Выбух на заводзе ў Гішпаніі: ёсць параненыя і зніклыя без вестак
- 31.08.2015, 17:55
- 16,940
На заводзе феерверкаў паблізу ад гішпанскага горада Сарагоса адбыўся выбух.
У выніку былі параненыя трое чалавек, яшчэ трое прапалі без вестак, паведамляе El Pais са спасылкай на прадстаўнікоў мясцовай улады. У той жа час іншае гішпанскае выданне El Mundo паведамляе аб трох загінулых і пяці параненых, піша «Еўрапейская праўда».
Пацярпелых даставілі ў лякарню, на месцы здарэння працуюць аварыйныя службы.
Пакуль невядома, што стала прычынай выбуху.
Як паведамляе гішпанскае выданне, у выніку пажару згарэла некалькі павільёнаў і часткова пашкоджаная зона з парахавымі бочкамі.
Усяго на заводзе працавала 20 чалавек.
Як паведамляе El Mundo, кампанія, якая была заснаваная ў 1860 годзе, карыстаецца вялікім аўтарытэтам у свеце піратэхнікі і феерверкаў і абслугоўвае шмат святаў у гішпанскіх гарадах і за мяжой.