1 траўня 2024, Серада, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Вінярскі: Сістэму памяняем, калі будзем стала ціснуць

Максім Вінярскі: Сістэму памяняем, калі будзем стала ціснуць
МАКСІМ ВІНЯРСКІ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Нельга маўчаць, калі ты бачыш, што ў краіне адбываецца нейкая несправядлівасць.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі - удзельнік практычна ўсіх акцый пратэсту. Яго стала караюць штрафамі або арыштам, але гэта не спыняе чалавека, які наважыў такім чынам выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Максім Вінярскі распавёў сайту palitviazni.info пра час, праведзены ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, пратэсты і ўзровень рэпрэсій:

- Блізу двух месяцаў я правёў на Акрэсціна за ўдзел у розных мерапрыемствах. Як там было? Калі ты выходзіш супраць улады, то павінен быць гатовы да таго, што могуць адправіць далёка не ў санаторый. Дарэчы, нічога страшнага ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў няма. Натуральна, не вельмі прыемна, калі ў цябе забіраюць час, парушаюць планы. Але нават там можна знайсці метады, каб бараніць свае правы, правы калег і нават правы тых незнаёмых, хто з табой побач у камеры.

- А якое стаўленне да «палітычных» у супрацоўнікаў Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў?

- Кіраўніцтва апошнім часам забараняла перадаваць канцылярскія прыналежнасці, яшчэ нешта, але ў той жа час не магу сказаць і пра нейкае асабліва кепскае стаўленне. Яны мяркуюць, што выконваюць свае функцыі, робяць тое, што ім загадалі. А наша справа - не забываць ім нагадваць, што ўсім тым незаконным дзеянням, якія робяцца, у свой час будзе дадзеная суадносная прававая ацэнка.

Але, паўтаруся, не магу сказаць, што на Акрэсціна нейкія вельмі ўжо дрэнныя ўмовы ўтрымання, і што мяне там моцна пераследавалі.

- За год вы правялі ў камерах ізалятара блізу двух месяцаў. Што за публіка была ўвесь гэты час побач з вамі?

- Розныя людзі. Тыя, каго затрымалі нецвярозымі, хто трапіў пад арышт праз нейкія сямейныя скандалы або крадзяжы з крамаў. Але хачу адзначыць, што ўсе яны скардзяцца на міліцыю. У некаторых выпадках міліцыянты дапісвалі сядзельцам ізалятара няісныя парушэнні закона, і гэта, натуральна, абурала людзей. Многія проста выявіліся, што называецца, не ў тым месцы і не ў той час. Прыйшоў, скажам, чалавек на кватэру, якая знаходзіцца пад наглядам міліцыянтаў, яго затрымліваюць «на аўтамаце». І калі не знаходзяць, як апраўдаць свае дзеянні, адпраўляюць пад арышт.

Многія скардзяцца, што няма ніякага суда, што міліцыянты фактычна дамаўляюцца з суддзямі, а таму апраўдаць сябе практычна немагчыма. Навошта тады такія спектаклі ладзіць, калі ёсць папярэднія дамоўленасці? Хай бы і насамрэч адразу ў РУУС выпісвалі штрафы і дні адміністрацыйнага арышту. Такія беларускія рэаліі, пра якія ўсе ведаюць. Самае цікавае, што потым гэтых самых суддзяў і міліцыянтаў на еўрапейскія грошы будуць вучыць правам чалавека. Сто гадоў ім гэтыя правы не патрэбныя! Яны не выконваюць нават тыя законы, якія ёсць у краіне. Пасля змены ўлады гэтыя законы трэба мяняць, але і сёння яны не дзейнічаюць.

- А як сядзельцы ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ставяцца да «палітычных»?

- Абсалютна прыязна, хоць усё залежыць і ад кантынгенту на пэўны момант. Але, як ужо казаў, большасць пакрыўджаныя на ўладу і пакрыўджаныя абсалютна справядліва. Там рэдка сустракаеш чалавека, які б сказаў, што задаволены сённяшняй беларускай сістэмай. І справа не ў тым, што туды трапляюць, як кажуць, «асацыяльныя элементы». Закон павінен быць адзін для ўсіх. А справядлівасці няма, і гэта адчуваюць ўсё. І валацугі, і «палітычныя», і звычайныя беларусы, якія жывуць сваім звычайным жыццём, але таксама трапляюць у сітуацыю, калі ўлада дае ім нагой пад адно месца.

- Цяпер палітычныя актывісты атрымліваюць штрафы і арышты, таму некаторыя мяркуюць, што ўзровень рэпрэсій у краіне значна знізіўся. Ці згодныя вы з гэтым?

- Той, хто кажа, што сённяшні ўзровень рэпрэсій знізіўся - гэта людзі, якія з гэтым узроўнем не сутыкаліся, а, магчыма, пра штосьці пачыталі ў Інтэрнэце. «Змагароў на канапе» сёння ў Беларусі вялізная колькасць.

Але давайце прааналізуем, з чым маем справу. Не закрытая гучная крымінальная «справа патрыётаў», паводле яе прадаўжаюцца нейкія дзеянні, і, хутчэй за ўсё, будуць прысуды. Праваабаронцамі афіцыйна прызнаныя два палітычныя зняволеныя – Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. Акрамя таго, ёсць палітычна матываваныя прысуды. Таму казаць, што ў краіне няма рэпрэсій, здольныя толькі палітыкі-імітатары. Ёсць і такія, хто хоча заняць нішу «дамоваздольнай апазіцыі».

Такім людзям я б параіў падлічыць колькасць адміністрацыйных спраў (штрафаў і арыштаў), якія былі пасля 25 сакавіка гэтага года.

- Але Захад, відавочна, задаволены і тым, што ёсць...

- Так Захаду правільна трэба сітуацыю падаваць. Іншае пытанне: людзі свядома ў зман уводзяць еўрапалітыкаў альбо ці з уласнага глупства? Хоць вынік адзін і той жа.

- Вы выходзіце практычна на ўсе акцыі пратэсту. Гэта такая прынцыповая грамадзянская пазіцыя?

- Безумоўна. На мой погляд, нельга маўчаць, калі ты бачыш, што ў краіне адбываецца нейкая несправядлівасць. І чым больш людзей будзе займаць такую актыўную пазіцыю, тым менш будзе згодных маўчаць і таіць сваю незадаволенасць.

Гэтую сістэму можна прымусіць змяняцца толькі пры сталым на яе ціску. У беларускай апазіцыі не ўсе разумеюць, што, калі ты саступаеш, то адваяваць свае ранейшыя пазіцыі будзе куды больш складана. І чым больш будзеш саступаць сістэме, якая на цябе цісне, тым цяжэйшым будзе зваротны шлях.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках