Кніга «Час сэканд-хэнд» выйшла ў ангельскім перакладзе ў ЗША
3- 25.05.2016, 21:29
- 12,328
Апошняя кніга «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч кагадзе выйшла ў ангельскім перакладзе ў ЗША.
«Гэтая кніга запоўненая смуткам аб даўнім часу», - піша пра «Час сэканд-хэнд» Нобэлевай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч рэцэнзент Дуайт Гарнэр у The New York Times.
Апошняя кніга Святланы Алексіевіч кагадзе выйшла ў ангельскім перакладзе Бэлы Шаевіч у выдавецтве «Random House» у ЗША, паведамляе «Радыё Свабода».
Дуайт Гарнэр хваліць «Час сэканд-хэнд» за «цяжар катарсісу» і «разводдзе галасоў» з постсавецкай прасторы, але адначасова крытыкуе за тое, што некаторыя гісторыі ў кнізе занадта расцягнутыя і паўтараюць адна адную.
«Кніга таксама пакідае вас разгубленымі што да часу. Інтэрв'ю збіраліся цягам гадоў, але іх даты даюцца толькі зрэдку. Кніга - густая на макраўзроўні, але час ад часу ёй не стае пафразавае шчыльнасці, якая ўласцівая найлепшым узорам мастацкай літаратуры», - адзначае рэцэнзент.
У тым жа выданні The New York Times журналістка Рэйчэл Дэнад’е піша пра сваю гутарку са Святланай Алексіевіч, якая адбылася надоечы ў Гётэборгу ў Швэцыі. Сярод іншага, журналістка згадвае, што Нобэлева лаўрэатка расказала ёй пра артыкул Змітра Бартосіка, у якім ён апісаў наведванне мясцін, дзе Святлана Алексіевіч гадавалася і выхоўвалася. Усмешку журналісткі выклікаў аповед пра просьбу аднавяскоўцаў Алексіевіч купіць ім новы трактар за грошы з прэміі Нобэля.