29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: На участках нас павінна быць як мага менш, а на Плошчы - як мага больш

18
Уладзімір Някляеў: На участках нас павінна быць як мага менш, а на Плошчы - як мага больш
Уладзімір Някляеў
Фотa: «Радыё Свабода»

У параўнанні з 2010 годам, калі вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, у Беларусі нічога не змянілася.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў.

- Падчас нядаўняй супольнай канферэнцыі апазіцыі прагучаў тэзіс аб тым, што «выбары ў Беларусі ўжо сфальсіфікаваныя». На чым грунтуецца гэта сцвярджэнне?

- Наша канстатацыя таго, што выбары ўжо сфальсіфікаваныя, грунтавалася на дзеяннях рэжыму. Не на словах, якія прамаўляе Аляксандр Лукашэнка, а на загадах, якія ён аддае пракуратуры, КДБ, міліцыі - якім даручана кантраляваць гэтыя «выбары».

Гэтая канстатацыя заснаваная на тым, што ніякіх зменаў у Выбарчы кодэкс, якія робяць выбары свабоднымі, прынята не было. У параўнанні з 2010 годам, калі выбары не былі прызнаныя дэмакратычнымі, нічога не змянілася. Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці толькі ўзмацніліся, і няма ніякіх падставаў уважаць гэтыя «выбары» за сапраўдны выбарчы працэс і прызнаваць іх.

- Якой павінна быць стратэгія дэмакратычных сіл Беларусі на гэтых «выбарах»?

- Гэта сапраўды важнае пытанне: што рабіць у такой сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі падтрымліваецца не толькі традыцыйна з Усходу, але і калі некаторыя еўрапейскія палітыкі праз вайну ва Украіне пачынаюць ставіцца да яго паблажліва.

Заўсёды трэба спадзявацца на саміх сябе, выпрацоўваць агульную тактыку. І яна павінна грунтавацца на адным: нас (я маю на ўвазе тых людзей, якія сапраўды за дэмакратычную будучыню Беларусі) на акцыі пратэсту павінна быць як мага больш, а на выбарчых участках - як мага менш.

- Цяпер ёсць пагроза легітымізацыі псеўдавыбараў. Што б вы хацелі сказаць міжнародным назіральнікам, якія сёння прыбылі ў Беларусь?

- Усё, што я мог сказаць міжнародным назіральнікам - я ўжо сказаў на сустрэчах з імі. Калі звесці гэта да некалькіх словаў, то сказаў я наступнае: калі будзе арганізаванае назіранне за «выбарамі» ў Беларусі, яно ўбачыць тое, чаго не хочуць заўважаць некаторыя еўрапейскія палітыкі.

Я разумею заклапочанасць еўрапейцаў тым, што адбываецца ва Украіне, іх боязь перад магчымай эскалацыяй канфлікту і яго перарастанне ў сур'ёзнае ваеннае супрацьстаянне. Але я ўсё роўна пытаю: чаму за гэта павінны расплачвацца Беларусь і беларускія грамадзяне?

У сур'ёзных еўрапейскіх палітыкаў няма фальшывага аптымізму, што беларускі рэжым, які не мяняецца цягам усяго свайго існавання, раптам зменіцца ў дэмакратычным кірунку. Яны проста імкнуцца забяспечыць мір і спакой сваім грамадзянам, і тут іх цяжка папракнуць.

Я магу толькі заклікаць нашых грамадзян да таго, каб зрабіць Беларусь еўрапейскай.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках