8 кастрычнiка 2024, aўторак, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прасцей з марсіянамі дамовіцца»

18
«Прасцей з марсіянамі дамовіцца»
Архіўныя фота TUT.BY

Гомельскія прадпрымальнікі ўсё больш нацэльваюцца на бізнэс-эміграцыю ў суседнія краіны - Расею і Украіну.

Гомельская прадпрымальніца спадарыня Наталля па адукацыі - эканаміст-мэнэджар, завочна вучылася ў адным з расейскіх інстытутаў.

Апошнія паўтара дзесяцігоддзя яе жыццё звязана з Прудкоўскім рынкам, дзе ўдваіх з мужам Наталля арандуе два гандлёвыя павільёна.

«З гэтага гандлёвага «пятачка» ўсе прыбыткі нашай сям'і. Сама з мужам жыву, сына вучым, ды яшчэ і дзяржаву падтрымліваем. Падаткі, арэнда, выплаты ў фонд сацыяльнай абароны - усё з гэтага «пятачка», - распавяла Наталля «Радыё Свабода».

Два месяцы - студзень і люты - Наталля, як і большасць прадпрымальнікаў Прудкоўскага рынку, не працавала ў знак пратэсту - указ №222 з ягоным патрабаваннем мець сертыфікат якасці і таварна-транспартныя накладныя на кожны від тавару паставіў прадпрымальнікаў на мяжу выжывання. Наталля заўважае, што на маскоўскіх аптовых рынках, дзе яны з мужам часцей набываюць і мужчынскае, і жаночае адзенне, з беларускіх прадпрымальнікаў толькі пасмейваюцца:

«Вам патрэбен тавар або паперкі? Хочаце тавар - бярыце, хочаце паперкі - шукайце паперкі».

Зімовыя «канікулы» ў Наталлі пайшлі на тое, каб крыху адпачыць і знайсці патрабаваныя згодна з указам №222 суправаджальныя паперкі на некаторыя курткі і іншае адзенне для мужчын, каб з пачатку сакавіка аднавіць працу на рынку. Сядзець больш дома не атрымлівалася, так як ашчаджанні хутка расходуюцца. Да таго ж сына трэба вучыць.

«Знайшла я некаторыя тавары з дакументамі ў Расеі, - кажа прадпрымальніца, - але кошт закупкі адразу быў вышэйшы на 40 адсоткаў. І мне трэба хоць крышачку зарабіць. Цяпер вось называю людзям новы кошт, то яны мне ў вочы адкрыта заяўляюць: «Танней ва Украіну ці ў Расею з'ездзіць і там адзецца».

Закупляць тавары беларускай лёгкай прамысловасці Наталля наогул не бачыць сэнсу:

«Ну хто, скажыце, пойдзе іх набываць на рынак, калі яны ёсць у крамах? Гэта ж абсурд! Калі б аптавікі адпускалі нам тавары ў адпаведнасці з беларускімі заробкамі, можна было б яшчэ штосьці рэалізоўваць. А калі няма асаблівага выбару і завоблачныя кошты, то няма чаго шчокі надзімаць: купляйце беларускае, купляйце беларускае! Пакупнікоў з нашымі заробкамі надзвычай мала - людзі збяднелі».

Зараз Наталля шкадуе, што не закрыла з мужам свой дробны бізнэс адразу пасля Новага года, а заплаціла за два месяцы і арэнду, і за ўдзел у фонд сацыяльнай абароны - усяго блізу 17 мільёнаў:

«Я ўжо працавала б дзе-небудзь у Расеі - ў Клінцах або Навазыбкаве.

Бо ў нас тут няма перспектывы - ужо шмат хто пазакрываліся. А хто ўзяў беларускі тавар, той ужо не раз пашкадаваў».

Прадпрымальнік не згаджаецца са сцвярджэннямі чыноўнікаў, што праз прадпрымальнікаў беларуская лёгкая прамысловасць прыйшла ў заняпад:

«Ага, мы і трактарную, і камбайнавую вытворчасць шакавалі. Усюды прадпрымальнікі вінаватыя. Я б з задавальненнем паехала 14 сакавіка ў Менск на плошчу, каб сказаць, хто вінаваты, але, шчыра кажучы, у мяне не атрымаецца. Месяц ці два папрацую - і буду наважваць, ці згортваць тут начыста увесь свой бізнэс, або што-небудзь пакінуць».

Падобны настрой у большасці прадпрымальнікаў, з кім давялося гутарыць на Прудкоўскім рынку.

«Тут многія працуюць да першай сур'ёзнай праверкі.

Стаяць «на авось», таму што не ведаюць, куды падзець усе свае тавары», - тлумачыць сітуацыю прадпрымальніца Таццяна, што гандлюе даслоўна за дзесяць метраў ад Наталлі.

Сядзець без справы і чакаць, пакуль так званыя «працоўныя групы», утвораныя ўладамі ў адказ на масавыя пратэсты прадпрымальнікаў, да чагосьці дамовяцца, Наталля не збіраецца:

«Я прыпільнавала сабе лавачку для арэнды ў Клінцах - буду там патроху разгортваць гандаль. Можа чакаць тыдзень ці два, пакуль урадавыя рабочыя групы надумаюць і нешта вырашаць ў сваіх кабінетах разам з адміністрацыяй Лукашэнкі. Але пайшоў ужо трэці месяц, а яны ўсё яшчэ кансультуюцца, узгадняюць. За гэты час можна было ўжо нават на Месяц злятаць, узгадніць там усё з марсіянамі і назад вярнуцца. А беларускія чыноўнікі толькі імітуюць дзейнасць, але нічога годнага не прадукуюць».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках