На Менскай птушкафабрыцы выявілі крадзяжы на 50 мільёнаў
17- 3.07.2015, 10:58
- 89,081
Пракуратура Менскай вобласці распачала 4 крымінальныя справы ў дачыненні да службовых асоб ААТ «1-я Менская птушкафабрыка».
Пра гэта БелТА паведаміла пракурор аддзела пракуратуры Менскай вобласці ў барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Дар'я Хадаровіч.
Справы распачатыя ў выніку супольнай праверкі з падраздзяленнем УУС Менаблвыканкама ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.
«Падчас праверкі высветлена, што адзін з намеснікаў генеральнага дырэктара супольна з іншай службовай асобай, якія адказваюць за тэхнічнае абсталяванне вытворчасці, у перыяд часу з лістапада 2014 да сакавіка 2015 года неаднаразова набывалі дарагія інструменты для асабістых патрэб за кошт сродкаў птушкафабрыкі. Агульная сума шкоды, нанесенай арганізацыі, склала больш як Br50 млн», - паведамілі ў пракуратуры.
За гэтыя дзеянні можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 7 гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.