11 траўня 2024, Субота, 5:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яшчэ адзін выпадак дзедаўшчыны: Жаўнер павесіўся пасля пераводу з Печаў

36
Яшчэ адзін выпадак дзедаўшчыны: Жаўнер павесіўся пасля пераводу з Печаў
ПАВЕЛ СТАРАНКОЎ

Нестатутныя дачыненні ў войску прадаўжаюць заставацца на парадку дня.

Смерць Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах і разбіральніцтва, пачатае ў сувязі з гэтым, дало надзею на справядлівасць і іншым бацькам загінулых вайскоўцаў. Нягледзячы на заяву старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча аб паўторнай праверцы ўсіх такіх выпадкаў, справа 19-гадовага Паўла Старанкова дагэтуль застаецца без увагі сілавікоў, а лісты і скаргі бацькоў — без адказу. Акрамя сілавікоў, пошукамі Пашы займаўся атрад «Анёл», але ўсё безвынікова. Праз тры месяцы цела хлопца знайшлі рыбакі ў некалькіх кіламетрах ад часткі. Экспэртыза не змагла ўстанавіць, ці быў ён забіты, піша «Еўрарадыё».

Пасля школы Павел Старанкоў пайшоў вучыцца на механіка ліфтаў у магілёўскі электратэхнічны каледж. Папрацаваўшы ў абласным цэнтры па спецыяльнасці, хлопец наважвае прадоўжыць навучанне, але не паступае. А 26 траўня 2016 года Паўла заклікаюць у вайсковую частку 44540 пад Жодзінам, адкуль пасля прысягі накіроўваюць на вучобу ў 12-ю школу знакамітага Аб'яднанага вучэбнага корпуса №72 у Печах.

«Ён мне тэлефанаваў з Печаў у ліпені і вельмі плакаў, быў вельмі засмучаны, — распавядае мама Паўла Валянціна Старанкова. — Я ў яго спытала, ці цяжка служыць, ён адказаў, што цяжка. Але больш нічога не распавёў, можа, побач з ім стаяў хтосьці. У жніўні я да яго прыехала, але ён ужо нічога не казаў, не скардзіўся ні на што. Разумееце, можа, яму загадалі, можа, нейкія разавыя выпадкі былі».

ФОТА: ВАЛЕРЫЙ ПРЫГАРЫН/HORKI.INFO

Сям'я Старанковых жыве ў вёсцы Хадасах Магілёўскай вобласці, таму грошы на картку часцей пераводзілі сваякі з Менска і Магілёва.

«Шчыра кажучы, я ўжо не памятаю, колькі мы грошай яму давалі, — прадаўжае маці хлопца. — Ён жа ў нас адзін, таму мы не шкадавалі і не зацыкліваліся на гэтым пытанні. Перадавалі яму розныя перадачы — шкарпэткі, ласьёны для галення... Сваякі клалі грошы на картку, хто 20, хто па 40 рублёў, але мы не лічылі. Тэлефон у яго быў, і мы, натуральна, клалі на яго грошы. Калі банкамат не працаваў, то цётка клала грошы. Але таксама не падлічвалі. 10-20 рублёў — толькі тэлефануй, толькі, каб усё было ў парадку!»

Часта ездзіць з беларуска-расейскага памежжа пад Менск, каб наведаць сына ў войску, не атрымлівалася. Падчас рэдкіх сустрэчаў Валянціна Старанкова ніякіх сінякоў або драпін у Паўла не заўважала. Запомнілася, як сын скардзіўся на тое, што вельмі доўга не бяруць праць адзенне. За час вучобы ў Печах Павел трапіў у медсанчастку з нейкім скураным раздражненнем. Пра гэта хлопец распавядаў маці без падрабязнасцяў, маўляў, пачала свярбець скура, амаль тыдзень лячыўся. У лістападзе, атрымаўшы спецыяльнасць, хлопец вяртаецца служыць у Жодзіна.

ФОТА: ВАЛЕРЫЙ ПРЫГАРЫН/HORKI.INFO

«Ён прыбыў у частку, патэлефанаваў мне і быў вельмі засмучаны, — успамінае маці Паўла. — Ён папрасіў грошай, мы спыталі, колькі, кажа: колькі перавядзем. Мы перадалі ягоную просьбу цётцы з Менска. Яна пасля працы ўвечары ў чацвер перавяла яму 40 рублёў. У пятніцу яны прыйшлі, а ў суботу Паша ўжо знік. Дарэчы, гэтыя грошы выявіліся ў выніку некранутымі. У чацвер вечарам Паша зноў мне тэлефанаваў, быў засмучаны. Я спытала: «Што, Паша, дрэнна табе? Гэта ж часова, адслужыш гэты перыяд, прыйдуць малодшыя, тады і ты будзеш імі камандаваць». А ён адказаў, што не будзе так ставіцца да маладых. Пыталіся, чым дапамагчы яму, ён сказаў пра грошы, мы сказалі, што грошы ўжо перавялі. Сказала, што перадам яму бандэроль! Але голас у яго быў вельмі засмучаны. А ў пятніцу зноў патэлефанаваў. Або хтосьці побач быў, або загадаў хтосьці, але сказаў толькі: «У мяне ўсё нармальна! У мяне ўсё нармальна!». І на гэтым тэлефон адключыўся!»

У суботу, 12 лістапада 2016 года, сваякі чакалі ад Паўла званка. У выхадныя хлопец часцей званіў, «бо кіраўніцтва можа і да абеду набраць, і пасля абеду». Але на гэты раз Паша нават не адказваў на СМС ад бацькоў. Вечарам праз тэлефон паведамляюць, што Паша знік. Як такое магло адбыцца і з якой прычыны, ніхто не тлумачыць.

«Там былі хлопцы, землякі, з якімі прызываўся разам, прызваныя на паўгода раней, — прадаўжае Валянціна Старанкова. — Ніхто нічога не ведаў. Я адразу патэлефанавала ягонаму аднакласніку, які на паўгода раней прызываўся туды, спытала тэлефон у ягонай мамы. Пытаюся ў яго: ці бачыў ты Пашку? Адказаў, што ў абед бачыў, а цяпер стаіць у патрулі і нічога не ведае. Спытала, як сустрэлі ў частцы Пашу, то ён таксама не ведаў».

Знайшлі Паўла Старанкова ў пачатку лютага 2017 года на беразе ракі Плісы побач з вёскай Залессе, што ў некалькіх кіламетрах ад Жодзіна і ў кіламетрах 13-і ад знакамітых Печаў. Хлопец нібыта павесіўся на бярозе проста на беразе ракі. Нягледзячы на блізкасць самога Жодзіна і дзвюх вёсак, яго не маглі знайсці амаль тры месяцы — усю зіму, калі на дрэвах больш няма лісця і берагі ракі праглядаюцца далёка.

«Менскі следчы, які вёў справу, бо частка ў менскай вобласці знаходзіцца, напісаў, штосьці накшталт «следства прыпыненае да высвятлення дадатковых абставінаў», — кажа маці Паўла. — Барысаўскія следчыя, якія разбіраліся ў тым, што здарылася, бо цела знайшлі ў Барысаўскім раёне, адмовіліся распачынаць крымінальную справу, бо нібыта суіцыд. Экспэртыза паказала, што парэшткі сапраўды належаць Паўлу, але ці гвалтоўная гэта смерць, устанавіць немагчыма, бо адсутнічаюць мяккія тканіны».

ФОТА: ВАЛЕРЫЙ ПРЫГАРЫН/HORKI.INFO

Толькі ў верасні ў якасці доваду суіцыду вайскоўцы перадалі бацькам копію дзённіка Паўла, дзе сярод апісання вайсковых будняў знаходзяцца вершы аб смерці. Але Валянціна Старанкова перакананая, што почырк гэта зусім не Пашы, ды і не схільны яе сын да вядзення дзённікаў.

«Калі вучыўся ў вайсковай школе, то вёў сшытак, маляваў там нейкія схемы, пісаў навучальныя пытанні, вось там ягоны почырк. А ў гэтым дзённіку не ягоны почырк. Муж адразу сказаў. Ён жа ў нас адзін, мы ж з ім заўсёды разам штосьці малявалі, пісалі...мы ж ведаем! Ну, не ягоны гэта почырк і ўсё! Ды і ён ніколі нічога не пісаў. Калі час вольны, то садзіўся за кампутар. Летам з'ездзіць да сяброў на ровары, дзе ў футбол пагуляе...Ну, што будзе ў дзённік пісаць малады хлопец? Ён лепш патэлефануе каму-небудзь, пагаворыць...ну якія вершы!? Ён у вольны час усе рамантаваў кампутар, разбярэ, пачысціць пыласосам, драты паправіць... Якія вершы?»

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках