8 траўня 2024, Серада, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кожнага беларуса пакінулі без $200 дапамогі

24
Кожнага беларуса пакінулі без $200 дапамогі

Стратны дзяржаўны сектар збірае даніну з насельніцтва.

Беларускі прыватны сектар зусім не падобны да ўкраінскага і расейскага. Ён развіваўся ў зусім іншых умовах і паводле іншых прынцыпаў.

- Беларускі бізнэс з 1996 да 2006 год фармаваўся пры сярэднім тэмпе інфляцыі 80% на год, пры самых дарагіх грошах на постсацыялістычнай прасторы. З даследаванняў Бізнэс-школы і Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту, у 2002 годзе шкляная столь для бізнэсу была тры мільёны даляраў, - распавёў генеральны дырэктар Бізнэс-школы ІПМ Павел Данейка на канферэнцыі Reshape 2017, арганізаванай платформай «Ідэя», піша сайт«Заўтра тваёй краіны».

У такіх умовах выжывалі і развіваліся экспартаарыентаваныя вытворчыя кампаніі. Традыцыйна гэта былі дрэваапрацоўка, вытворчасць касметыкі, мэбля, hi-tech. Беларускія прадукты карысталіся попытам на блізкіх рынках, якім пасавала «еўрапейскае якасць кітайскім коштам». Ключом да поспеху такіх кампаній была якасць і кліетаарыентаванасць. Так нараджалася каштоўнасная сістэма беларускага бізнэсу.

- Такая характарыстыка, як значнасць якасці прадукцыі і паслугі - у беларусаў у розных галінах гэта першы-трэці прыярытэт. Ва ўкраінцаў і расейцаў ён стаіць у канцы дзясятка прыярытэтаў, - кажа эканаміст.

«Стратныя дзяржпрадпрыемствы лягчэй закрыць, чым прыватызаваць»

Беларускі прыватны сектар змог развівацца, нягледзячы на перашкоды. Але сёння поспех эканомікі ў цэлым залежыць ад таго, ці будуць танныя грошы, ці будзе макраэканоміка ўстойлівай ці не.

Адная з галоўных праблем Беларусі - неэфектыўны дзяржаўны сектар, які, на думку Паўла Данейкі, ужо прасцей закрыць, чым прыватызаваць.

- Праблема, якая стаіць перад Беларуссю, не ўнікальная. 30-40 гадоў таму Швэцыя была краінай суднабудаўнікоў і металургаў. Дзе цяпер гэтыя людзі? Што засталося ад гэтых галін? Гэта нармальны працэс, калі адны прадпрыемствы закрываюцца, а іншыя адкрываюцца, адны галіны згортваюцца, пераязджаюць у іншыя краіны, а на іх месцы вырастаюць новыя. Для гэтага патрэбныя сацыяльныя амартызатары, сістэма, калі людзям забяспечваецца магчымасць перакваліфікацыі, сістэма падтрымкі беспрацоўных, - растлумачыў сваё бачанне Павел Данейка.

Далейшае развіццё беларускага бізнэсу патрабуе патаннення грошай. Нават паспяховым кампаніям патрэбныя танныя грошы, таму што яны дыверсіфікуюцца, выходзяць на новыя рынкі, растуць. І калі ў доўгатэрміновым плане не забяспечыць макраэканамічную ўстойлівасць пры танных грошах, то рост эканомікі будзе пад вялікім пытаннем.

- Калі сумы, якія сыходзяць на падтрыманне стратных прадпрыемстваў, супаставіць з сумамі, неабходнымі для стварэння сістэмы падтрымкі беспрацоўных, то, паводле маіх разлікаў, дапамога з прычыны беспрацоўя магло б складаць суму 200-250 даляраў. З такімі грашыма чалавек можа нейкі перыяд жыць, пакуль ён праходзіць тую ж перападрыхтоўку, - мяркуе эканаміст.

«Савецкі запас ведаў падыходзіць да канца»

Экспэрты і прадстаўнікі бізнэсу ўжо некалькі гадоў кажуць пра тое, што ў розных галінах эканомікі не стае кваліфікаваных кадраў. Прафесійная падрыхтоўка студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў часта не адпавядае умовам і чаканням рынку працы, які развіваецца і змяняецца, істотная частка якога - прыватныя кампаніі.

- Апошняе апытанне паказвае, што самая вялікая праблема для лакаматыва эканомікі – паспяховых прыватных кампаній - гэта падрыхтаваныя кадры і недахоп камунікацыі з навукай, - кажа Павел Данейка. - Роля дзяржавы - інвеставаць у адукацыю і навуковыя распрацоўкі, бо той савецкі запас ужо падыходзіць да канца.

Спасылаючыся на тэорыю міжнароднай канкурэнтаздольнасці нацый Майкла Портэра, экспэрт падкрэслівае, што адукацыя займае важную ролю сярод традыцыйных чыннікаў вытворчасці, якія фармуюць канкурэнтныя перавагі краіны.

- Такія асноўныя чыннікі, як базавая школьная ды ўніверсітэцкая адукацыя, павінна ствараць дзяржава. А ўжо што тычыцца спецыялізацый, кафедраў, асобных навуковых кірункаў, там больш актыўна можа ўдзельнічаць прыватны сектар, - каментуе Павал Данейка.

Беларускія кампаніі ўжо супрацоўнічаюць з асобнымі ўніверсітэтамі, прымаюць удзел у падрыхтоўцы студэнтаў з ранніх курсаў, аплачваюць практыкі. Але супольная работа дзяржавы і прыватнага сектара пакуль «не цягне» на паўнавартаснае супрацоўніцтва. На думку кіраўніка Бізнэс-школы ІПМ, супрацоўніцтва дзяржавы з бізнэсам у развіцці пэўных галін і прафесій дало б значны вынік у падрыхтоўцы кваліфікаваных работнікаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках