2 траўня 2024, Чацвер, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» заклікаў Захад не верыць пустым абяцанням уладаў

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» заклікаў Захад не верыць пустым абяцанням уладаў
Андрей Шарендо

У Беларусі праваабарончыя пытанні пераводзяць у ранг палітычных для далейшага «гандлю» з Еўропай і ЗША.

У Берасці прайшла публічная дыскусія аб праблемах смяротнага пакарання ў Беларусі, у якой узялі ўдзел еўрапейскія дыпламаты і праваабаронцы, а таксама актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з Берасця Андрэй Шарэнда, паведамляе «Брэсцкая газета».

Чалавека караюць, каб прадухіліць іншыя злачынствы. Але няма статыстыкі, што смяротнае пакаранне спрыяе іх зніжэнню. Таму трэба мяняць стаўленне да паняцця жыцця, распавяла прадстаўніца грамадскай арганізацыі «Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання» (Гішпанія) Ганна Сафія Грэў на публічнай дыскусіі аб смяротным пакаранні, якая прайшла 22 лістапада ў канферэнц-зале гатэля «Эрмітаж». У Нарвегіі, адкуль Грэў родам, смяротнае пакаранне скасавалі больш за 100 гадоў таму. Калі адбыўся тэракт, у якім загінулі амаль 80 чалавек, тэрарыст (Андэрс Брэйвік, у Нарвегіі не называюць ягонага імя — заўв. аўт.) папрасіў, каб яго пакаралі смерцю. Але людзі наважылі, што нельга мэтанакіравана забіраць жыццё. «Вы можаце сказаць, што мы рызыкавалі. Але з гэтага моманту ўзровень злачыннасці не вырас, а гэтага чалавека ніхто не паважае», — адзначыла Грэў. Яна звярнула ўвагу, што ў Беларусі не ўжываюць смяротнае пакаранне смерцю для жанчын. Але гэта не значыць, што хто-небудзь з жанчын гатовы ўчыняць цяжкія злачынствы.

ПРАДСТАЎНІЦА ГРАМАДСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ «МІЖНАРОДНАЯ КАМІСІЯ СУПРАЦЬ СМЯРОТНАГА ПАКАРАННЯ» ГАННА САФІЯ ГРЭЎ

Больш за 60% беларусаў падтрымалі смяротнае пакаранне, паводле звестак даследавання Penal Reform International, у якім узялі ўдзел блізу 1 100 чалавек. Але ў пытанні, дзе была градацыя па ступені падтрымкі, менш за 30% адзначылі, што падтрымліваюць смяротнае пакаранне ў высокай ступені, прывёў звесткі выканаўчы дырэктар грамадскай арганізацыі The Death Penalty Project (Вялікая Брытанія) Парвэз Джабар. Важна, як пастаўленае пытанне. Адказваючы на бінарнае пытанне «так» або «не», людзі могуць мець на ўвазе не тое, што ў іх спыталі.

ВЫКАНАЎЧЫ ДЫРЭКТАР ГРАМАДСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ THE DEATH PENALTY PROJECT ПАРВЭЗ ДЖАБАР

У Берасцейскай вобласці смяротныя прысуды не прыводзілі ў выкананне з 2009 года. «Мы можам праводзіць даследаванні, людзі будуць казаць, што яны за захаванне. Але на практыцы смяротнае пакаранне не ўжываецца», — падкрэсліў Джабар.

Праваабаронца Раман Кісляк звярнуў увагу на тое, што з 2009 года ў камітэт правоў чалавека ААН паступалі звароты ад асуджаных на смяротнае пакаранне і іх сваякоў. Камітэт разгледзеў 6 спраў і ўстанавіў парушэнні. Але людзі не дачакаліся пастаноў — іх расстралялі. З пытаннем, як ён ставіцца да гэтай сітуацыі, Кісляк звярнуўся да «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў» Андрэя Наумовіча.

ПРАВААБАРОНЦА РАМАН КІСЛЯК

«Мая пазіцыя — не ўмешвацца ў судовую дзейнасць. Калі суд абласной інстанцыі, вярхоўны суд вынес вырак у фармаце смяротнага прысуду, то мы павінны разглядаць пытанне ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў», — адказаў «дэпутат палаты прадстаўнікоў», старшыня пастаяннай камісіі ў правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі.

ЗЛЕВА НАПРАВА: ПРАДСТАЎНІК АБШЧЫНЫ СВЯТОГА ЭГІДЗІЯ (ІТАЛІЯ) АЛЯСАНДРА САЛАКОНЭ, ДЭПУТАТ АНДРЭЙ НАВУМОВІЧ

Са слоў Кісляка, ёсць праблема, якую можна развязаць да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. У Беларусі целы расстраляных не выдаюць сваякам, месца пахавання не раскрываюць. «Я не магу знайсці тлумачэнне, прычым тут сваякі, чаму ім нельга аддаць цела», — адзначыў Кісляк.

«Давайце будзем развіваць думку далей. Вашы прапановы? Сёння смяротны прысуд прывялі ў выкананне, што далей робім?» — спытаў Навумовіч.

«Перадаваць цела сваякам у закрытай труне», — адказаў Кісляк. «Што далей робім? Давайце выбудоўваць ланцужок. Дзе хаваем?» — прадоўжыў Навумовіч. На рэпліку з залы, што «дэпутат» сыходзіць ад адказу, той заўважыў, што «павінен ведаць прапанову грамадзян». «Я з вамі згодны. Калі мы падыходзім да пытання ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў, мы адразу ж займаем гэтую тэму», — сказаў Навумовіч.

У якасці аднаго з аргументаў прыхільнікі смяротнага пакарання прыводзяць тое, што яна таннейшая, чым утрыманне чалавека, якога прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Але не абавязкова марнаваць грошы падаткааплатнікаў — чалавек можа працаваць у турме, адказала Грэў.

ЗЛЕВА НАПРАВА: ДЭПУТАТ АНДРЭЙ НАВУМОВІЧ, ПАСОЛ ІТАЛІІ Ў БЕЛАРУСІ СТЭФАНА Б'ЯНКІ, ПАСОЛ ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ Ў РБ ФІОНА ГІБ

У ЗША ў некаторых штатах ужываюць смяротнае пакаранне. Яно абыходзіцца даражэй, чым пажыццёвае зняволенне, падкрэсліў Джабар. Сістэма ЗША дазваляе шматлікія юрыдычныя дзеянні для асуджаных і для абароны і абвінавачвання, яны патрабуюць фінансавых выдаткаў.

Смяротнае пакаранне не прадугледжвае для злачынца шанцу рэабілітавацца. Але, якое б цяжкае злачынства чалавек ні ўчыніў, ён павінен мець магчымасць раскаяцца, падкрэсліла амбасадар Яе Вялікасці Каралевы Вялікай Брытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Фіона Гіб.

Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне не парушае юрыдычную сістэму краіны, якая ўжывае гэта пакаранне, адзначыў надзвычайны і паўнамоцны пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б'янкі. Не абавязкова ўносіць змены ў заканадаўства, праводзіць рэферэндум. У Берасці дэ-факта мараторый ужо 8 гадоў. Але ўвядзенне яго дэ-юрэ дасць магчымасць публічна абмяркоўваць праблему.

Праблема смяротнага пакарання палітычная, мяркуе актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда. На ягоную думку, у Беларусі парушаюць палітычныя правы, права дэмакратычных актывістаў, права на свабоду сходаў. Эканоміка перажывае не найлепшыя часы. Таму праблема смяротнага пакарання «проста козыр, які можна выкарыстоўваць, каб наладзіць дыялог з Захадам». Шарэнда заклікаў міжнародных экспэртаў «не весціся на пустыя абяцанні».

«Гэта асабістая пазіцыя чалавека, ён мае права яе выказаць», — адказаў Навумовіч.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках