2 траўня 2024, Чацвер, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bellingcat: Расейская версія гібелі рэйса MH17 непераканаўчая

10
Bellingcat: Расейская версія гібелі рэйса MH17 непераканаўчая
ФОТА: REUTERS

На мінулым тыдні Bellingcat падаў сваю канчатковую версію гібелі «Боінга», у якой уся віна ўскладаецца на расейскіх вайскоўцаў.

Міжнародная група расследаванняў Bellingcat апублікавала дэталёвую праверку версіі расейскага канцэрна «Алмаз-Антэй», які ўважае ўкраінскае войска адказным за гібель у ліпені 2014 года малайзійскага авіялайнера, які выконваў рэйс МН17, паведамляе расейская служба BBC.

Паводле версіі расейскага боку, ракета, якая збіла «Боінг», была запушчаная з раёна каля паселішчаў Зарошчанскае або Вялікая Шышоўка, кантраляваных украінскім войскам, прычым сама ракета была старой мадыфікацыі, якая даўно не знаходзіцца на ўзбраенні расейскага войска.

Bellingcat з вялікай доляй упэўненасці сцвярджае, што, нават калі пагадзіцца з версіяй «Алмаз-Антэя» аб пункце запуску ракеты, яе ўсё адно не маглі запусціць украінскія вайскоўцы.

На падставе інфармацыі з адкрытых крыніц - галоўным чынам здымкаў з геатэгамі ў сацыяльных сетках - энтузіясты-следчыя прыйшлі да высновы, што 17 ліпеня, у дзень гібелі «Боінга», у раёне Зарошчанскага не было ўкраінскіх установак «Бук».

Сапраўды гэтак жа была правераная версія аб пункце запуску ля Вялікай Шышоўкі, у выніку праверкі было прызнана, што ўкраінскіх ЗРК «Бук» там таксама не было.

Bellingcat прызнае, што сабраныя звесткі не дазваляюць рабіць высновы пра тое, якім бокам узброенага канфлікту кантралявалася гэта зона.

Аднак супастаўленне даступных больш позніх звестак з гэтага раёна дазваляе экспэртам Bellingcat меркаваць, што 17 ліпеня 2014 года там ужо былі, як сказана ў дакладзе, расейскія вайскоўцы.

Напрыклад, энтузіясты з Веllingcat прааналізавалі фатаграфію з геатэгам на паўднёвай ўскраіны Вялікай Шышоўкі і датаваную 20 ліпеня, на ёй выява ўзброенага чалавека ў камуфляжы на фоне поля сланечнікаў.

Фатаграфія, як даводзяць аўтары дакладу, была знойдзеная на старонцы «Вконтакте» нейкага Анатоля Малчанава, які дагэтуль у красавіку 2014 года выкладваў фатаграфіі сябе ў Крыме, апранутага ва ўніформу расейскага вайскоўца, фатаграфіі з занятага прарасейскімі сіламі Славянска, а пазней у лютым 2015 года - з-пад Дэбальцава.

Зыходзячы з умоў надвор'я ў гэтым раёне і характару паводзін у сацыяльных сетках Анатоля Малчанава, у Bellingcat робяць выснову, што фатаграфія з Вялікай Шышоўкі магла быць зробленая ва ўсякі з трох-чатырох дзён да 20 ліпеня, а значыць, 17 ліпеня, у дзень гібелі MH17, гэтая тэрыторыя ўжо кантралявалася прарасейскімі сіламі.

Таксама валанцёры Bellingcat сцвярджаюць, што ні ў адным з населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў паказаным «Алмаз-Антэем» раёне магчымага запуску, не ўдалося знайсці сведак залпу зенітнай устаноўкі.

Такім чынам, малаімаверна, што з гэтай зоны наогул адбываўся запуск ракеты сістэмы «Бук», незалежна ад таго, якому з бакоў збройнага канфлікту яна належала.

Аўтары новага дакладу нагадваюць, што версія «Алмаз-Антэя» пра тып і месца запуску ракеты «Бук» супярэчыць і высновам Bellingcat, і версіі афіцыйнага следства, якое праводзіцца Галандыяй.

На мінулым тыдні Bellingcat прадставіў сваю канчатковую версію гібелі «Боінга», у якой уся віна ускладаецца на расейскіх вайскоўцаў.

Bellingcat, як і галандскае следства, уважае за месца запуску ракеты пункт каля населенага пункта Снежнае ў тыле прарасейскіх сілаў, сама ж ўстаноўка «Бук», як сцвярджаецца ў дакладзе Bellingcat, кіравалася кадравымі расейскімі вайскоўцамі.

Расейскі бок катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да трагедыі MH17.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках