2 траўня 2024, Чацвер, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі суд выслаў Гарбачову тры позвы на апытанне ў якасці сведкі

7
Літоўскі суд выслаў Гарбачову тры позвы на апытанне ў якасці сведкі
МІХАІЛ ГАРБАЧОЎ

Віленскі акруговы суд не губляе надзеі апытаць у якасці сведкі ў справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года ў Вільні былога кіраўніка ССCР.

Аднак Генпракуратура і Крымінальная паліцыя прадаўжаюць збор дадатковай інфармацыі і ўдакладняюць звесткі аб падазраваных у дасудовым расследаванні, вылучаным у снежні 2014 года з крымінальнай справы, якую цяпер разглядае сталічны суд, паведамляе ru.Delfi.lt.

У згаданым асобным расследаванні падазраванымі ва ўчыненні злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў прызнаныя 9 грамадзян Расеі, падазрэнні якім удакладняюцца, а ў дачыненні да іншых 74 асоб збіраецца дадатковая інфармацыя.

Аднак у Віленскі акруговы суд перададзеныя падазрэнні ў дачыненні да больш чым 60 асобаў, усе падазраваныя, акрамя двух чалавек з'яўляюцца падсуднымі завочна. Справа разглядаецца ўжо год. Цяпер праводзіцца апытанне пацярпелых ад савецкай агрэсіі.

Нягледзячы на тое, што суд трыма спосабамі - электронным і звычайным лістом, зваротам праз міністэрства юстыцыі накіраваў позвы Гарбачову, ягоныя прадстаўнікі сцвярджаюць, што нічога не атрымлівалі.

Прэс-сакратар фонду Гарбачова ў Маскве Уладзімір Палякоў паведамляў BNS, што былы прэзідэнт СССР не атрымліваў ніякай позвы на апытанне. Паводле ягоных слоў, пакуль не атрымана ніякай позвы, Гарбачоў не разглядае магчымасць прыбыць на апытанне ў суд.

Пракуроры адзначалі, што раней Расея адмаўляла ў задавальненні просьбы Літвы апытаць Гарбачова і іншых былых высокапастаўленых кіраўнікоў CССР у справе аб падзеях 13 студзеня.

Сёлета споўнілася 26 гадоў з ночы 13 студзеня, калі ў выніку дзеянняў савецкіх вайскоўцаў у Вільні каля Дому друку, тэлевежы і будынку Літоўскага радыё і ТБ было забіта 14 грамадзянскіх асоб.

Гэтая справа - адна з найбуйнейшых у сваім аб'ёме і колькасці абвінавачаных спраў у гісторыі судоў незалежнай Літвы. На лаве падсудных - два чалавекі, яшчэ больш за 60 абвінавачаных прыцягнутыя да суду завочна. Яны абвінавачваюцца ў ваенных злачынствах і ў злачынствах супраць чалавечнасці. Пацярпелых у гэтай справе - амаль 500, сведак - блізу тысячы. Справа складаецца з 709 тамоў, адзін толькі абвінаваўчы акт - з 13-ці тамоў.

У 1999 годзе ў справе аб падзеях 13 студзеня за стварэнне антыдзяржаўных арганізацый і іншыя злачынствы шэсць чалавек атрымалі турэмныя тэрміны.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках