24 красавiка 2024, Серада, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FIDH і «Вясна»: У Беларусі ў любы момант могуць з'явіцца новыя палітвязні

1
FIDH і «Вясна»: У Беларусі ў любы момант могуць з'явіцца новыя палітвязні

ЕЗ не павінен прымаць паспешлівых пастаноў аб санкцыях у дачыненні да беларускіх уладаў.

Нягледзячы на тое, што 22 жніўня 2015 года на падставе ўказу Лукашэнкі «Аб памілаванні» на свабоду з месцаў пазбаўлення волі выйшлі шэсць палітычных зняволеных, цяпер у Беларусі ў дачыненні да пяці грамадзян вядзецца палітычна матываваны крымінальны пераслед, гаворыцца ў заяве праваабарончых арганізацый FIDH і «Вясна».

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый віталі вызваленне Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі, Яўгена Васьковіча і Юрыя Рубцова, уважаючы, што яно з'яўляецца важным крокам на шляху да паляпшэння стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Звязам і стварае перадумовы да якасных змен у галіне правоў чалавека ў краіне.

«Тым не менш, Еўразвяз неаднаразова падкрэсліваў, што для паляпшэння стасункаў з Беларуссю фундаментальнае значэнне мае не толькі вызваленне палітычных зняволеных, але і поўнае аднаўленне іх грамадзянскіх і палітычных правоў», - гаворыцца ў заяве.

FIDH і «Вясна» мяркуюць, што прымаючы пад увагу пяць незачыненых палітычна матываваных крымінальных спраў супраць беларускіх грамадзян, сур'ёзнае абмежаванне правоў былых палітычных зняволеных і ўсёй грамадзянскай супольнасці, мэты абмежавальных захадаў, прынятых ЕЗ у дачыненні да Беларусі, пакуль яшчэ не былі дасягнутыя.

«У кантэксце прэзідэнцкіх «выбараў», якія адбудуцца ў Беларусі 11 кастрычніка, нашы арганізацыі заклікаюць дзяржавы-сябры ЕЗ не прымаць паспешлівых пастаноў у зняцці або прадаўжэнні санкцый, пакуль не з'явіцца магчымасць прааналізаваць умовы правядзення «выбараў». Крымінальны пераслед грамадзянаў, які працягваецца з палітычных прычынаў можа ў любы момант прывесці да з'яўлення ў краіне новых палітычных вязняў.

Так, 11 жніўня 2015 года супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя моладзевыя актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жыромскі, Вячаслаў Касінераў і Яраслаў Ульяненка праз падазрэнні ў дачыненні да нанясення на сцены некаторых будынкаў у Менску графіці палітычнага зместу. Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жыромскаму былі прад'яўленыя абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злоснае хуліганства), абодва былі ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА МУС 31 жніўня М. Пякарскі і В. Жыромскі былі вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

На нашае глыбокае перакананне, у дзеяннях гэтых маладых людзей няма складу злачынства, у якім іх падазраюць і абвінавачваюць. Улічваючы, што шкода, прычыненая ўладальнікам будынкаў, была добраахвотна выплачаная абвінавачанымі, мы заклікаем спыніць крымінальны пераслед М. Пякарскага, Жыромскага, а таксама якія знаходзяцца ў статусе падазраваных Касінерава, Ульяненкі.

У статусе абвінавачанага паводле ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) надалей знаходзіцца Алесь Міхалевіч - адзін з кандыдатаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. 8 верасня 2015 пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь ён быў затрыманы памежным нарадам і перададзены органам МУС. Алесь Міхалевіч вяртаўся ў Беларусь з Чэшскай Рэспублікі, у якой ён папрасіў палітычны прытулак у 2011 годзе. У той жа дзень следчымі органамі Беларусі яму была змененая мера стрымання на падпіску аб нявыездзе, аднак справа ў дачыненні да яго не спыненая дагэтуль. Варта адзначыць, што Алесь Міхалевіч - апошні фігурант справы аб «масавых беспарадках», распачатай па падзеях 10 снежня 2010 года. Усе астатнія асуджаныя па гэтых падзеях былі альбо памілаваныя і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, альбо выйшлі на волю ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў пазбаўлення волі, альбо ў дачыненні да іх крымінальныя справы былі спыненыя», - падкрэсліваецца ў заяве.

Праваабаронцы патрабуюць, каб беларускія ўлады спынілі палітычна матываваныя крымінальныя справы.

«Мы ўпэўненыя, што спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў прадэманстравала б рэальныя намаганні беларускіх уладаў у нармалізацыі сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і ў аднаўленні клімату даверу ў грамадстве.

Нашы арганізацыі таксама прадаўжаюць заклікаць улады Беларусі да правядзення сістэмных рэформаў у галіне правоў чалавека ў краіне, бо толькі яны могуць гарантаваць, што ў краіне не з'явяцца новыя палітычныя зняволеныя.

Дыялог паміж Беларуссю і ЕЗ павінен быць абумоўлены выразнымі ўмовамі ў адпаведнасці з кіруючымі прынцыпамі ЕЗ у галіне правоў чалавека і дэмакратыі», - гаворыцца ў заяве

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках