19 траўня 2024, Нядзеля, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як лекар-педыятр «расчараваўся» ў міліцыі

136
Як лекар-педыятр «расчараваўся» ў міліцыі
Зміцер Серада

Чарговы выпадак міліцэйскага бязмежжа адбыўся ў Менску.

А 8 раніцы 4 жніўня ў кватэру лекара-педыятра Дзмітрыя Серады ўварваліся невядомыя ў масках: без званкоў і тлумачэнняў выбівалі ўваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконных дзвярах на кухні. У гэты момант акрамя Дзмітрыя дома знаходзіліся яго цяжарная жонка і маленькая дачка.

Як распавёў праваабаронцам "Вясны" Зміцер Серада, невядомыя без тлумачэння ўварваліся ў кватэру, паклалі лекара тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі. Потым хтосьці з іх сказаў цяжарнай жонцы Дзмітрыя, што яны з міліцыі, і праводзілі яе і дзіця ў іншы пакой.

- Мабыць, жонка і дачка Палінка зрабілі тое, што ім загадалі. Я стаў спрабаваць павярнуць твар у другі бок, за што атрымаў удар па твары красоўкам і загад не рухацца. Пасля гэтага маю галаву прыціснулі красоўкі і пасыпаліся ўдары па галаве, целе ў вобласці нырак, спіне і нагах. У мяне падступіў ком да горла і ў галаве памутнела - я пачаў губляць прытомнасць. Далей памятаю, пытаў пра тое, што можа яны памыліліся адрасам? Хтосьці з іх назваў мой адрас і імя і прозвішча. Гэта былі мае звесткі. Я стаў пытацца: «За што? Чаму гэта ўсё адбываецца? За забойства ці наркотыкі?» Пачуў у адказ, што няма чаго сваімі прычындаламі махаць, у больш грубай форме, вядома, - апісвае падзеі тае раніцы Дзмітрый Серада.

Адзін з оперупаўнаважаных спытаў у затрыманага, дзе ён быў у нядзелю ў тры гадзіны дня. Дзмітрый Серада адказаў, што ўвесь дзень быў на рыбалцы за 80 км ад Менска. Дарэчы, усталяваць яго месца знаходжання для міліцыі не складана: не толькі апытаўшы сведак, але і па лакалізацыі яго мабільнага тэлефона, з якога ён тэлефанаваў у той дзень.

Дзмітрыя даставілі ў РУУС Заводскага раёна Менска, у спецаўтатранспарце працягнулі збіваць. Некалькі гадзін пратрымалі ў РУУС, а пасля гэтага даставілі ў Следчы камітэт, дзе дапыталі. Яго падазравалі паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу - «Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, што суправаджаюцца ўжываннем гвалту або пагрозай яго прымянення або знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці альбо адрозніваюцца сваім зместам выключным цынізмам (хуліганствам)».

На працэдуры апазнання пацярпелая не змагла пазнаць у затрыманым чалавека, які ўчыніў злачынства, а сведка і зусім заявіла, што Дзмітрый не падобны на злачынцу.

Аднак мужчыну пакінулі пад вартай на ноч, і яшчэ цэлы наступны дзень пратрымалі ў РУУС. За гэты час Дзмітрый Серада ні разу не еў. У сярэдзіне дня ў яго пачаліся вострыя колікі, і супрацоўнікі міліцыі прапаноўвалі яму парацэтамол(!), але ўрэшце усё ж такі выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі палічылі, што сімптомы могуць быць выкліканыя двухдзённым галаданнем, але вострай паталогіі не выявілі.

Адпусцілі яго толькi 5 жніўня прыблізна а 16 гадзіне, бо ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

Пасля гэтага Дзмітрый Серада звярнуўся да судмедэкспэртаў, якія ўсталявалі ў яго страсенне галаўнога мозгу лёгкай ступені і ўдар пярэдняй сценкі брушной поласці.

Цяпер мужчына на бальнічным. Дачку вазілі на абследаванне ў дзіцячы псіхіятрычны дыспансер, дзе псіхолаг высветліла, што дзяўчынка знаходзіцца ў стрэсе. Таксама Дзмітрый з жонкай плануюць самі звярнуцца за псіхалагічнай дапамогай, бо дагэтуль знаходзяцца ў стане шоку і стрэсу.

Дзмітрый Серада ўжо накіраваў скаргі ва Упраўленне Следчага камітэта, начальніку Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў і Пракуратуру, у якіх просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія аддалі распараджэнне правесці штурм яго кватэры і сілавое затрыманне яго ў якасці падазраванага паводле крымінальнай справе, а таксама тых, хто збіваў яго ў кватэры і ў спецтранспарце пры дастаўцы ў РУУС.

- Акрамя фізічнай і маральнай шкоды мне і маёй сям'і, нанесеная яшчэ і матэрыяльная шкода маёй маёмасці. Я цалкам расчараваны ў нашай міліцыі. Перада мной нават ніхто не папрасіў прабачэння. Але я такіх здзекаў трываць не мае намеру, - сказаў Дзмітрый Серада.

Юрыст Павел Сапелка падкрэслівае, што паводле закона супрацоўнік органаў унутраных спраў пры выкананні пастаўленых задач ужывае фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, зброю, баявую і спецыяльную тэхніку, калі іншымі спосабамі выкананне гэтых задач не ўяўляецца магчымым.

Аднак прымяненню фізічнай сілы і названых спецсродкаў павiнна папярэднiчаць дакладна выражанае i вiдавочнае для асобы, супраць якой яны прымяняюцца, папярэджанне аб намеры іх ужыць, за выключэннем выпадкаў, калі прамаруджванне ў іх ужыванні створыць непасрэдную небяспеку для жыцця грамадзян або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы.

Падстаў для прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў пры затрыманні Дзмітрыя Серады не было. Злачынства, ва ўчыненні якога яго падазравалі, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, не носіць гвалтоўны характар. Спатрэбілася правядзенне некалькіх следчых дзеянняў, каб высветліць яго недатычнасць да ўчынення гэтага злачынства.

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, ужылі фізічную сілу і спецсродкі, відавочна, у мэтах паказаць сваю фізічную і ўладную перавагу, каб прынізіць і запалохаць Дзмітрыя Сераду, зламаць яго як асобу да правядзення следчых дзеянняў.

Напісаць каментар 136

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках