяк не звязаная з рэжымам Лукашэнкі.

Дыктатар добра зразумеў значэнне Плошчы-2010 і стаў рабіць усё, каб дыскрэдытаваць і сам пратэст, і яго ўдзельнікаў. На жаль, дапамагаць яму стала і частка апазіцыі, якая раптам пачала пасыпаць галаву попелам і прыніжаць значэнне 19 снежня 2010. Лукашэнку менавіта гэта і трэба: паслухмяная апазіцыя і адсутнасць пратэстаў.

Яму здаецца, што вось-вось, і ён дасягне мяжы сваіх мараў, задушыць у Беларусі ўсё жывое і зоймецца бізнэсам з Захадам, не марнуючы час на глупства накшталт правоў чалавека. Засталося зусім няшмат: стварыць бачнасць выбарчага працэсу на «выбарах» 2015 года, толькі ўжо пад поўным кантролем спецслужбаў, улагодзіць назіральнікаў ад АБСЕ, не дапусціць нават намёкаў на пратэст (тут таксама справы ідуць нядрэнна, амаль усе патэнцыйныя кандыдаты адмовіліся ад вулічных акцый), - і ўсё ў парадку.

Так яму здаецца. Але так не будзе. Мы не можам гэтага дапусціць. Мы не маем права нічога забываць. Нельга забываць пра палітвязняў, з якіх цынічна здзекуюцца ў турмах з мінулых выбараў, а ў гэтым годзе іх колькасць яшчэ і павялічылася. Нельга забываць пра тое, што злачынныя дзеянні ўлады супраць мірных дэманстрантаў на мінулых «выбарах» не былі расследаваныя.

Нельга забываць і пра тое, што ў нас іншая будучыня, у якой няма месца прарасейскаму Лукашэнку і ягонай хеўры.

Дыктатар ужо шмат гадоў вядзе з народам Беларусі вайну, але за ім няма сілы, толькі гвалт. Як ва ўсялякай вайне, нам трэба дзейнічаць адпаведна сітуацыі. Калі ёсць магчымасць - наступаць, што мы і зрабілі ў 2010 годзе. Калі магчымасцяў для наступу няма - трымаць абарону. Пісьменная абарона дазваляе знясіліць апанента і перайсці ў эфектыўны наступ. Пры кожнай тактыцы трэба рабіць усё, каб сарваць планы дыктатуры. Мэта Лукашэнкі - дамагчыся міжнароднай легітымнасці. Перашкодзіць гэтаму можа толькі байкот «выбараў». Гэтага дыктатар баіцца больш за ўсё.

У 2010 годзе планы прызнання «апошняй дыктатуры Еўропы» сарвала шматтысячная Плошча. У гэтым годзе іх сарвуць пустыя выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання. У нас ёсць воля і ёсць Беларусь.

Байкот-2015 будзе працягам Плошчы-2010.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках