4 траўня 2024, Субота, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Няхай Лукашэнка спытае ў мужчын за 60: ты конь ці не конь? І атрымае выразны адказ

62
Генадзь Фядыніч: Няхай Лукашэнка спытае ў мужчын за 60: ты конь ці не конь? І атрымае выразны адказ
Генадзь Фядыніч
Фота: gazetaby.com

Нават з вуснаў дыктатара параўнанне мужчын пенсійнага ўзросту з канём гучыць дзіка.

10 сакавіка Лукашэнка правёў нараду ў пытанні рэформы пенсійнай сістэмы.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанавала тры варыянты павышэння пенсійнага ўзросту: да 60 гадоў - у жанчын і да 65 - у мужчын; да 60 гадоў у жанчын і да 63 - у мужчын; да 58 гадоў - у жанчын і да 63 гадоў - у мужчын.

«У 60 гадоў мужык - гэта конь, на якім можна яшчэ араць і плугам не ў адзін корпус, а ў тры корпуса зачапіць і пацягне», - заявіў Лукашэнка, аргументуючы неабходнасць павышэння пенсійнага ўзросту.

Нават з вуснаў Лукашэнкі параўнанне мужчын пенсіённага ўзросту з канём гучыць дзіка. Сайт praca-by.info пацікавіўся ў лідараў трох незалежных прафсаюзаў, якія пастаянна кантактуюць з рабочымі, як яны ўспрынялі пасаж кіраўніка.

Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў:

- Калі Лукашэнка казаў пра сябе - дапускаю такі варыянт.

Калі ён мае на ўвазе працоўнага, які ўвесь час стаіць за станком, фізічна працуе на кавальскай, ліцейнай вытворчасці, у металургіі, у машынабудаванні, на канвеернай вытворчасці - усюды мужчыну да 60 гадоў выціскаюць на поўную катушку. Фізічна ён вельмі аслаблены, пры тым заробкі невысокія, харчаванне дрэннае, многія працоўныя злоўжываюць спіртным. Недапушчальна так выказвацца пра людзей.

Я 20 гадоў адпрацаваў у машынабудаванні, на свае вочы бачыў, як зношваліся рабочыя. У савецкі час рабочыя «Гомсельмаша» кожны год цягам месяца без адрыву ад вытворчасці праходзілі прафілактычнае аздараўленне і лячэнне. Такога даўно ўжо няма.

У Беларусі сярэдняя працягласць жыцця мужчын - 61-62 года. З павышэннем пенсіённага ўзросту да 65 гадоў многія мужчыны проста не дажывуць да пенсіі. Чаму цяпер шматлікія трымаюцца за любую працу? Ды таму што на сённяшнюю пенсію пражыць немагчыма! Я не лічу магчымым павышэнне пенсіённага ўзросту. Можна дапусціць набліжэнне жаночага пенсіённага ўзросту да мужчынскага, таму што ў жанчын працягласць жыцця большая.

Але Беларусь не тая краіна, дзе трэба падымаць пенсійны ўзрост на прыклад Захаду. Трэба цалкам мяняць пенсійную сістэму. Сённяшняя салідарная пенсійная сістэма шмат у чым павінна заставацца такой, але яна павінна дапаўняцца сур'ёзнай назапашвальнай часткай. Частку пенсіі павінна выплачваць дзяржава, якую мы трымаем, працадаўцы, якія жывуць за кошт рабочых, і, вядома, сам работнік павінен клапаціцца пра сваю будучыню. Чалавек, сыходзячы на пенсію, не павінен страціць узровень жыцця, які меў працуючы.

Лукашэнка ў сваім рэпертуары: для яго чалавек - рэч, а не галоўная каштоўнасць дзяржавы.

Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП):

- Нават не хочацца каментаваць гэтае трызненне - як можна параўноўваць грамадзяніна Беларусі з канём?

Сёння ў Беларусі на тысячу жанчын прыпадае 740 мужчын, і з кожным годам іх становіцца менш. У краінах, дзе сярэдняя працягласць жыцця складае 80 гадоў, і на пенсію сыходзяць у 65 гадоў, людзі раз’язджаюць па ўсім зямным шары, знаёмяцца са светам. Хай пажылыя, але шчаслівыя - вочы гараць. Паглядзіце на нашых пенсіянераў - у каго ўбачыце агонь у вачах?

Давайце зробім як у нашых суседзяў, латышоў: складзём мінімальны і максімальны памер пенсіі і выведзем сярэднюю пенсію - гэта будзе справядліва. Не можа рабочы клас працаваць на сярэднюю пенсію дзяржчыноўнікаў, МВДшнікаў і вайскоўцаў - гэта несправядліва.

Хай спытае Лукашэнка ў беларускіх мужыкоў за 60: ты конь ці не конь? Ці здольны ты яшчэ араць гадоў 5-10? І атрымае выразны адказ.

Мікалай Зімін, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу:

- Беларускія мужчыны да 60-ці гадоў зношваюцца - куды далей павышаць пенсійны ўзрост? Існуючая пенсійная сістэма вычарпала свае рэсурсы, таму ўлады хочуць развязаць праблему за кошт павышэння пенсійнага ўзросту. А куды дзявацца маладым людзям, якія толькі пачынаюць сваё працоўнае жыццё? Куды дзявацца маладым беспрацоўным? Зірнуў ці хто-небудзь на гэты бок медаля?

У свой час я адпрацаваў на шахце ў забоі 30 гадоў, яшчэ чатыры - на іншай працы; гэта надзвычай небяспечная і знясільваючая праца. Ідэя павысіць пенсійны ўзрост не выклікае захаплення ні ў каго, у шахцёраў - тым больш.

Сёння шахцёры працуюць паводле старой савецкай схемы: адпрацаваў 20-25 гадоў, можаш выходзіць на пенсію. Міністр працы тлумачыла дэталі магчымага павышэння пенсійнага ўзросту, але іх слухаць - сябе не паважаць. Мы даўно ўжо казалі гэтай уладзе: вызначыцеся ўжо, здольныя вы кіраваць краінай або пара саступаць месца іншым. Гэтая катавасія цягнецца ўжо не адзін год, і цяпер яна выклікае толькі адно пачуццё - смех скрозь слёзы.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках