10 траўня 2024, Пятніца, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заробкі і пенсіі ўвайшлі ў піке

59
Заробкі і пенсіі ўвайшлі ў піке

У бюджэце няма грошай і з'явіцца ім няма адкуль.

Рэальныя даходы беларусаў паводле вынікаў 10 месяцаў аказаліся ў глыбокім мінусе, усталяваўшы антырэкорд як мінімум за апошнія 7 гадоў.

Гэты паказчык скарачаецца насуперак прагнозам урада.

Рэальныя даходы падалі за кошт «усіх крыніц», кажа ў інтэрв'ю tut.by дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. Галоўныя з іх — зніжэнне рэальных заробкаў, рэальных пенсій, а таксама даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці.

Нагадаем, што ў агульным аб'ёме грашовых даходаў беларусаў аплата працы ў студзені-кастрычніку займала 61,8%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,3%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя трансферты насельніцтву) — 24%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5,9%.

«Рэальны заробак ўпаў таму, што падае ВУП, даходы прадпрыемстваў. Акрамя таго, сітуацыя на рынку працы застаецца напружанай, і таму ў працадаўцаў няма патрэбы падымаць заробак — людзі гатовыя працаваць і так. Але інфляцыю ніхто не скасоўваў, таму даходы ў такой сітуацыі зніжаюцца. На заробак бюджэтнікаў і пенсіі таксама ўплывае тое, што дзяржава ўсё больш плаціць за выплату і абслугоўванне запазычанняў», — кажа эканаміст.

З ягоных слоў, пенсіі падаюць нават хутчэй, чым заробкі, бо ў бюджэце лішніх грошай няма, у Фондзе сацыяльнай абароны — таксама, бо заробкі і занятасць падаюць, а значыць, і адлічэнні ў фонд памяншаюцца.

«Нават нягледзячы на намінальны рост пенсій з 1 снежня, усё роўна ў гадавым выражэнні мы ўбачым зніжэнне», — кажа экспэрт.

Важна таксама памятаць, што даходы — гэта больш шырокае паняцце, чым заробак і пенсія. Гэты паказчык разлічваецца не на аднаго занятага, а ў цэлым па насельніцтву. «Бо колькасць чалавек, якія зарабляюць, у краіне памяншаецца, то і даход на кожнага падае», — удакладняе Аляксандр Чубрык.

Дарэчы, падзенне даходаў пагаршае само сябе. Справа ў тым, што пасля таго, як у людзей стала менш грошай, яны сталі менш выдаткоўваць. Праз гэтага пачынае дрэнна сябе адчуваць той бізнэс, які завязаны на ўнутраным попыце. А гэта дробны бізнэс, індывідуальныя прадпрымальнікі.

«Дзіўна, але пры гэтым спажыванне падае павольней, чым даходы — 3% супраць 7%, — дадае Аляксандр Чубрык. — Праўда, на колькі людзям хопіць ашчаджанняў для падтрымання ранейшага ўзроўню жыцця, ніхто не ведае».

Калі ўрад не пойдзе на рэформы, то нічога не зменіцца

Нягледзячы на ўсё гэта, паводле планаў урада, налета рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 1,3% да гэтага года. Эканамісты глядзяць на гэта скептычна.

«Для росту эканомікі крыніц ніякіх зараз няма, — кажа Аляксандр Чубрык. — Нават тое ажыўленне экспарту, якое прыкметна ў прамысловасці, ідзе за кошт росту фізічных аб'ёмаў пры падзенні коштаў. Гэта значыць, атрымліваецца, што мы прадаем больш у штуках, але атрымліваем за ранейшыя аб'ёмы менш грошай».

Раней драйверамі росту эканомікі ў Беларусі былі альбо інвестыцыі, альбо экспарт, адзначае Аляксандр Чубрык. «У апошнім мы моцна залежым ад сітуацыі ў Расеі. А там пакуль што на наступны год запланаваны рост эканомікі толькі ў 1%», — кажа экспэрт.

Са слоў Аляксандра Чубрыка, «з інвестыцыямі ў Беларусі таксама ўсё складана». «Уласныя сродкі прадпрыемстваў ужо скончыліся. Банкі самі не ў найлепшым становішчы, так і крэдытуюць яны толькі тых, хто можа вярнуць грошы. Не дапамагае ў гэтай сітуацыі нават зніжэнне працэнтных ставак. Рэспубліканскі бюджэт, дарэчы, таксама перастае быць крыніцай інвестыцый», — тлумачыць экспэрт.

«Мы ўпіраемся ў тое, што патрэбныя канкрэтныя дзеянні ўрада па аздараўленні рэальнага сектара, — упэўнены дырэктар даследчага цэнтра ІПМ. — Хуткага плёну гэта не прынясе, але закладзе аснову для будучага росту. Бо што такое рэформа? Гэта калі тыя ж самыя рэсурсы пачалі прыносіць больш аддачы».

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках