Мікалай Чарнавус: Улада баіцца Плошчы, але нічога не можа зрабіць
2- 15.02.2016, 12:03
- 9,385
Баранавіцкія міліцыянты нават не змаглі нармальна арганізаваць сачэнне за лідарам прадпрымальнікаў.
Індывідуальны прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус заўважыў, што за ім сочаць 13 лютага. Па дапамогу ён звярнуўся да праваабаронцаў. 14 лютага факт сачэння за актывістам быў зафіксаваны на фотакамеру.
- Пасля сустрэчы на Кааператыўным рынку, мы разышліся з Мікалаем Чарнавусам у розныя бакі. Але калі каля мяне прайшлі супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным, я павярнуўся і ўбачыў, як апошні бегам даганяе Чарнавуса. Я адразу ж папярэдзіў яго пра гэта праз тэлефон, - паведаміў «Салідарнасці» праваабаронца Аляксандр Вайцешык.
- Я паспрабаваў адарвацца ад «хваста». Пачаліся гонкі з перашкодамі, - распавёў Мікалай Чарнавус. - Я падбег, чалавек у цывільным - за мной. Я зайшоў за святочнай «валянцінкай» у краму - ён за мной. Адарвацца ўдалося толькі зайшоўшы ў аўтобус.
Праваабаронца Аляксандр Вайцешык пракаментаваў сітуацыю так:
- Ёсць вялікія сумневы: ці адпавядае закону выкарыстанне супраць Мікалая Чарнавуса метадаў палітычнага вышуку? Праца настолькі кепская, што Баранавіцкай ГАУС можна параіць павучыцца метадам сачэння хоць бы з кінафільмаў. А супрацоўніку, знешне падобнаму да маёра Сяргея Паўлені, можна параіць прайсці адпаведнае навучанне.
Мікалай Чарнавус тлумачыць сачэнне за сабой запланаванай на панядзелак 15 лютага ў Менску акцыяй індывідуальных прадпрымальнікаў.
- Улада баіцца Плошчы, таму адсочвае актывістаў і ўсялякімі метадамі перашкаджае ім законна выказаць сваё меркаванне, - адзначыў ён.
Раней сайт charter97.org паведамляў, што лідары беларускіх прадпрымальнікаў, якія пратэставалі супраць указу №222, заклікалі калег аб'ядноўвацца і выходзіць 15 лютага на галоўную Плошча краіны. Пра падтрымку акцыі прадпрымальнікаў заявілі лідары беларускай апазіцыі і праваабаронцы.