20 траўня 2024, панядзелак, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беспрацоўе афіцыйнае і рэальнае: што хаваюць беларускія ўлады

10
Беспрацоўе афіцыйнае і рэальнае: што хаваюць беларускія ўлады

Ледзь не штодня паступаюць звесткі аб скарачэннях персаналу на прамысловых прадпрыемствах і ў арганізацыях Беларусі.

На канец лютага 2016 года афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі склаў 1,1% эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. Годам раней гэты паказчык і зусім быў 0,8%. Аднак экспэрты сцвярджаюць, што напраўду беспрацоўных у Беларусі больш. Ці так гэта на самай справе, высвятляла Deutsche Welle.

Трывожныя паведамленні

Ужо ў мінулым годзе, нягледзячы на тое, што гэта быў год "прэзідэнцкіх выбараў", з розных беларускіх прадпрыемстваў раз-пораз паступала інфармацыя аб скарачэнні персаналу. Напрыклад, толькі на ААТ "Гродна Азот", найбуйнейшым у Еўропе вытворцу азотных угнаенняў, пад скарачэнне трапілі 309 чалавек, у арганізацыі "Гроднапрамбуд" - 379, а ў "Гроднааблсельбуд" - 257 супрацоўнікаў. На Крычаўскім цэментным заводзе скарацілі тысячу чалавек. Больш як на тысячу работнікаў стала менш на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ).

Пры гэтым Белстат паведамляе, што на 1 студзеня 2016 года колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у краіне склала 43,3 тысячы чалавек. Паводле ацэнак экспэртаў, калі захаваецца цяперашняя тэндэнцыя, калі спыняюць сваю дзейнасць многія індывідуальныя прадпрымальнікі, колькасць беспрацоўных паводле вынікаў гэтага года можа павялічыцца амаль утрая. Аднак наколькі адлюстроўвае рэальную сітуацыю афіцыйная статыстыка?

Каго лічаць беспрацоўным

Эканаміст Леў Марголін звяртае ўвагу на тое, што методыка ўліку Менскам беспрацоўных істотна адрозніваецца ад прынятай ў Еўразвяз. Беспрацоўнымі ў Беларусі лічацца толькі людзі, якія сталі на ўлік у бюро працаўладкавання. Па-першае, звяртае ўвагу экспэрт, ёсць часавыя абмежаванні для знаходжання на такім уліку. Калі тэрмін скончыўся, а беспрацоўны не абраў для сябе з прапанаваных месцаў новае месца працы, яго з такога ўліку здымаюць.

Па-другое, каб заставацца на ўліку, трэба некалькі дзён на месяц удзельнічаць у грамадскіх працах. Па-трэцяе, за месяц афіцыйна беспрацоўны атрымлівае дапамогу сумай 420 тысяч беларускіх рублёў (блізу 20 еўраў).

"Усе гэтыя акалічнасці відавочна не спрыяюць таму, каб людзі рэгістраваліся ў службах занятасці", - тлумачыць Марголін. Былы міністр працы Аляксандр Сасноў паказвае, што дапамога з прычыны беспрацоўя ў Беларусі з'яўляецца самай нізкай сярод былых савецкіх рэспублік.

Іншая статыстыка

На думку Льва Марголіна, больш рэальныя паказчыкі занятасці дае іншая статыстыка. У Беларусі 5,5 мільёна чалавек працаздольнага ўзросту, з якіх у розных сферах дзейнасці занятыя толькі 4,5 мільёна. Атрымліваецца, што блізу мільёна чалавек, паводле слоў Марголіна, "прасочваюцца паміж пальцаў у статыстыкаў".

Большасць з незанятых, працягвае Леў Марголін, можна падзяліць на тры групы. Гэта тыя, хто працуе за мяжой, прычым большай часткай нелегальна. Тыя, хто заняты ў так званым шэрым сектары - выкананні паслуг і вырабу тавараў без афіцыйнай выплаты падаткаў. І, нарэшце, беларусы, якія жывуць за кошт сваёй дапаможнай гаспадаркі.

"Усе гэтыя акалічнасці відавочна не спрыяюць таму, каб "каб вызначыць рэальную колькасць беспрацоўных у краіне, гэта было б проста зрабіць, але атрыманыя лічбы значылі б крах усёй сістэмы так званай сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, якую ствараў і дагэтуль так расхвальвае Аляксандр Лукашэнка", - мяркуе эканаміст.

Ці будуць працоўныя месцы

Лукашэнка на апошняй нарадзе з урадам 12 красавіка запатрабаваў стварыць 50 тысяч новых працоўных месцаў.

"Акрамя таго, мы прадоўжым надаваць самую пільную ўвагу сацыяльным пытанням, у тым ліку працаўладкаванню моладзі і стварэнню новых працоўных месцаў. Мы ўсяляк, не зважаючы ні на якія рынкавыя прынцыпы, будзем патрабаваць ад кіраўнікоў, і ствараць варункі для бізнэсу для таго, каб яны стваралі працоўныя месцы", - падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Сасноў упэўнены, што гэта пустыя словы дыктатара: "Нашы людзі ва ўладзе з прычыны свайго выхавання і адукацыі ўяўляюць сабе, што калі даць каманду, то чыноўнік пабяжыць і створыць працоўнае месца. Гэта ўтопія і ружовыя мары недалёкіх людзей".

Напраўду, прадаўжае Сасноў, каб стварыць новыя працоўныя месцы, трэба спачатку стварыць варункі для тых, хто можа гэта зрабіць. "А беларускія чыноўнікі гэтага не ўмеюць, што прадэманстравалі апошнія дваццаць з гакам гадоў знаходжання ва ўладзе цяперашняга кіраўніцтва краіны", - падкрэслівае экс-міністр.

Скарачэнні не выратуюць прадпрыемствы

Са слоў Льва Марголіна, скарачэнні персаналу на дзяржпрадпрыемствах адбываюцца таму, што на складах назапасілася занадта шмат гатовай прадукцыі. Яна не прадаецца, бо, як выказаўся Марголін, асноўны рынак збыту - Расея - знаходзіцца ў такім жа дэпрэсіўным стане.

Адзіны спосаб прадаць такую прадукцыю - знізіць яе сабекошт, раіць эканаміст. "Але рэальна знізіць сабекошт у нашых варунках можна толькі за кошт заробку. А гэта значыць, што трэба памяншаць альбо сярэдні заробак працоўнага, альбо колькасць такіх людзей. І прадпрыемствы цяпер выкарыстоўваюць абодва гэтыя спосабы", - канстатуе Марголін.

У сваю чаргу Аляксандр Сасноў упэўнены, што скарачэнне персаналу не палепшыць становішча, "бо прадпрыемствы дзяржсектара неэфектыўныя паводле вызначэння".

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках