23 траўня 2024, Чацвер, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Мінспорту распавялі, як аграсядзібы змогуць праводзіць вяселлі ды юбілеі

4
У Мінспорту распавялі, як аграсядзібы змогуць праводзіць вяселлі ды юбілеі

Гаспадарам аграсядзібаў давядзецца працаваць паводле новых правілаў.

Уладальнікам аграсядзібаў, якія хочуць праводзіць вяселлі ды юбілеі, давядзецца працаваць паводле новых правілаў: альбо перайсці ў ІП, альбо выплачваць павышаны падатак. Які з двух варыянтаў будзе ў канчатковым праекце ўказа наконт аграэкатурызму, цяпер абмяркоўваюць на пляцоўцы пры Мінспорту. Пры гэтым для гаспадароў аграсядзібаў хочуць увесці пераходны перыяд, падчас якога яны змогуць працаваць паводле старых правілаў, распавялі tut.by ў структуры.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года на сайце Мінспорту і турызму размясцілі для абмеркавання праект указа Лукашэнкі для ўнясення змяненняў у заканадаўства наконт аграэкатурызму. У праекце было прапісана, што ўладальнікам аграэкасядзібаў могуць забараніць размяшчаць адначасова больш чым 20 турыстаў. Але з агаворкай - абмежаванне ў колькасці гасцей не будзе распаўсюджвацца на экскурсійныя групы і ўдзельнікаў знакавых мерапрыемстваў.

Яшчэ адно змяненне, якое прапаноўвалася прыняць, - забараніць праводзіць у аграсядзібах вяселлі, юбілеі ды рытуальныя мерапрыемствы. Каб надаваць такія паслугі, давядзецца афармляць ІП.

Пасля некалькіх пасяджэнняў рабочай групы ў праект указа наконт агратурызму ўнеслі змены. З дакумента прыбралі пункт, згодна з якім уладальнікі аграсядзібаў змогуць адначасова прымаць не больш за 20 турыстаў.

- Гэтую норму выключылі, бо ўладальнікі аграсядзібаў праводзяць мерапрыемствы, на якія збіраецца больш, чым 20 чалавек. Да прыкладу, народныя абрады, - адзначае намеснік дырэктара дэпартамента турызму Мінспорту і турызму Віталь Грыцэвіч.

Абноўлены ўказ, як прапануецца, павінен запрацаваць з 1 студзеня 2019 года (раней прапаноўвалася ўвесці яго з 1 сакавіка гэтага года).

- Ва ўладальнікаў сядзіб, як чакаецца, будзе пераходны перыяд амаль у 2 гады на прывядзенне сваёй дзейнасці ў адпаведнасць з нормамі ўказа. Я думаю, што гэта дастатковы тэрмін, каб людзі маглі падрыхтавацца да новых правілаў. Але гэтае пытанне яшчэ абмяркоўваецца, - мяркуе Віталь Грыцэвіч. - Магчыма, дзесьці перагнулі палку, але змены ў заканадаўства наспелі.

Прасцей кажучы, да 2019 года гаспадары аграсядзібаў змогуць працаваць паводле старых правілаў, у тым ліку без рэгістрацыі ІП праводзіць вяселлі, юбілеі і рытуальныя мерапрыемствы. Цяпер на пляцоўцы пры Мінспорту абмяркоўваюць, на якіх умовах уладальнікі сядзіб змогуць надаваць гэтыя паслугі пасля пераходнага перыяду. З варыянтаў - альбо пераходзіць у ІП, альбо выплачваць падвышаны падатак.

- На гэты момант мы плануем, што аграсядзібы не павінны займацца вяселлямі, банкетамі і карпаратывамі без рэгістрацыі юрыдычнай асобы або ІП. Але ў якасці альтэрнатыўнага варыянту разглядаецца магчымасць надаваць такія паслугі пры ўсталяванні пэўнага падатку, - кажа Віталь Грыцэвіч. - Мы цяпер з Міністэрствам падаткаў і збораў прапрацоўваем гэта пытанне. Можа быць, гэта будзе аднаразовы падатак. Дапусцім, уладальнік сядзібы ведае, што ён будзе ў чэрвені праводзіць вяселле, у такім выпадку ён павінен паведаміць пра гэта ў падатковую інспекцыю і заплаціць аднаразовы падатак. Можа быць, гэта будзе штомесячны падатак.

Акрамя таго, у Мінспорту цяпер разглядаюць варыянт, каб павысіць падатак для тых сядзібаў, якія размешчаны недалёка ад Менска, абласных гарадоў і курортных зон. Разглядаецца таксама магчымасць прывязаць стаўку падатку да памеру сядзібы.

Нагадаем, некаторыя ўладальнікі сядзіб раней выступалі за падвышэнне падатку для тых, хто праводзіць вяселлі, але з умовай, што не трэба рэгістраваць ІП.

- Ніводная сядзіба без правядзення ўрачыстасцяў і вяселляў не выжыве. Таму што 2-5 вяселляў, якія ладзяць у летні сезон, дазваляюць ім утрымліваць дом увесь астатні час. І калі забараніць гэта рабіць, то ніхто не выжыве. Ёсць прапанова перавесці ўсіх, хто хоча праводзіць масавыя мерапрыемствы, у ІП. Але мы даводзім, што гэта эканамічна нерэнтабельна, - перакананая кіраўніца грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова, якая ўваходзіць у працоўную групу агратурызму пры Мінспорту. - Трэба ўвесці ўсякі збор за правядзенне ўрачыстасцяў, але дазволіць гэтым займацца без рэгістрацыі ІП.

Уладальнік сядзібы «Вусце LIFE» ў Браслаўскім раёне Юрый Жарко не праводзіць вяселлі і юбілеі. Ён перакананы, што можна зарабіць на іншых паслугах. Да прыкладу, на рыбалцы ці культурных паслугах. Юрый прапануе ўвесці падвышаны падатак для тых, хто размяшчае турыстаў больш, чым у 10 пакоях (цяпер уладальнікі сядзібаў не могуць выкарыстоўваць пад сядзібы дамы, у якіх больш за 10 пакояў).

На думку Валерыі Кліцуновай, трэба і зусім зняць абмежаванне ў колькасці пакояў у аграсядзібе (цяпер - не больш за 10-ць).

Таксама кіраўніца грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» адзначыла, што рабочай групе ўдалося дамовіцца, каб пакінуць заяўны прынцып для ўладальнікаў аграсядзібаў (раней прапаноўвалася ўвесці выдачу спецыяльных дазволаў).

Праект указа пададуць у Саўмін да 20 студзеня.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках