5 траўня 2024, Нядзеля, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Калі б кулю знайшлі не ў француза, а ў беларуса, то прысуд быў бы іншым

11
Андрэй Стрыжак: Калі б кулю знайшлі не ў француза, а ў беларуса, то прысуд быў бы іншым
АНДРЭЙ СТРЫЖАК
ФОТА: FACEBOOK

Паводле статыстыкі, у Беларусі выносіцца толькі 0,18% апраўдальных прысудаў.

20 лістапада беларускі суд вызваліў француза Жалана Віё, якога затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Іншаземец правёў за кратамі амаль два месяцы. Яго абвінавачвалі ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі і незаконным абароце атрутных рэчываў. 24-гадовы Жалан Віё, жыхар Лондана, падарожнічаў па Еўропе. У Беларусь ён прыехаў з Літвы і 21 верасня спрабаваў патрапіць ва Украіну праз памежны пераход "Новая Гута", паведамляе euroradio.by.

"Я па-ангельску адказаў пытаннем на пытанне: “Ці з'яўляецца куля забароненай, я не ведаю?". Яны не зразумелі мяне і жэстамі папрасілі паказаць. Я палез у заплечнік. У скрутку ляжала куля і іншыя сувеніры з іншых краін, якія я набыў раней", - распавядаў Віё на першым жа пасяджэнні ў судзе 15 лістапада, амаль праз два месяцы пасля затрымання.

Француз распавёў, што патрон яму падарылі ў Варшаве, паведаміўшы, што гэта муляж. Супрацоўнік Гомельскай мытні на судзе прызнаўся, што дрэнна валодае ангельскай мовай, але надумаў праявіць пільную ўвагу да французу праз "бараду гэтага грамадзяніна". На відэазапісе з мытні, які праглядалі ў суд, выразна відаць і чуваць, як француз пытаецца мытніка, ці можна правозіць патрон праз мяжу. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў праваабаронца Андрэй Стрыжак, які сачыў за працэсам.

"Апраўдальны прысуд у гэтым выпадку, безумоўна, мае палітычны характар, бо нашая дзяржава не зацікаўленая ў псаванні стасункаў з такімі краінамі, як Францыя, - разважае праваабаронца. - У нас даволі нейтральныя стасункі. Яны асабліва не крытыкуюць Лукашэнку за яго аўтарытарны стыль кіравання. Францыя ў нас даволі моцны гандлёвы партнёр. У тым жа Гомелі ёсць дзве школы з французскай мовай навучання ў якасці замежнай мовы, а да нядаўняга часу існаваў Беларуска-французскі інстытут кіравання, пасля навучання у якім студэнты маглі паехаць у Леон або Марсэль і давучвацца два гады. Псаваць стасункі праз нейкі патрон было б дзіўна. Карацей, гэты прысуд быў вынесены толькі таму, што гэта французскі грамадзянін. Калі б на яго месцы быў беларус, то мы б убачылі зусім іншую карціну, на жаль".

Паводле статыстыкі, у Беларусі выносіцца толькі 0,18% апраўдальных прысудаў. Што Жалан Віё трапіць у спіс шчасліўцаў, Андрэй Стрыжак не верыў і ставіў на перакваліфікацыю справы. Бо дзеянні замежніка не былі наўмыснымі, таму можна было разглядаць гэта, як факт перадачы патрона, які быў знойдзены.

Зараз Жалан Віё мае магчымасць патрабаваць кампенсацыю за перажытае ў Беларусі, але выйшаўшы з залы суда, ён заявіў, што "ў атрыманым досведзе больш станоўчага, чым адмоўнага, хай застаецца ўсё, як ёсць".

"На ягоным месцы, выйшаўшы з залы суда, я б таксама падзякаваў усім і пабег бы хутчэй на самалёт, - усміхаецца Андрэй Стрыжак. - Але мы будзем намагаць, каб гэты працэс усё ж быў праведзены. Але казаць, што за адзін дзень у следчым ізалятары выплачваецца 10 рублёў кампенсацыі, нельга. Звычайнаму чалавеку вельмі складана апісаць свае пакуты за знаходжанне ва ўмовах, якія не адпавядаюць міжнародным мінімальным умовам утрымання. Але ёсць добра прапрацаваныя сістэмы, якія добра распісваюць гэтыя пакуты, абапіраючыся на досвед у іншых краінах, на іншыя судовыя працэсы. Пасля адбыцця арышту чалавек можа прайсці даследаванне і высветліць, якія змены адбыліся ў арганізме. Гэта ўсё аблічваць коштамі. З гэтых коштаў матэрыяльнай і маральнай шкоды складаецца кампенсацыйная выплата, якую можна ў такіх выпадках заявіць".

За незаконную перавозку агнястрэльнай зброі французу пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі. Аднак пракурорка папрасіла яго толькі аштрафаваць на суму 6 900 рублёў. Пасля вызвалення журналісты спыталі Віё, ці збіраецца ён яшчэ раз наведаць Беларусь?

"Калі некалі Лукашэнка перастане быць прэзідэнтам, чаму не?", - адказаў чужаземец. Але яго перакладчыца не адважылася вымавіць гэтыя словы, абарвалася на палове фразы. Таксама француз распавёў, што апошнія два тыдні ў камеры было холадна, бо адключылі ацяпленне, і дзякуючы беларускай турме Жалан убачыў пацукоў і прусакоў.

Нягледзячы на тое, што словы Жалана Віё прагучаць і ў замежных СМІ, Андрэй Стрыжак перакананы, што яны не паўплываюць на ўмовы ўтрымання ў следчым ізалятары.

"Калі будзе створаны незалежны орган маніторынгу, які зможа ўваходзіць у гэтыя ўстановы, то там адразу зменіцца сітуацыя, - тлумачыць праваабаронца. - Але пакуль адкрытага грамадскага кантролю не з'явіцца, усё будзе па-ранейшаму. Бо ўсе самыя дрэнныя рэчы адбываюцца за замкнёнымі дзвярыма, там, дзе ніхто не можа пракантраляваць тое, што там адбываецца напраўду".

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках