7 траўня 2024, aўторак, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міс свету Аляксандра Чычыкава: Мне вельмі падабаецца беларуская мова

6
Міс свету Аляксандра Чычыкава: Мне вельмі падабаецца беларуская мова

Наша зямлячка зрабіла тое, што дагэтуль не ўдалося ніводнай беларусцы.

Аляксандра Чычыкава, якая перамагла на конкурсе «Міс свету-2017» на вазку, была ў гасцях у праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» і распавяла Аліне Коўшык, што ёй не падабаецца ў Беларусі, чые правы яна плануе бараніць і дзе хоча жыць.

- Саша, гэта выдатная навіна. Мы ўсе вельмі рады і шчыра віншуем цябе. Як змянілася тваё жыццё з таго моманту, як ты стала Міс Свету?

- Так, яно трохі змянілася. Ведаю, што калі вярнуся ў свой горад, яно зменіцца кардынальна. Мне пішуць вельмі шмат журналістаў, розныя тэлепраграмы запрашаюць на інтэрв'ю. Пакуль што гэта толькі паведамленні, на якія я адказваю. Але ведаю, як толькі я пераступлю парог аэрапорта, жыццё перавернецца.

- Саша, ты цяпер, мабыць, самая найлепшая візітоўка Беларусі і пасол нашай краіны. Што аб Беларусі ты можаш распавесці свету? Якую місію будзеш несці ты?

- Дзякуючы гэтаму конкурсу, які мне нават цяжка назваць конкурсам, хутчэй гэта мерапрыемства (бо там не было спаборніцтваў), я хачу несці ідэю, у тым ліку ў сваю краіну, пра тое, што мы маем роўныя магчымасці, што дзяўчына можа дасягаць пастаўленых мэтаў, можа ісці наперад. Пасля вяртання я хачу прасоўваць правы жанчын. Хачу мець сям'ю, дзяцей і не баяцца, што калі ты народзіш дзіця, хтосьці скажа, маўляў, ты не ў стане выхоўваць яго сама, таму мы яго забіраем.

- У Беларусі такая практыка ёсць?

- Так, у нас былі выпадкі, калі лекары такое сцвярджалі, і бацькі згаджаліся. Бо гэта сапраўды страшна, таму некаторыя бацькі пачынаюць сумнявацца і згаджаюцца з пастановай лекараў, бо хочуць лепшага для свайго дзіцяці. Але дзяржава можа пайсці насустрач і дапамагчы, даць табе асістэнта. Але чаму ты павінен змагацца за гэта, чаму дзяржава не робіць першы крок? Я хачу ісці ў гэтым кірунку. Хачу прасоўваць прыгажосць без межаў і права жанчын на розныя магчымасці.

- Што ты адчула, пабываўшы на гэтым конкурсе? Там былі дзясяткі выдатных, неймаверных дзяўчат, якія на розныя прычыны апынуліся ў вазках. Вы пасябравалі? Ты плануеш падарожнічаць далей па свеце?

- З усімі дзяўчатамі ў нас былі вельмі добрыя стасункі, мы падтрымлівалі адна адну. Мне вельмі падабалася, калі хтосьці казаў, што разам мы сіла, разам мы зменім свет. Падарожнічаць па свеце? Хутчэй не. Многія з дзяўчат запрашалі мяне да сябе, але спачатку я хачу працаваць у сваёй краіне, а потым ужо пашыраць свае межы.

- У цябе ёсць мара?

- У мяне няма мары. Хутчэй, я стаўлю перад сабой нейкую рэальную мэту і іду да яе. Але я ніколі не іду па галовах, я выбіраю больш добрыя шляхі – адкрытага сэрца, адкрытай усмешкі і праўды. Марыць – гэта не пра мяне.

- Гэта значыць, ты – цвёрдая дзяўчына, якая дамагаецца таго, што запланавала. Саша, усё ж ты цяпер – візітоўка Беларусі. Наколькі блізкія табе беларуская мова, беларуская культура? Ці плануеш ты рэкламаваць нашу краіну?

- Я вельмі люблю і сваю культуру, і сваю зямлю, і сваю краіну. Мне вельмі падабаецца беларуская мова. Але я вучылася ў расейскамоўнай школе, а беларускай мовы не было вельмі шмат, таму беларуская ў мяне крыху кульгае. Я стараюся падцягнуць яе да ўзроўню грамадзянкі Рэспублікі Беларусь. Я люблю зямлю, на якой я жыву, але сацыяльнае жыццё на ўзроўні дачынення да людзей мне тут не вельмі падабаецца.

- Мы ведаем, што ў Беларусі людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць сапраўды абмежаваныя магчымасці. Гэта не толькі інфраструктура, але і сацыяльная жыццё. Хацела б ты змяніць працу? Дзе б ты сапраўды рэалізавалася? Бо пасля такога вялікага поспеху гіпермаркет – мабыць, не тое месца, дзе ты можаш сябе рэалізаваць.

- Мне вельмі падабаецца там, дзе я працую, бо там я выкарыстоўваю веды, атрыманыя ва ўніверсітэце. Мы займаемся працоўнай адаптацыяй людзей з інваліднасцю, таму я карыстаюся ведамі з псіхалогіі. Мне падабаецца тое, што я навучаю людзей, я накіроўваю іх і паказваю, што нават калі ў цябе ёсць інваліднасць, ты можаш працаваць. Калі ты будзеш добра працаваць, то можаш пазней выйсці на адкрыты рынак працы. Там ты можаш атрымаць новую, больш прывабную для цябе працу. Таму я буду прадаўжаю працаваць у тым жа месцы, але сумяшчаючы са сваёй іншай, новай дзейнасцю. Думаю, што дырэктар пойдзе мне насустрач і скажа – давай, дзейнічай.

- Што б ты хацела пажадаць нашым гледачам і глядачкам? Што б ты ім сказала?

- Я гэта казала і на мерапрыемстве, на якім мы былі разам з усімі дзяўчатамі. Хачу пажадаць людзям, каб яны змагаліся з тым, чаго баяцца. Тое, што вам не падабаецца, тое, што вас палохае, трэба перамагчы. Калі вы пераможаце, вы будзеце ведаць, што магло б адбыцца, і нічога страшнага, калі ў вас ёсць страх.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках