Рубель пакуль трымаецца на валютных запасах беларусаў
60- 24.10.2016, 9:30
- 18,895
Людзі працягваюць «праядаць» зберажэнні.
Улады падтрымліваюць стабільнасць рубля за кошт валютных ашчаджанняў беларусаў.
Увесь мінулы тыдзень еўра і даляр працягвалі падзенне ў дачыненні да беларускага рубля. 21 кастрычніка ў часе гандлю на Беларускай валютна-фондавай біржы даляр знізіўся да 1,9048 рубля, еўра - да 2,0768 рубля. Чаму?
- Асноўнай прычынай застаецца тое, што насельніцтва ўвесь гэты час прадае валюты больш, чым купляе, - тлумачыць Заўтра тваёй краіны старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб.
З яго слоў, прадпрыемствы часам купляюць больш валюты, чым прадаюць.
- Але нават тады, калі юрыдычныя асобы выступаюць у ролі чыстых пакупнікоў, продажы насельніцтва ўсё роўна перавышаюць аб'ёмы куплі прадпрыемстваў, - канстатуе аналітык. - Гэта значыць, агулам у нас прапанова перавышае попыт, і дзякуючы гэтаму курс валют зніжаецца.
Акрамя таго, як адзначае экспэрт, зніжэння даляра і еўра спрыяў яшчэ і рост расейскага рубля ў дачыненні гэтых валют.
- Гэты перыяд доўжыцца з лютага гэтага года, калі нафта дасягнула свайго мінімуму і пачала расці. Не варта забываць, што беларускі рубель, амаль з пачатку года мацуючыся да даляра і еўра, дастаткова адчувальна знізіўся да расейскага рубля, - звяртае ўвагу Вадзім Іосуб.
Ён не выключае, што беларускі рубель можа застацца стабільным нават, калі будуць зніжацца цэны нафты.
- Мы можам сутыкнуцца з тым, што і ў нас расейскі рубель пачне таннець, а даляр разам з еўра даражэць. Але беларускі рубель з пункту гледжання валютнага кошыка будзе стабільным ці нават працягваць умацоўвацца, - прагназуе экспэрт.
З яго слоў, умацаванне беларускага рубля на руку імпарцёрам, але нявыгадна экспарцёрам.
- Моцны беларускі рубель, фактычна, дапамагае ўсім, хто атрымлівае фіксаваныя даходы ў нацыянальнай валюце. Ён дапамагае таксама абслугоўваць замежную запазычанасць, намінаваную ў далярах, - адзначае экспэрт.
Аналітык падкрэслівае важнасць таго, што беларускі рубель умацоўваецца не штучна, а ў выніку попыту і прапановы.
- Курс беларускага рубля, вызначаны такім чынам, з'яўляецца аптымальным для эканомікі. Любое яго адхіленне вышэй або ніжэй рынкавай ацэнкі справакавала б негатыўныя наступствы, - кажа экспэрт.
З яго слоў, складана вызначыць калі кардынальна зменіцца сітуацыя на беларускім валютным рынку.
- Але ва ўмовах, калі ў Беларусі перасталі друкаваць грошы, падаюць даходы насельніцтва, чакаць, што ўнутрыэканамічная тэндэнцыя моцна зменіцца, не варта, - прагназуе Вадзім Іосуб.