18 траўня 2024, Субота, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Бізнэсоўцы цураюцца таксічнага Пуціна

3
Reuters: Бізнэсоўцы цураюцца таксічнага Пуціна

Сектаральныя санкцыі паспяхова трапляюць у мэту.

Два дзясяткі чалавек у дзелавых і палітычных колах, з якімі паразмаўляла агенцтва Reuters, распавялі пра атмасферу страху і турботы сярод бізнэсоўцаў, якія баяцца трапіць у санкцыйны спіс ЗША, які распрацоўваецца цяпер у мэтах выканання акта «Аб супрацьдзеянні апанентам Амерыкі пасродкам санкцый», падпісанага ў жніўні Дональдам Трампам.

«Людзі ў напружанні. Сітуацыя падвешаная. Прызнаюць цябе блізкім да Пуціна - ідзі давядзі, што не так. Судзіцца за свае актывы супраць ЗША цяжка, - цытуе агенцтва высокапастаўленага супрацоўніка ўплывовай расейскай кампаніі. - Тактыка амерыканцаў зразумелая. Трэба ўсяляк рабіць балюча тым, хто падтрымлівае Пуціна. І юрасобам, і фізічным асобам. Каб яны нарэшце сказалі - ну колькі можна... Тым больш, перад выбарамі».

Санкцыйны закон аб пашырэнні санкцый абавязвае амерыканскую адміністрацыю падаць у канцы студзеня ў Кангрэс даклад аб найбольш важных палітычных дзеячах і бізнэсоўцах, набліжаных да кіраўніцтва Расеі. У дакладзе таксама павінен быць ацэнены іх чысты капітал, крыніцы даходу і бізнэс-сувязі за межамі Расеі. Юрысты, знаёмыя з санкцыямі, кажуць, што сам даклад не будзе мець юрыдычнага дзеяння, а ўключэнне ў яго не азначае аўтаматычнае выкарыстанне санкцый. Аднак зацверджаны Трампам закон агулам павышае рызыкі для кампаній, якія вядуць бізнэс з арганізацыямі, што трапілі пад санкцыі.

«Закон вельмі дрэнны, вельмі шырокі і вельмі друзлы, яго выкарыстанне можа мець усякія наступствы», - сказаў кіраўнік другога па велічыні расейскага дзяржбанка ВТБ Андрэй Косцін на гэтым тыдні.

Прагнучы пазбегнуць трапляння ў амерыканскі «чорны спіс», прадпрымальнікі імкнуцца зрабіць так, каб іх не асацыявалі з Уладзімірам Пуціным.

Крыніца ў асяроддзі ўплывовага бізнэсоўца, якая ўваходзіць у топ-100 спісу самых багатых расейцаў паводле версіі часопіса Forbes, распавядае, што яе бос наважыў абмежаваць сваю прысутнасць на публічных мерапрыемствах, у якіх бярэ ўдзел Пуцін, каб не прыцягваць увагу амерыканскіх чыноўнікаў, паведамляе агенцтва.

«Ён проста імкнецца меней мільгаць побач з Пуціным апошнім часам - пасяджэннях, сустрэчах, нарадах, - сказала крыніца на ўмовах ананімнасці. - Незразумела, паводле якіх крытэраў могуць быць санкцыі. Ёсць адчуванне, што патрапіць можа кожны».

Супрацоўнік, які працуе ў РФ еўрапейскага банка, паведаміў, што заходнія банкі пачалі праводзіць дадатковыя праверкі людзей, звязаных з прэзідэнтам РФ, якія патэнцыйна могуць быць мішэнямі новых санкцый.

Спачатку была паніка. Таму што калі ў спіс занясуць - гэта арышт рахункаў, нерухомасці. Потым паніка крыху сціхла, сталі думаць галавой, - кажа крыніца ва ўплывовай расейскай кампаніі. - Некаторыя буйныя бізнэсоўцы выбіраюць цяпер як найлепшую стратэгію - сядзець ціха. Некаторыя спрабуюць паправіць рэпутацыю, удзельнічаюць у значных сацыяльных праектах на Захадзе».

Першыя персанальныя санкцыі ў сувязі з анэксіяй Крыма і - пазней - уварваннем РФ на Данбас былі ўведзеныя яшчэ ў 2014 годзе, пасля чаго адпаведны спіс стала пашыраўся. Спачатку ў яго патрапілі самыя блізкія паплечнікі кіраўніка Крамля, такія як кіраўнік Раснафты Ігар Сечын, кіраўнік Растэху Сяргей Чэмезаў, бізнэсоўцы Барыс і Аркадзь Ротэнбергі, кіраўнік банка «Расея» Юрый Кавальчук. Аднак цяпер у гэтым «заганным» спісе можа апынуцца мноства не ідэнтыфікаваных на гэты момант асоб, якія не маюць наўпроставага дачынення да расейскага лідара.

«Ніхто пакуль не ведае, што будзе. Але ўсе баяцца за сябе, баяцца персанальных санкцый. Таму што - а раптам пад санкцыі патрапіць наогул увесь расейскі істэблішмент? Невядома, таму ўсе баяцца», - прызналася крыніца, блізкая да яшчэ аднаго расейскага бізнэсоўца са спісу Forbes.

Камерсант з ліку 100 найбагацейшых людзей Расеі сказаў, што не можа дамагчыся яснасці ад сваіх кантактаў у палітычных колах з нагоды пагрозы санкцый. На пытанне, як можна абараніцца, ён сказаў: «Ніяк. З'ехаць».

У той жа час ён выказаў расчараванне расейскімі ўладамі.

«Кіраўніцтва (краіны) не верыць, што санкцыі будуць паводле жорсткага сцэнару. Яны ўсе жывуць у паралельнай рэальнасці. Ніхто не хоча слухаць бізнэс», - непакоіцца ён.

На думку крыніцы, блізкай да Крамля і ўраду, такія настроі могуць узмацніцца, калі санкцыі ўдараць па яшчэ большай колькасці расейскіх алігархаў. Гэты суразмоўца ўпэўнены, што ЗША спрабуюць настроіць цяперашніх хаўруснікаў Пуціна супраць яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на сакавік 2018 года.

«Калі цяпер усе застрашванні ўвасобяць у жыццё, і ў дачыненні да іншых таксама, то гэта створыць моцнае напружанне і незадаволенасць бізнэс-эліты», - заявіла крыніца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках