6 траўня 2024, панядзелак, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камуналка падаражэе ў паўтара раза

62
Камуналка падаражэе ў паўтара раза

Якія «камунальныя падарункі» падрыхтавалі беларускія ўлады да Новага года.

З 1 студзеня 2018 года беларусы пачнуць аплачваць амаль усе паслугі ЖКГ поўным коштам. Субсыдыяванай застанецца толькі цеплавая энэргія. Экспэрты ўпэўненыя, што пераход на поўную аплату людзьмі паслуг ЖКГ – крок важны і непазбежны, але без рэформаў і канкурэнцыі ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі рост тарыфаў будзе бясконцым, піша сайт intex-press.by.

Размовы аб пераходзе на стоадсоткавую аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ ідуць не першы год. На такі крок Беларусь падштурхоўвае наш крэдытор – МВФ, пра яго патрэбу паўтараюць і экспэрты.

Праўда, колькі рэальна каштуюць паслугі ЖКГ, відавочна, не ведае ніхто. У лютым 2016 года, пасля скандалу з «тарыфамі ад балды», Аляксандр Лукашэнка даручыў зрабіць дакладныя разлікі ў сферы ЖКГ, і вынікі апынуліся, мякка кажучы, дзіўнымі.

– Што высветлілася? Што насельніцтва ўдвая больш плаціць грошай, не 40% выплат, а 80% насельніцтва плаціць, – сказаў Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў лютым мінулага года.

Камуналка падаражэе ў паўтара раза

Ці разабраліся з рэальным коштам паслуг ЖКГ за гэты час, невядома, але ў сярэдзіне жніўня міністр ЖКГ Аляксандр Церахаў заявіў, што з студзеня 2018 года беларусы выйдуць на 100%-ы ўзровень кампенсацыі выдаткаў ва ўсіх паслугах ЖКГ, акрамя цеплавой энэргіі. Іншымі словамі, субсідаванымі застануцца толькі ацяпленне і падагрэў вады. Гэтыя камунальныя паслугі і цяпер самыя дарагія ў рахунку, хоць насельніцтва аплачвае ўсяго блізу 20% ад іх сабекошту.

Калі палічыць паводле вераснёўскіх тарыфаў, то цяпер сярэднестатыстычная сям'я з трох чалавек, якія пражываюць у двухпакаёвай кватэры 48 квадратных метраў, плаціць за паслугі ЖКГ блізу 76 рублёў (разам з ацяпленнем і падагрэвам вады).

З 1 студзеня 2018 года, калі за ўсе паслугі, акрамя цеплавой энэргіі, давядзецца плаціць поўны кошт, рахунак пацяжэе да 114 рублёў (у тым ліку ацяпленне і падагрэў вады). А калі б з першага дня новага года давялося цалкам аплачваць і цеплавую энергію, плата за паслугі ЖКГ склала б больш за 200 рублёў!

Залезлі ў кішэню прадпрыемстваў

Экспэрты мяркуюць, што пераход да стоадсоткавай аплаты камуналкі патрэбны і непазбежны. Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сума Чакрабарці, які прыязджаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, назваў гэты працэс «вельмі важным крокам»: ён дазволіць больш эфектыўна выдаткоўваць бюджэтныя грошы і ўсвядоміць канчатковы сыход ад субсідавання ў сферы ЖКГ.

– У людзей фармуецца культура больш адказнага выкарыстання рэсурсаў: энэргіі, вады, цяпла, бо варта задумвацца пра кошт усяго гэтага, – заявіў Чакрабарці.

Такі пункт гледжання і ў беларускіх экспэртаў. Яны мяркуюць, што існая сістэма перакрыжаванага субсідавання, калі жыхары краіны плацяць за паслугі ЖКГ менш, а арганізацыі, прадпрыемствы выплачваюць недаплачаны людзьмі кошт жыллёва-камунальных паслуг, гэта чыніць шкоду эканоміцы краіны.

– Стоадсоткавая аплата насельніцтвам паслуг ЖКГ – гэта норма для рынкавай эканомікі, і не дарма на гэты крок беларускія ўлады падштурхоўвае МВФ. Цяперашняя сістэма перакрыжаванага субсідавання – гэта пыл у вочы. Меншыя сумы пішуць у рахунках, але гэтыя грошы не падаюць з паветра – іх бяруць з кішэні прадпрыемстваў, – кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

ЖКГ – чорная скрыня

Разам з тым, на думку Класкоўскага, пераход да стоадсоткавай аплаты насельніцтвам паслуг ЖКГ павінен адбывацца разам з рэформамі ў ЖКГ, а ў нашай краіне гэтага не назіраецца. Сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў цяперашнім яе стане Класкоўскі называе «чорнай скрыняй», дзе існуе шмат магчымасцяў для махінацый, накрутак тарыфаў.

– У сферы ЖКГ патрэбна канкурэнцыя: каб чалавек мог выбраць, ці карыстацца паслугамі ЖЭСу ці якой-небудзь іншай арганізацыі. Без канкурэнцыі гэта ўсё ператворыцца ў банальнае бесперапыннае падвышэнне тарыфаў, – мяркуе суразмоўца. – Але ўлады на рэформы не ідуць, а толькі заяўляюць пра тое, што рахункі стануць больш празрыстымі, выдаткі на паслугі ЖКГ знізяцца.

Тарыфы будуць расці

На думку Класкоўскага, Беларусь даўно б ужо перайшла на стоадсоткавую камуналку, але ўлады баяцца пратэстаў і надумалі зрабіць гэты працэс паступовым, «адсякаючы хвост у некалькі прыёмаў». Але ўжо праз паўгода-год, на думку Класкоўскага, людзі будуць аплачваць усе камунальныя паслугі поўным коштам. Але гэта зусім не значыць, што рост тарыфаў спыніцца.

Тарыфы на паслугі ЖКГ, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю выдаткаў на іх выкананне, увесь час даражэюць. Возьмем, да прыкладу, ваду і каналізацыю. У 2013 годзе кубаметр падачы вады і яе адвядзення для Баранавічаў каштаваў 0,15 рубля (дэнамінаваных). Насельніцтва выплачвала амаль 19% ад поўнага кошту вады. Да верасня 2017 года тарыф павялічыўся амаль у 6,4 раза. Здавалася б, мы ўжо з лішкам кампенсуем 100%. Але не. Калі верыць звесткам камунальнікаў, мы выплачваем блізу 65% ад рэальнага кошту вады і яе адвядзення.

– І без рэформаў у сістэме ЖКГ рост тарыфаў можа адбывацца бясконца доўга, – рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках