17 верасня 2019, aўторак, 16:35
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Няўдаламу кіраўніку даўно трэба даць выспятка

64
Няўдаламу кіраўніку даўно трэба даць выспятка

Дэкрэт Лукашэнкі №7 - гэта дырэктыва №4.

На днях беларускі дыктатар падпісаў дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Да чаго прывядзе чарговая ініцыятыва ўладаў, сайту Charter97.org распавёў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Пасля падпісання Лукашэнкам дэкрэту №7 не ўзнікла ў вас адчуванне дэжавю?

- Вядома, мы гэта ўжо праходзілі. Тады таксама была радасць дзяржаўных СМІ, а ў незалежных эканамічных выданнях сур'ёзныя экспэрты з сур'ёзным выглядам пачыналі абмяркоўваць «перспектывы» ўсеагульнай эканамічнай «лібералізацыі» ў Беларусі. Памятаю, тады выступалі такія вядомыя людзі, як Уладзімір Карагін, Юрый Шаўцоў, Павел Данэйка і іншыя экспэрты. Яны малявалі «перспектывы» развіцця прадпрымальніцтва.

Але асабіста ў мяне гэта звязанае яшчэ з тым, што адбывалася ў пачатку 2011 года, калі я сядзеў у камеры турмы КДБ «Амерыканка» разам з буйнымі бізнэсоўцамі, якія праходзілі паводле розных крымінальных спраў.

Я памятаю, як адзін з маіх сукамернікаў рагатаў да слёз, калі прачытаў у газеце аб тым, то Лукашэнка падпісаў так званую дырэктыву №4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці». Мой сукамернік тады крычаў: «Завабліваюць! Завабліваюць!»

Вось такія ўспаміны ў мяне звязаны гэтым дэкрэтам.

- Выходзіць, што бізнэсоўцаў зноў завабліваюць?

- Раз гэты дэкрэт з'явіўся менавіта цяпер, то можна праводзіць паралелі з пачаткам 2011 года, калі дыктатар падавіў пратэсты ў краіне, пасварыўся з усім светам, замаячыла перспектыва санкцый і эканамічнай блакады і трэба было аднекуль браць грошы.

Гэтыя дэкрэты і дырэктывы падпісваюцца з разлікам на тое, што нейкія інвестары-вар'яты прыедуць у Беларусь у варунках «эканамічнай лібералізацыі», што беларускія бізнэсоўцы возьмуць крэдыты ў замежных прыватных банкаў, якія недаступныя Лукашэнку, але потым іх усіх адправяць у турму і гэтыя грошы адбяруць. Як, напрыклад, інвестар Менскага велазавода сядзіць цяпер у турме, асуджаны да доўгага тэрміну. За апошнія шэсць гадоў велізарная колькасць высокапастаўленых бізнэсоўцаў Беларусі таксама патрапіла ў «амерыканкі» ці іншыя турмы і рассталася з дзясяткамі мільёнаў даляраў.

Увогуле, якія часы - такія і дэкрэты. Можна праводзіць поўную аналогію з 2011 годам і прагназаваць, што будзе з фінансавай сістэмай краіны і эканомікай.

- Атрымліваецца, што можна чакаць нейкага росту афіцыйна зарэгістраваных прадпрымальнікаў, якія пасля патрапяць у поле зроку беларускіх спецслужбаў і ў варунках крызісу будзе адбывацца экспрапрыяцыя іх маёмасці? Гэта можна параўнаць з часамі НЭПа 1920-х гадоў?

- Не, пры ўсім адмоўным стаўленні да Леніна. НЭП у тыя гады быў рэальным праектам, які прывёў да ажыўлення эканомікі савецкай дзяржавы. Тут жа нічога гэтага не адбудзецца. Але наступствы будуць такія ж, як і для нэпманаў, якія перавандравалі ў ГУЛАГ і рассталіся са сваёй уласнасцю.

Можна прагназаваць, што і гэты новы дэкрэт - проста сігнал аб тым, што новыя сотні беларускіх і замежных прадпрымальнікаў адправяцца ў беларускія турмы.

- Дык што сёння трэба рабіць?

- Ёсць прыклад суседкі Беларусі - Польшчы, у якой рост ВУП сёлета чакаецца ў суме 4%. Валавы ўнутраны прадукт Польшчы - 500 мільярдаў даляраў. Гэта значыць, тры гады росту ВУП па 4 адсоткі - гэта выходзіць больш за 60 мільярдаў даляраў. Для параўнання, гэтая сума - увесь ВУП Беларусі за год.

Краіна, у якой у чатыры разы больш насельніцтва, аднак развіваецца такімі тэмпамі, што за 10 гадоў яна набірае яшчэ тры сённяшніх эканомікі Беларусі.

Лукашэнку трэба ўважліва пачытаць кнігу свайго былога эканамічнага дарадцы Кірыла Рудога «Фінансавая дыета», дзе ён напісаў пра тое, якія перспектывы чакаюць эканоміку краіны: гэта дэмаграфічная пастка, пастка мінімальнага развіцця, тэхналагічная пастка і самае галоўнае, пра што Руды спрабуе гаварыць, гэта гуманітарная пастка. Таму што ў выніку ўсіх дзеянняў Лукашэнкі людзі масава бягуць з краіны ў тую ж Польшчу, Расею, Канаду ці хоць на край свету - у Аўстралію, каб нармальна жыць. Але ж трэба было неяк падтрымліваць жыццё ў Драздах і забяспечваць хаця б мінімальны паёк для пенсіянераў, бо працоўнай сілы не застаецца.

Усе гэтыя вар'яцкія дэкрэты - «Аб дармаедах» або «Пра развіццё прадпрымальніцтва» - хітрыкі бяздарнага і няўдалага кіраўніка Лукашэнкі.